Айцец Надсан: Трэба ўмець узгадаваць сваіх наступнікаў

Ці гатовая новая хваля беларускіх эмігрантаў замяніць старэйшае пакаленьне? Якія адрозьненьні паміж новай і старой дыяспарамі? Ці здольная новая генэрацыя беларусаў за мяжой захаваць здабытак паваеннай хвалі эміграцыі? На гэтыя пытаньні ў нашым эфіры паспрабуе адказаць духоўны лідэр беларусаў замежжа, Апостальскі Візытатар для беларусаў за мяжой айцец Аляксандар Надсан.Айцец Надсан прыляцеў зь Лёндану у Варшаву каб узяць удзел у канфэрэнцыі «Зьмена пакаленьняў? Або беларускія адрознасьці ў мэтах, стратэгіі й каштоўнасьцях».Айцец Алесь, Вы ўжо ні адно дзесяцігодзьдзе зьяўляецеся лідэрам беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі ды і ўвогуле ў Эўропе.А. Надсан: … нават надакучыў ўжо ўсім (сьмяецца)Як у Вялікабрытаніі адбываецца зьмена пакаленьняў эміграцыі? Ці ёсьць новыя людзі?А. Надсан: Я належу да пакаленьня, якое адразу пасьля вайны засталося за мяжою. Мы былі далёка ад Беларусі, але мы заўжды хацелі заставацца беларусамі да канца. Новае пакаленьне вельмі дзіўнае. Шмат ёсьць і цікавых маладых людзей, асабліва тыя, хто прыязджае на кароткі час каб вучыцца. Многія зь іх кажуць, што яны ня хочуць заставацца за мяжой і вяртаюцца ў Беларусь. Але ёсьць і тыя ў каго нацыянальная сьвядомасьць вельмі слабая, як правіла, гэта эканамічная эміграцыя. Яны быццам шукаюць палітычнага прытулку, але ніякай палітыкай яны не займаюцца. Часам яны прыходзяць да нас і просяць дапамогі, але як толькі атрымліваюць прытулак альбо від на жыхарства, то іх больш і ня ўбачыш. Беларуская сьвядомасьць вельмі слабая й такое ж самае веданьне беларускай мовы. Я не хачу абагульняць, але ёсьць адзінкі й цікавых людзей. Яны цікавяцца й далучаюцца да беларускага жыцьця, цяпер нават і дзетак малых маем.Вы чалавек, які стваралі беларускія арганізацыі і ўстановы ў Англіі, ці ня баіцёся аддаваць у чужыя рукі ўсё тое, што было зроблена Вашым пакаленьнем? Вы самі кажаце, што ёсьць шмат ненадзейных беларусаў.А. Надсан: Баяцца ня трэба, жыцьцё ідзе сваім парадкам, ніхто з нас ня вечны. Найбольшая памылка, якую робіць часам старэйшае пакаленьне — яны спрабуюць трымаць усё ў сваіх руках да канца. Трэба ўмець узгадаваць сваіх наступнікаў.Ці Вам ужо ўдалося гэта зрабіць?А. Надсан: Дзякуй Богу ў нас ёсьць ужо новы сьвятар, крыху малодшы за мяне — на гадоў 50 (сьмяецца). Ён беларус, скончыў унівэрсытэт у Менску, сам захацеў быць сьвятаром і ўжо два гады служыць у нашай царкве. Часамі я на яго злуюся, бо старыя заўсёды разумнейшыя, маўляў, што гэта ты выдумляеш, але наогул, скажу па сакрэце , што я ім вельмі задаволены.А ці вялікая зараз беларуская грамада ў Вялікабрытаніі?А. Надсан: Калі да працы альбо ў Царкву, то не такая й вялікая. Калі нейкае сьвята, асабліва калі ладзяцца пікнікі, ды й яшчэ шклянка піва, тады прыходзіць вельмі шмат. Беларусаў у Вялікабрытаніі вельмі шмат, асабліва маладых: студэнты, легальныя й нелегальныя працаўнікі. Часам іх цэлы год нябачна, а калі нейкае сьвята, то яны ўсе прыходзяць.У Варшаве Вы сустракаліся з айцом Сяргеем Гаекам. Як зь ягоных словаў і паводле Вашых назіраньняў разьвіваецца грэка-каталіцкая царква ў Беларусі?А. Надсан: Разьвіваецца даволі павольна й зь вялікімі цяжкасьцямі. Некалі, калі я яшчэ першы раз прыязджаў у Беларусь, напрыканцы 90-ых, была надзея, што будзе хутчэй разьвівацца. Але ёсьць вялікія перашкоды, перадусім з боку ўладаў, якія кіруюцца старымі стэрэатыпамі наконт нашай царквы, якія стварыла Расейская праваслаўная царква. Яны далей існуюць і ў Беларусі гэта вельмі адчуваецца. Пераламаць гэтыя стэрэатыпы цяжка, сілаю ня зробіш, трэба каб жыцьцё рабіла. Нам не дазваляюць нават купіць будынак для сьвятыні. Ёсьць некалькі, але ўсяляк трэба выкручвацца.Апошнія некалькі дзён у Варшаве Вы сустракаліся з маладой беларускай элітай: пісьменьнікамі, навукоўцамі, гісторыкамі, палітыкамі. Якім Вы бачыце гэтае новае пакаленьне? Чым яны адрозьніваюцца ад Вашай генэрацыі?А. Надсан: Мне ўжо 82 гады, усё жыцьцё я быў беларусам. Безумоўна я бачу вялікія адрозьненьні, асабліва калі бачу моладзь. У маім часе былі зусім іншыя абставіны. Гледзячы аб’ектыўна, стараючыся зразумець, я бачу, што яны жывуць тымі самымі ідэаламі, што й мы. Можа гэта інакш праяўляецца. І ў гэтым ёсьць надзея…Размаўяляў Дзьмітры Гурневіч, Паводле “Польскага радыё для замежжа”