У штаб-кватэры ЮНЕСКА прызналі дасье на архітэктурныя помнікі Полацка

Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік атрымаў ліст са штаб-кватэры ЮНЕСКА, у якім пацверджана, што дасье “Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны Ефрасінні Полацкай” на архітэктурныя помнікі найстаражытнейшага горада Беларусі паспяхова прайшло тэхнічную экспертызу і гатовае дзеля падавання на ўнясенне ў Спіс культурнай і прыроднай спадчыны.Шанец трапіць у пачэсны шэраг найбольш вядомых аб’ектаў свету атрымалі Спаса-Прэабражэнская царква Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Сафійскі сабор і тэрыторыі, з якімі звязанае імя вялікай асветніцы.Калі полацкія святыні ўвойдуць у Спіс ЮНЕСКА, які зараз налічвае больш за 800 славутасцяў, гэта дазволіць значна павялічыць наведвальнасць старажытнай крывіцкай сталіцы замежнымі турыстамі.На сённяшні дзень з беларускіх аб’ектаў у Спісе ЮНЕСКА знаходзяцца Нясвіжскі замак Радзівілаў, Мірскі замак, знакаміты запаведнік Белавежская пушча (сумесна з Польшчай) і адна з кропак нематэрыяльнага аб’екта Дуга Струвэ.Паводле “Радыё Рацыя”