Травеньскі справаздачна-выбарчысход нью-ёрскага аддзелу БАЗА

У Фундацыі імя Крэчэўскага ў Кўінсе 11 траўня адбыўся штогадовы справаздачна-выбарчы сход Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА. Напачатку сходу сакратар аддзелу спн. Валянціна Якімовіч нагадала прысутным пра маючае адбыцца 21-22 чэрвеня святкаваньне Купалля і заклікала прыняць у ім актыўны ўдзел. Затым была абраная выбарчая камісія ў складзе 4 чалавек, якая ўзяла на сябе далейшае вядзеньне сходу. Тады адбылася рэгістрацыя сяброў аддзелу, галасаваньне пастанавілі зрабіць тайным. Затым са справаздачамі выступілі старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка, сакратар Валянціна Якімовіч і скарбнік Сяргей Пятровіч. З інфармацыяй пра фінансы аддзелу выступіў старшыня рэвізійнай камісіі сп. Валеры Дворнік. Пасля чаго адбылося высоўванне кандыдатураў на пасаду старшыні аддзелу. У выніку на пасаду старшыні аддзелу прэтэндавалі 2 асобы: Віталь Зайка і Валеры Дворнік. Абодва кандыдаты выступілі з сваімі праграмамі, прычым сп. Дворнік збудаваў сваю праграмную прамову на абвінавачаннях дзейнага старшыні сп. В. Зайкі ў тым, што дасюль не набытае большае памешканне для аддзелу, і што пагоршыліся адносіны з цяперашнім кіраўніцтвам парафіяльнай рады сабору св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Прамова была большасцю прысутных прызнаная тэндэнцыйнай, недарэчнай і непраўдзівай. Сп. А. Шукелойць заклікаў не мяшацца ў рэлігійныя справы, бо БАЗА ёсць чыста секулярная арганізацыя. Затым адбылося тайнае галасаванне, у выніку якога за сп. Зайку былі пададзеныя 52 галасы, за сп. Дворніка — 9. Сп. Зайка быў прызнаны пераможцам у галасаванні і атрымаў мажлівасць сфармаваць новую ўправу аддзелу. У выніку абмеркавання і галасавання была зацверджаная ўправа Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА ў складзе: Валянціна Якімовіч (сакратар), Сяргей Пятровіч (скарбнік), Антон Шукелойць, Алесь Міцкевіч (ганаровы старшыня), Юля Андрусышын, Уладыка Юры (Э. Рыжы), Алла Орса-Романо, Марат Клакоцкі (заступнік старшыні), Зміцер Левіт, Валеры Двонік, Мікола Цімашэнка, Мікіта Агароднік, Андрэй Чыж, Таццяна Кулакевіч, Андрэй Мядзведзік, Ілля Куніцкі, Вольга Луцкевіч, Аляксандра Макарук. На прыканцы сходу слова ўзяў старэйшы сябар БАЗА сп. Антон Шукелойць, які коратка распавёў пра некаторыя моманты з гісторыі арганізацыі і адзначыў важнасць папаўнення яе маладымі сябрамі.Паводле газеты “Беларус” (чэрвень, 2008)