Беларускі Пецярбург

Гэтага беларускага горада са 100-тысячным насельнiцтвам няма нi ў адным падручнiку геаграфii. Не здзiўляйцеся, але размова пойдзе пра сапраўдную жамчужыну Расiйскай Федэрацыi, яе паўночную сталiцу Санкт-Пецярбург.Падчас прэс-тура беларускiх i саюзных СМІ ў горад на Няве мы лiтаральна на кожным мерапрыемстве сустракалi сваiх землякоў. Беларусы былi i сярод кiраўнiцтва ААТ «Звязда», якое вырабляе рухавiкi для падлодак i плённа супрацоўнiчае з Беларускай чыгункай, i сярод кiраўнiкоў падраздзяленняў найбуйнейшага навукова-вытворчага аб’яднання Расii ААТ «Авангард», i сярод супрацоўнiкаў адмiнiстрацыi Ленiнградскай вобласцi. Нават яе губернатар — Валерый Сердзюкоў — родам з Гомельшчыны. I, што асаблiва прыемна, усе пiцерскiя беларусы з вялiкай любоўю адгукалiся аб нашай агульнай, цяпер далёкай iм Радзiме.— У гэтым няма нiчога дзiўнага, — пракаментаваў сiтуацыю член Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу, доктар фiлалагiчных навук, прафесар, загадчык аддзела рэдкiх кнiг Расiйскай нацыянальнай бiблiятэкi Мiкалай Нікалаеў. — У 5,5 мільён-ным горадзе сёння жыве 100 тысяч беларусаў.Адметна, вiтаў удзельнiкаў прэс-тура наш былы зямляк на чысцюткай беларускай мове, чым, прызнаюся, многiх паставiў у няёмкае становiшча. Як аказалася, Мiкалай Вiктаравiч па адукацыi археолаг i ў свой час працаваў на раскопках старажытнага Навагрудка.Паводле слоў Нiкалаева, лiтаральна ў кожнай галiне навукi, культуры, мастацтва ёсць вядомыя на ўвесь свет санкт-пецярбуржцы, якiя непасрэдна звязаныя з Беларуссю. У музыцы — гэта Глiнка, смаленскi беларус, у медыцыне — прафесар Прусак, вiцябчанiн (многiя чулi пра «кiшэню Прусака» ў вушах). Нават сумна вядомы тэрарыст Грынявiцкi, якi здзейснiў удалы замах на жыццё расiйскага цара Аляксандра II, быў беларусам па паходжаннi. Цiкава, што ў гэтай гiсторыi з’яўляецца яшчэ адзiн беларус. Пасля смяротнага ранення iмператар жыў недзе каля чатырох гадзiн. Каб яго выратаваць, выклiкаюць найлепшага траўматолага таго часу — генерал-маёра Багданоўскага, ураджэнца Магiлёўскай губернi, хiрурга, якi толькi што вярнуўся з руска-турэцкай вайны. З iм не маглi канкурыраваць нават царскiя лекары-немцы.Калi працягнуць гутарку пра ваенную галiну, нельга не ўзгадаць, што адзiн з мiнiстраў абароны Расiйскай iмперыi быў беларусам. Сярод 320 партрэтаў знакамiтай галерэi герояў вайны 1812 года восем належаць беларусам у чынах ад генерал-лейтэнанта да генерал-палкоўнiка. Першы начальнiк акадэмii генеральнага штаба Расiйскай iмперыi — беларус са Слуцкага павета. Увогуле, у любым ваенным вучылiшчы ў той перыяд прысутнiчаюць як курсанты-беларусы, так i выкладчыкi. Асаблiва беларусы «акупавалi» ваенна-медыцынскую акадэмiю. Першым начальнiкам яе стаў прафесар з Вiльнi, i потым адна з кафедраў — фармакалогii — аж у трох пакаленнях перадавалася ўраджэнцам Беларусi.Далей, мастацтва, Марыiнскi тэатр. Славуты выканаўца Фёдар Стравiнскi, бас, дарэчы, бацька знакамiтага кампазiтара Стравiнскага. Ды i кампазiтар Дзмiтрый Шастаковiч — беларус, санкт-пецярбуржац у другiм пакаленнi. Тры сённяшнiя прымы Марыiнкi, сярод якiх знакамiтая Iрына Гардзей, таксама беларусы.