Выстава “Мастацтва супраць дыктатуры” у эстонскім парламенце
11 чэрвеня ў эстонскім парламенце адкрылася выстава беларускіх мастакоў «Мастацтва супраць дыктатуры». Аўтары выставы – гэта ня толькі такія вядомыя беларускія мастакі, як Алесь Марачкін і Алесь Шатэрнік, якія сістэмна пераследуюцца беларускімі ўладамі за свае перакананні, і чые працы знаходзяцца і ў Трэццякоўцы, і ў Белым доме. Гэта і маладыя мастакі, якія таксама думаюць інакш, чым навязвае ім існуючы ў Беларусі рэжым, якія б жадалі ня толькі волі творчасці, але і волі жыцця ў сваёй краіне. У выставе прымаюць удзел працы беларускіх мастакоў Алеся Шатэрніка, Алеся Марачкіна, Юрыя Платонава, Янкі Рамановіча і Юліі Шатэрнік. Усе яны з’яўляюцца ўдзельнікамі творчай групы "Пагоня", якая вядомая сваёй прыхільнасцю ідэям дэмакратыі і нацыянальнага адраджэння Беларусі, за што яе вельмі ня любяць беларускія ўлады.Выстава задуманая для прадстаўлення альтэрнатыўнай Беларусі, краіны з глыбокімі гістарычнымі традыцыямі і еўрапейскай культурай, з творчай элітай, якая не гатовая пагаджацца з існуючым у краіне парадкам рэчаў. Той Беларусі якая заўсёды была часткай еўрапейскай культурнай прасторы.Выставу адкрыла віцэ-спікер эстонскага парламенту спадарыня Крысціна Оюланд, якая выказала ўдзячнасць і падтрымку беларускім дзеячам мастацтва за тое, што яны робяць для захавання нацыянальнай культуры Беларусі. У адкрыцці прынялі ўдзел вядомыя дзеячы культуры Алесь Шатэрнік і палітык Зянон Пазняк. На адкрыццё прыйшлі эстонскія парламентарыі, грамадзкія дзеячы і журналісты. Выстава арганізаваная эстонскай грамадзкай арганізацыяй «Valgevene uus tee» у партнерстве з супольнасцю «Трэці Шлях» і Беларускім Музеем у Нью-Ёрку пры падтрымцы эстонскага парламенту і фонду «Адкрытая Эстонія».Паводле сайта “Трэцці шлях”