Беларускія рарытэты на аўкцыёне ў Варшаве

Можа, знойдзецца хтосьці, хто купіць маестатычную гравюру 1568 году з выявай Горадні «Vera designatio urbis in Littavia Grodnae», у беларускія рукі?Стары Замак, мост праз Нёман і ўсе цэрквы — манументальная панарама Горадні паўстае на гэтым медзярыце 1568 году. Гравюра Цюндта памерам 36 на 102 сантыметры паказвае горад у часе прыгатаванняў да Люблінскай уніі. На першым плане маршалак Валовіч вітае пасольства цара Івана Жахлівага. У далечыні адкрываецца панарама места. Яе змаляваў у ліпені 1568 году відавочца, Яна Адэльгаўзэр. А Матыяс Цюндт (1498-1572), знакаміты нюрнбергскі медзярытнік, перанёс у форму гравюры. Гэта сапраўдны рарытэт: вядомыя ўсяго некалькі захаваных арыгіналаў гэтай працы. Ніводзін з іх не знаходзіцца ў Беларусі.Адна з іх, з прыватнай калекцыі, выстаўленая на антыкварны аўкцыён у Варшаве. Ён адбудзецца 7 чэрвеня.Пачатковая цана «Vera designatio urbis in Littavia Grodnae» — так гучыць поўная назва гравюры — складае 40 тысячаў злотых (18,5 тыс. даляраў).У Літве і ва Украіне ўжо з’явіліся багатыя людзі, што мэтаскіравана збіраюць старажытнасці. У Кіеве адну з найбагацейшых калекцый назапасіў мільярдэр Пінчук. Цэны старых мапаў, дакументаў, артэфактаў сягаюць даволі высокіх лічбаў. Балазе, гэтыя здабыткі звозяцца ва Ўкраіну.У Беларусі, спляжанай і разрабаванай саветамі і нацыстамі, старажытнасцяў захавалася няшмат. У той жа час у антыкварных крамах Варшавы і, асабліва, Кракава часам можна знайсці першавыданне Дуніна-Марцінкевіча за сімвалічную цану або гравюру Орды за вельмі прымальныя грошы — парадку сотні даляраў. Бедныя калекцыі беларускіх музеяў маглі б папаўняцца. Маглі б... Але дзяржаўныя ведамствы, з пасольствамі ўключна, не выяўляюць ніякай ўвагі да беларускай старажытнасці.Цікава, што паводле правілаў аўкцыёнаў у Польшчы, буйныя дзяржаўныя музеі і Нацыянальная бібліятэка маюць прывілеяванае права выкупу лота за пачатковы кошт. Толькі калі яны не выказваюць ахвоты, прадметы выстаўляюцца на торг.Польскі калекцыянер К., які збірае беларускія старажытнасці, ня мае сродкаў, каб выкупіць гравюру Горадні. Увогуле ён цешыцца з таго, што ў Беларусі дагэтуль няма тых нуварышаў, якія з часам нагоняць цэны на старажытнасці ВКЛ. Аднак у гэтым выпадку нават ён шкадуе: хоць бы знайшоўся нехта, каб найдаўнейшая выява Горадні трапіла ў беларускія рукі.Сярод іншых лотаў аўкцыёну 7 чэрвеня асаблівай увагі заслугоўвае так званая «Радзівілаўская» мапа ВКЛ 1632 году (пачатковая цана — 6000 злотых) і аўтографы каралёў Рэчы Паспалітай.Аўкцыён адбудзецца а 10.30 у Вугорскім інстытуце культуры па адрасе вул. Маршалкоўская 80. Аглядаць прадметы можна ад 8.00. Аб правілах аўкцыёнаў можна прачытаць на сайце www.lamus.pl. Гандляваць прадметы можна таксама шляхам замоваў праз факс ці электронную пошту з пазначэннем гранічнай цаны. Паводле “Нашай Нівы”