Ці будзе ў Жэневе «жорсткая размова» з Беларуссю?

У Жэневе праходзіць 97-я сесія Міжнароднай канферэнцыі працы. Учора ў Швейцарыю вылецела прадстаўнічая афіцыйная трохбаковая дэлегацыя і старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.Мяркуецца, што 5 чэрвеня Камітэт па нормах і стандартах МАП будзе абмяркоўваць беларускае пытанне.Дарэчы, летась афіцыйную дэлегацыю ўзначальваў віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў і намесніца кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Наталля Пяткевіч. Сёлета дэлегацыю ўзначальвае міністр працы Уладзімер Патупчык, а ў яе складзе — прадстаўнікі Мінпрацы, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і прадстаўнікі наймальнікаў. Начальнік Упраўлення знешніх сувязяў і партнёрскай палітыкі Міністэрства працы Ігар Старавойтаў удакладняе: «Гэта не гучыць, як «беларускае пытанне». Гэта гучыць, як «Прымяненне ў Рэспубліцы Беларусь Канвенцыі МАП №87». 5 чэрвеня Беларусь разам з яшчэ 20 — 25 краінамі будзе даваць справаздачу аб мерах, звязаных з прымяненнем Канвенцыі 87 у Рэспубліцы Беларусь».Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук лічыць, што ў Жэневе на сур’ёзным узроўні будуць абмяркоўваць сітуацыю ў Беларусі. Сёмы год запар разглядаецца беларуская пытанне, пяць разоў краіну ўносілі ў «спэцпараграф», адзін раз стваралі камісію па расследаванні. Летась Еўрасаюз пазбавіў Беларусь гандлёвых прэферэнцыяй, але, на думку Аляксандра Ярашука: «Становішча прынцыпова не памянялася, і яно ня можа памяняцца. Канечне, усялякія крокі па выкананні рэкамендацыяў Міжнароднай арганізацыі працы (дарэчы, іх таксама 12) ёсць ні што іншае, як рэфармаванне палітычнай сістэмы ў бок дэмакратыі. Сённяшні рэжым яшчэ не даспеў да такога стану, ён не самазабойца, тым больш і не вялікі рэфарматар. Канечне, і сітуацыя з правамі прафсаюзаў у краіне ня можа прынцыпова мяняцца ў лепшы бок».На думку старшыні БКДП Аляксандра Ярашука, размова ў Жэневе будзе жорсткай, ён не выключае, што Беларусь і ў шосты раз запар трапіць у так званы «спэцпараграф». Да таго ж, улады так і не прынялі Закон аб прафсаюзах, які ў адпаведнасці з Указам прэзідэнта павінен быць прыняты яшчэ вясной мінулага году. А Міжнародная арганізацыя працы вызначаецца сваёй прынцыповай пазіцыяй, кажа Аляксандр Ярашук: «МАП рашуча настойвае на выкананні сваіх рэкамендацыяў і не адступае. Больш за тое, ён гатовы нават пайсці на радыкальныя крокі — прымяненне параграфа 33 Статуту МАП. Гэта азначае заклік да краінаў міжнароднай супольнасці прыпыніць усялякія стасункі з урадам Беларусі. І па-ругое, вельмі непрыемныя перспектывы, якія напрасткі звязаныя з гандлёвымі прэферэнцыямі».Паводле “Нашай Нівы”