У галiне iнжынерыi таксама многа выхадцаў з Беларусi. Так, усе добра ведаюць, што самы велiчны храм Санкт-Пецярбурга — Iсакiеўскi сабор — пабудаваў Агюст Манферан. Але i тут ёсць чым ганарыцца беларусам: сiстэму ацяплення i вентыляцыi храма зрабiў iнжынер Лукашэвiч, вiцябчанiн, а мазаiкi сабора — Сцепановiч з Маладзечна, за што атрымаў званне акадэмiка архiтэктуры.Шмат знакамiтых, уплывовых святароў у Пецярбургу як сярод праваслаўных, так i сярод каталiкоў, былi выхадцамi з Беларусi. Так, перад адным з iх, Iванам Грыгаровiчам, святаром Анiчкавага палаца — сямейнага палаца царскай сям’i, на каленях стаяў сам iмператар. Вядома, падчас царкоўнай службы. Таксама Грыгаровiч вядомы як гiсторык, археограф, якi склаў «Беларускi архiў старажытных грамат», стварыў чатыры тамы «Актаў гiсторыi заходняй Русi» на беларускай мове, тым самым заклаўшы слоўнiк беларускай мовы. I такiх прыкладаў можна прыводзiць вельмi шмат.А ўзяць пiцерскае вымаўленне, якое iстотна адрознiваецца ад рускага «говорка»: усё гэта аканне, цеканне, дзеканне — вядома ж, ад беларусаў!— I вось зацiкавiўшыся такiмi фактамi, я пачаў больш глыбока вывучаць гiсторыю беларускай дыяспары ў Санкт-Пецярбургу, — расказаў Мiкалай Вiктаравiч. — Аказалася, у ХVIII стагоддзi ў паўночнай сталiцы жыло 20-25 тысяч беларусаў, а ўжо ў перыяд памiж ХIХ i ХХ стагоддзямi iх тут было 100—200 тысяч. Беларусы арганiчна ўлiвалiся ў жыццё паўночнай сталiцы, займалi пасады ў розных галiнах. I вось калi я дайшоў да перыяду Кастрычнiцкай рэвалюцыi, высветлiлася, што i яна адбылася дзякуючы беларусам… Усе мы добра памятаем гiсторыю. Iдзе Першая сусветная вайна. У Пецярбургу голад, бунты народу. Гэта потым назавуць рэвалюцыйнай сiтуацыяй. I вось на гэтай хвалi бальшавiкi перахоплiваюць iнiцыятыву i захоплiваюць уладу… Дзе ж тут беларусы, запытаецеся вы. Усё вельмi проста. Адкуль голад i адкуль бунты? Падчас Першай сусветнай вайны з тэрыторый перш за ўсё Гродзенскай i Мiнскай губерняў пайшла плынь бежанцаў. I ў Пецярбург iх патрапiла каля 800 тысяч! Плюс 200 тысяч карэнных беларусаў — мiльён! I вось гэтыя «лiшнiя» 800 тысяч чалавек, якiя на трэцюю частку павялiчылi насельнiцтва двухмiльённага горада, умоўна кажучы, з’елi назапашаныя харчы. Вось вам i голад, i яго наступствы — бунты i рэвалюцыйная сiтуацыя!Увогуле, калi ў розныя часы культурнымi сталiцамi Беларусi былi Полацк, Навагрудак, Вiльня, Варшава — Гародня, то пасля распаду Рэчы Паспалiтай такiм цэнтрам становiцца Санкт-Пецярбург. У сталiцу iмперыi з беларускiх зямель выязджаюць самыя здольныя людзi, «мазгi», а потым беларуская iнтэлiгенцыя тут стварае ўсялякiя свае «iнтэлiгенцкiя штучкi» накшталт першага беларускага выдавецтва «Загляне сонца i ў наша аконца».Дарэчы, да 300-гадовага юбiлею паўночнай сталiцы нацыянальныя дыяспары выдалi шэраг кнiг: «Французы ў Пецярбургу», «Татары ў Пецярбургу», «Немцы ў Пецярбургу» i г. д. Я таксама падрыхтаваў выданне, натуральна, аб беларусах. Кнiга складаецца з двух частак, першая з якiх распавядае аб гiстарычных фiгурах, а другая прысвечана нашым сучаснiкам. Усяго больш за 700 асобаў.