За тыдзень дакументы на “Карту паляка” ў Мінску падалі 30 чалавек
Патэнцыйна на Карту ў Беларусі могуць прэтэндаваць 250 тысяч грамадзян.Амбасада Польшчы ў Мінску пачала прыём дакументаў на “Карту паляка” 31 сакавіка. За мінулы тыдзень ужо больш за 30 чалавек падалі дакументы, а 150 – звярнуліся па кансультацыю.Учора намеснік дырэктара Консульскага дэпартаменту Міністэрства замежных спраў Польшчы Войцэх Тычынскі паведаміў, што ў Беларусі агулам каля 250 тысяч грамадзян патэнцыйна могуць прэтэндаваць на атрыманне “Карты паляка”.Па гэтым паказальніку Беларусь займае другое месца сярод краінаў Усходняй Еўропы. На першым – Літва, дзе ажно 400 тысяч грамадзян могуць атрымаць “Карту паляка”. На трэцім месцы Украіна – там прэтэндэнтаў можа быць 140 тысяч.Паводле словаў спадара Тычынскага, агулам Польшча плануе выдаць больш за 1 мільён картаў, у тым ліку ад 100 да 200 тысяч у гэтым годзе.Таксама спадар Тычынскі нагадаў, што Карта не замяняе візу, а толькі дае права на яе бясплатнае атрыманне. Большасць з людзей, што звярталіся па кансультацыі ў Мінску, ведалі пра гэта цьмяна. Таму адна з задачаў амбасады – пашыраць інфармаванне грамадства пра акалічнасці дзеяння “Карты паляка”.Па інфармацыі польскага МЗС, у 2008 годзе на выдачу “Картаў паляка” Польшча выдаткавала 13,3 мільёны злотых, а гэта больш за 6 мільёнаў даляраў.Паводле “Польскага радыё для замежжа”