Беларуская бібліятэка ў Антверпане
Бібліятэка пры беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў горадзе Антверпане існуе ўжо на працягу некалькіх год. Галоўную частку кніг складаюць творы беларускіх пісьменнікаў, ахвяраваныя прадстаўнікамі пасляваеннай беларускай эміграцыі.“Бібліятэка ўвесь час папаўняецца. І што вельмі цікава, часта нам дораць так бы мовіць “рарытэтныя выданні ”, даваенныя выданні беларускіх пісьменнікаў, альбо выданні ў эміграцыі,” – распавядае адказны за бібліятэку сябра Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання Павал Хівук. – “Вось, зусім нядаўна спадаром Арэшкам, былым сябрам рады БНР, быў зроблены падарунак, каля 100 кніг. Асабіста я вельмі абрадаваўся, адшукаўшы там вершы Максіма Багдановіча і Адама Міцкевіча, а таксама факсімільнае выданне “Дудкі беларускай” Францішка Багушэвіча, надрукаванай лацінкаю! Кнігі ў бібліятэку перадаюць ня толькі беларусы Бельгіі, ня так даўно поўную валізку прывезлі з Лондану.”Сучасная літаратура, хоць і не рэгулярна, але ўсё ж таксама патрапляе на паліцы бібліятэкі. Да канца бягучага году сябры БЭЗу маюць стварыць электронны каталог кнігаў, даступных чытачам. Каталог мае быць размешчаны на сайце арганізацыі.Нажаль, абяцанні сённяшніх палітычных дзеячаў аб папаўненні бібліятэкі кнігамі сучасных беларускіх пісьменнікаў, засталіся ў паветры.Паводле БЭЗ-Інфа