Споўнілася 90 год найстарэйшаму беларускаму святару ў замежжы
28 траўня споўнілася 90 гадоў найстарэйшаму беларускаму святару ў замежжы айцу Кастусю Маскаліку. Пакручастыя лёсы ваеннага пакалення кідалі айца Кастуся па шырокім свеце, але ня здолелі пахіснуць ягонай глыбіннай беларускасці.Дзяцінства і юнацтва было закалыханае ў няспешным заходнебеларускім мястэчку Гародзея (сёння ў Нясвіжскі раён), так няўдала пераназваным Саветамі на Гарадзею, і гэтая тутэйшая няспешнасць сталася адной з самых пазнавальных рысаў айца Кастуся. Ён так і не навучыўся адпавядаць шалёным вібрацыям сучаснага свету, назаўсёды застаўшыся там, у сваім усё больш і больш далёкім дзяцінстве.Калі вайна захлынула Гародзей, Кастусь быў прызваны ў Чырвоную Армію, з якой апынуўся на ўсходзе СССР, а потым запісаўся ў войска генерала Андэрса, бо Чырвонае войска аніяк не адпавядала ягоным уяўленням пра свой зямны шлях.Прайшоў з войскам увесь Блізкі Усход, на ўсё жыццё запомніўшы даты і дэталі таго падарожжа, якое ён, пабожны хлопец, патрапіў ператварыць у пілігрымку на Святую Зямлю.Потым, ужо старым і нямоглым святаром Беларускай Каталіцкай Місіі ў Лондане, айцец Кастусь за якім-небудзь сняданкам мог раптам сказаць: «Сёння 50 гадоў, як я перайшоў Іардан», або, скажам, як я ўвайшоў у Ерусалім. І ганарыўся, што за ўсё вайну не зрабіў аніводнага стрэлу! (ён, здаецца, служыў пры кухні, і таму яму гэта ўдалося). А таксама захаваў адзін новенькі камплект вайсковае бялізны.Па вайне ў рымскім езуіцкім калегіўме Rusicum атрымаў адукацыю ды быў высвечаны на святара. Працаваў у розныя гады ў розных краінах — то чытаў па-беларуску навіны на ватыканскім радыё, то ўзначальваў беларускую каталіцкую місію ў Парыжы (пакуль беларускі святар-падзвіжнік Леў Гарошка праходзіў марыянскі навіцыят у Лондане).Але найбольш часу, бадай, пражыў у Лондане. І заўсёды-заўсёды ў думках жыў дома, у ідэальным Гарадзеі свайго жыцця, сталіцы свае душы. У любы момант ён мог пачаць аповед пра тамтэйшых людзей, часам згадваючы, хто ў што быў апрануты пры нейкай нагодзе. Да драбніцаў апісваў, як на якое свята ўпрыгожвалі царкву, што рабілі, што гатавалі ды спявалі па святах у хаце, як хавалі старых, а як маладых, а як тапельцаў — і гэтым расповедам не было канца.І ўсё гэта — на пекнай, цёплай і жывой беларускай мове, на якую аніяк не наклаліся іншыя жыццёвыя лінгвістычныя досведы. І бульба нязменна звалася «картопляй», і прозвішчы былі «прозвіскамі», і сакавітыя выразы ня трацілі свайго водару.Вось ужо колькі год айцец Кастусь жыве ў доме для старых і так глыбока пагрузіўся ў свае ўспаміны, што ўсё цяжэй пазнае твары ды імёны тых, каго ўведаў у апошнія пару дзесяцігоддзяў. Але спытайцеся пра даваенную Беларусь — і жывая рака ўспамінаў закрынічыць ізноў. Ён навечна застаўся часцінкаю Беларусі, беларускай памяці, якой так бракуе нам цяпер.Барані цябе Бог, айцец Кастусь.Паводле “Нашай Нівы”