Пяць гадоў Беларускай Царкве ў Бельгіі
Адзіная ў шэнгенскай Еўропе Беларуская Царква адзначыла сваю пятую гадавіну. У 2002 годзе ў адказ на рэальную патрэбу і просьбу вернікаў была заснаваная Супольнасць у гонар Св. Мучаніка Язафата Полацкага, якая і стала падмуркам будучай парафіі. 1 чэрвеня 2003 году пры ўдзеле вялікай колькасці беларусаў замежжа была адпраўлена першая Боская Літургія. Пад скляпеннем прыгожага храму Св. Сэрца Ісуса Хрыста, які стаўся сапраўдным прытулкам для тых, хто верыць у Бога і шануе сваю Беларушчыну і Айчыну, загучала хвала Богу ў роднай беларускай мове.Пяцігоддзе парафіі, 1 чэрвеня 2008 году, прыйшлося як раз на Фэст Св. Сэрца Хрыста, таму урачыстасць згуртавала вакол сябе ня толькі беларусаў, але і фламандцаў і вернікаў англа-афрыканскай супольнасці. З нагоды агульнага свята была адпраўлена супольная Святая Імша ў лацінскім абрадзе, але пад цудоўныя літургічныя спевы візантыйскага абраду, якія выканаў грэка-каталіцкі хор “Анёльскі Сабор”. У часе Імшы веруючы люд усклаў да алтару Міласэрнага Збавіцеля багатую колькасць кветак – знак любові і ўдзячнасці за ўсе дабрадзействы. Вернікі іншых супольнасцяў выказалі свае віншаванні і пажадалі Беларускай Царкве росквіту і далейшага сведчання аб Адзінстве Царквы Хрыстовай ў размаітасці літургічных і нацыянальных традыцый.Пасля Набажэнства адбыўся супольны пачастунак, які прыгатавалі беларускія ахвярныя вернікі.Паводле БЭЗ-інфо