Сярод тых беларусаў, што сёння жывуць у Санкт-Пецярбургу, многа людзей высокаадукаваных, паспяховых. Калi хто памятае, за савецкiм часам уступныя экзамены ў пiцерскiя i маскоўскiя ВНУ распачыналiся раней, чым у ВНУ iншых гарадоў, рэспублiк. Таму першую спробу паступлення многiя абiтурыенты рабiлi менавiта ў горадзе на Няве. Лепшыя з iх, каму ўдавалася вытрымаць iспыты, атрымлiвалi някепскую адукацыю i часта заставалiся тут працягваць вучобу цi працаваць. Такiм няхiтрым спосабам вымывалiся, у тым лiку i з Беларусi, самыя лепшыя кадры.Сярод нашых сучаснiкаў — пiцерскiх беларусаў — магу адзначыць першага вiцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Вiктара Лабко (са Снова), губернатара вобласцi Валерыя Сердзюкова. Вельмi шмат чыноўнiкаў мунiцыпальнага ўзроўню. I сёння мясцовыя беларусы не выглядаюць чужымi ў паўночнай сталiцы Расii. Тут няма нiякай супярэчнасцi: беларусы жывуць у гэтым горадзе з часоў Пятра I, i, як паказвае само жыццё, будучы беларусам тут можна быць паспяховым i багатым чалавекам. Адзiн былы мазыранiн, не буду называць яго прозвiшча, тут мае дванаццаць заводаў!Сёння ў Санкт-Пецярбургу зарэгiстравана пяць розных беларускiх арганiзацый. Мэта дзейнасцi нашага Таварыства — адраджэнне i развiццё ў Пецярбургу беларускай мовы, навукi i культуры. Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Санкт-Пецярбургу з’явiлася першым у постсавецкi час беларускiм культурным згуртаваннем — яно iснуе ўжо 19 гадоў. Узначальвае яго выдатны вучоны-энцыклапедыст, гiсторык, музеязнаўца, культуролаг, урач, доктар культуралогii, кандыдат медыцынскiх навук, прафесар Валянцiн Грыцкевiч. На пасяджэннях суполкi рэгулярна адбываюцца лекцыi i дыскусii на тэмы гiсторыi, культуры, лiтаратуры i мастацтва, вечары беларускай паэзii i кiно, канцэрты беларускай музыкi, сустрэчы з выдатнымi дзеячамi беларускай культуры як з Беларусi, так i з Польшчы, Украiны, Чэхii, ЗША, Швецыi i г. д.На развiтанне Мiкалай Нікалаеў правёў дэлегацыю беларускiх журналiстаў у самае «намоленае» месца Расiйскай нацыянальнай бiблiятэкi (былой iмператарскай публiчнай бiблiятэкi) — аддзел рэдкiх кнiг. Кошт кожнай з iх — вага ў любой валюце свету папяровымi купюрамi. Але грашыма iх сапраўдная каштоўнасць не вымяраецца. Пагадзiцеся, не кожнаму выпадае на свае вочы ўбачыць экзэмпляр Скарынаўскай Бiблii 1517 года цi дакрануцца да Бiблii Радзiвiлаўскай (Брэсцкай) 1563 года выдання (на фота)… У самой Беларусi гэта, на жаль, немагчыма.— У Санкт-Пецярбургу вельмi шмат беларускiх матэрыялаў: пачынаючы ад бiблiятэк Радзiвiлаў i Сапегаў, твораў мастацтва, i заканчваючы нейкiмi канкрэтнымi гiстарычнымi рэчамi, як дзве гарматы «Вiнаград» i «Цэрбер», вывезеныя з палацу ў Нясвiжы, — адзначае Мiкалай Вiктаравiч. — Гэта, а таксама наяўнасць вялiкай колькасцi беларусаў, якiя займаюць актыўную пазiцыю, стараюцца аднавiць свае сувязi з Радзiмай, вывучаюць сваю гiсторыю i развiваюць нацыянальную культуру i дазваляе мне называць Пецярбург беларускiм. Увогуле, беларусы, нi тут, нi на Вiцебшчыне цi Мiншчыне нiколi не стануць рускiмi, а вось забыўшыся на сваю культуру, нацыянальную прыналежнасць, перастануць цiкавiць як Расiю, так i ўвесь астатнi свет. Мы тут свае высновы зрабiлi.

Паводле газеты "Звязда"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение