Алесь Чайчыц: Штандар наш бел-чырвона-белы

Як нацыі, што перажыла цяжкія часы прыгнёту, беларусам уласцівыя нацыянальныя сціпласць і комплекс непаўнавартасці, якія адным не дазваляюць ганарыцца рэчамі, аб’ектыўна вартымі гонару, а іншым дазваляюць ганарыцца чужымі дасягненнямі як сваімі, гэтаксама як і гіпербалізаваць свае. І ўсё ж, бяз страху быць абвінавачаным у другім, хочацца падзяліцца сваімі суб’ектыўнымі эмоцыямі, выкліканымі аб’ектыўнай, зрэшты, рэччу. Ці паспрачаецца хто з тым, што ніводная іншая нацыя ў свеце ня мае нагэтулькі ж выразнага, яскравага, энэргетычнага сцягу, як беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы?Сцягі бываюць прыгожыя, сіметрычныя, гарманічныя. Бываюць сцягі са старажытнаю гісторыяй, сцягі, за якія людзі ахвяравалі жыццём, сцягі, якія натхнялі людзей на выбітныя подзвігі, сцягі, што ўсталёўваліся першапраходцамі на далёкіх выспах і горных вяршынях. Ёсць сцягі са старажытнымі легендамі пра паходжанне, як дацкі Danneborg, што ў 1219 годзе сыйшоў з неба да дацкіх войнаў, каб яны перамаглі ў бітве. Ёсць сцягі, якія зрабіліся сімвалам і брэндам, культавым атрыбутам як брытанскі Union Jack. У свой зорна-паласаты сцяг мільёны амерыканцаў ўкладаюць столькі гонару, любові і энэргіі, што палотнішча сталася ў ЗША сапраўднай святыняй – куды больш, чым проста сімвал дзяржавы і краіны.Але, напэўна, ніводзін сцяг не нясе сам па сабе гэткай выразнай унутранай эмацыйнасці, як спрадвечны гістарычны сцяг Беларусі, які адной сваёй яскравай выявай прыцягвае вочы.Белае поле, і чырвоная паласа працінае яе наскрозь.Чырвоны гарачы агонь, што топіць белы халодны снег.Мёртвы белы лёд – і чырвоная жывая, кіпячая кроў на ім.Белы ціхі спакой - і гучны чырвоны крык, поўны болю, сілы, прагі волі.Гэтая выключная энэргетыка кантрасту, сцяг, які гучыць, сцяг, які пячэ і апальвае. Пакажыце мне другі такі ж!Клаўстрафабічная атмасфера таталітарнага Мінску ажыўляецца, як толькі гэтую душную “матрыцу” працінае бел-чырвона-белае палотнішча ў руках таго, хто асмеліўся падняцца за сваю чалавечую годнасць. Нацыянальны штандар над уваходам у сядзібу БНФ – як дзірка ў прасторы і часе, а дзвер пад ім – бы партал у іншую рэальнасць, у выспачку свабоды і надзеі пасярод апошняй еўрапейскай дыктатуры.На мяжы містыкі – такое адчуванне, быццам гэты сцяг здольны адганяць зло.Здавалася б, чаго варта было Лукашэнку пакінуць гэты сцяг у 1995 г., каб захаваць лаяльнасць нямалай колькасці людзей, не згубіўшы даверу і свайго традыцыйнага электарату? Насельніцтва Беларусі збольшага дзялілася і дзеліцца на прыхільнікаў бел-чырвона-белага сцягу, і тых, каму, зрэшты, абыякава, пад якім сцягам жыць. Але ж не: відаць, з любым сцягам гэта было б магчыма, толькі ня з гэтым. Любы сцяг сцярпеў бы пад сабою злачынствы, акрамя гэтага, і нейкім чуццём нават лукашысты ўсведамілі гэта, і як быццам знішчылі гэтую сімвалічную перашкоду.Супрацьстаянне свабоды і дыктатуры ў Беларусі – гэта супрацьстаянне і на сімвалічным узроўні. Чырвоны і зялёны – гэта негарманічныя колеры, чыё спалучэнне выклікае ў чалавека стрэс і дэпрэсію. Вялізнае крывава-чырвонае поле, што навісла над зялёнай палоскай – увасабленне нераўнапраўя аднаго адносна іншага, дамінацыі і дыктатуры. Само непрыгожае і безгустоўнае палотнічша ў якасці дзяржаўнага сімвала – гэта нібы здзек з усяе краіны, як нахабны выклік: “Якую яшчэ знявагу вы здольныя вытрымаць? Якую яшчэ гнюснасць вы здольныя сцярпець?”За гады дыктатуры для нашага пакаленьня бел-чырвона-белы сцяг зрабіўся сімвалам свабоды, сімвалам барацьбы за волю і за прагрэс. Ён выпакутоўвае сваю пачэснасць, набывае асацыяцыі, ад якіх пры кожным позірку на яго сэрца стукае хутчэй. За яго людзі церпяць збіцці, штрафы, доўгія суткі арыштаў. Адно з’яўленне гэтага сцягу на вуліцы ўжо нясе вялікае свядомае і падсвядомае пасланне само па сабе – і таму, здавалася б, нявінны “незарэгістраваны” бел-чырвона-белы сцяг зрабіўся асобнай, спецыфічнай, сімвалічнай мэтай для рэпрэсій з боку дыктатуры. А раз рэжым яго баіцца, значыць сцяг сапраўды нясе яму небяспеку – усяляе іррацыянальны страх у душонкі дзяржаўных халуёў, запраданцаў, жандармаў і шпегаў. Патыхае для іх жарам пекла і справядлівай адплатаю, якой не пазбегнуць ніводнаму злачынцу, ня гледзячы на часовыя тытулы, пагоны і рахункі ў замежных банках.Пакуль бел-чырвона-белы сцяг над нашымі галовамі і ў нашых сэрцах – значыць, “нас нядоля не здалела”. Насуперак гісторыі, насуперак злодзеям ва ўладзе і рускамоўным нігілістам-плявунам у ЖЖ.Магчыма, сапраўды Беларусь чакае асаблівы лёс, калі сімвал яе – такі асаблівы сцяг. Альбо гэта проста добры знак надзеі для ўсіх нас, каго ён яднае – і вельмі магчыма, што толькі ў нас, у некаторай колькасьці беларусаў, бел-чырвона-белы штандар выклікае ўзнёслыя пачуцці. Але ці ня гэта галоўнае для нацыянальнага сцягу – каб была нацыя, для якой ён быў бы каштоўным? Беларускі нацыянальны сцяг дазваляе аддзяліць сутнасць ад формы, ён яднае тых, хто з’яўляецца беларусам паводле стану душы і свядомасці, а не паводле прыналежнасці да адміністрыцыйнага бюракратычнага апарату, што мяшкае ў Мінску і выдае пашпарты з савецкім гербам.Сцяг наш мае сваю нацыю, хай складаецца яна не з усіх тых, хто сябе заве беларусам. Нацыю годную, нацыю, што мае будучыню; нацыю-матыля, пакуль што закутую ў кокане. І нацыя наша мае ганарыцца сімвалам нагэтулькі моцным, шляхотным і звонкім – нашым сцягам, апетым у песнях. Сцягам, які натхняе, пад якім хочацца стаяць і змагацца – штандарам бел-чырвона-белым.Алесь Чайчыц (Швецыя)Інфармацыя з сайта “Беларуская Масква”