Барыс Кіт адзначыў свой 98-мы дзень нараджэння

6 красавіка беларускі асветнік і ўсясветна вядомы навуковец Барыс Кіт атрымлівае з усяго свету віншаванні з 98-ым днём нараджэння.У 1930 – 40-х гадах Барыс Кіт працаваў для беларускай адукацыі на роднай Навагрудчыне і Віленшчыне, ў Віленскай беларускай гімназіі быў выкладчыкам і дырэктарам. Ён дапамагаў атрымаць асвету многім вясковым беларусам, ратаваў моладзь ад вывазу на прымусовыя працы ў час гітлераўскай акупацыі, калі ачольваў семінарыю і школу ў Паставах і Маладзечна.Ад 1948 году Барыс Кіт жыў ў ЗША, ад 1950 году браў удзел у падрыхтоўцы першых амерыканскіх касмічных і ракетных сістэмаў. Барыс Кіт першым разлічыў прынцыпы выкарыстання вадароду як паліва для касмічных ракет, ён – аўтар першага ў гісторыі навукі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве.Прафесар, доктар філосаф у галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі і многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб'яднанняў, -- апошнія 35 гадоў Барыс Кіт жыве ў Франкфурце-на-Майне ў Нямеччыне. На свае юбілеі ён атрымлівае віншаванні ад прэзідэнта ЗША.ЗдароўеРазмова з Барысам Кітом ў яго 98-мы дзень нараджэння пачалася, натуральна, з пытання пра здароўе. Барыс Уладзімеравіч Кіт адказаў: “Ня ёсць маё здароўе цяпер вельмі добрае, але яшчэ нічога, хаджу. Але ўжо цяжка – такі ўзрост, ведаеце, вялікі ўжо, што нічога добрага спадзявацца ўжо, пэўна, ня можна”.Як вы адзначаеце свой 98-мы дзень нараджэння?“Спачатку я буду ўдзень у хаце, мне тэлефануюць звычайна, з усяго свету... Можа, ў гэтым годзе ня так шмат будзе, – кажа Барыс Уладзімеравіч. – А пазней увечары пайду да сваёй спадарожніцы, – Тамара зробіць такое маленькае святкаванне разам з яе сям'ёй, і там я правяду свой час увечары. Уся мая сям'я – дарослыя сыны, – усе ў Амерыцы, я тут адзін у Еўропе. Старэйшы сын, Уладзімер, працуе на высокай пасадзе ў НАСА (адзін з намеснікаў міністра ў НАСА ў Вашынгтоне), я вельмі ганаруся ім, а малодшы, Віктар – высокакваліфікаваны хірург у Балціморы, таксама вельмі паспяховы. Дзякаваць Богу, хаця мне давялося перажыць вельмі цяжкія моманты ў жыцці, а ўсё ж такі я вельмі шчаслівы, што дрэннае ўсё прайшло, і вось маю добрых дзяцей і добрыя дасягненні ў жыцці”.У чым сакрэт поспеху, актыўнага доўгага плённага жыцця, выхавання добрых дзяцей?“Цяжка сказаць, які сакрэт, але шмат усяго, пэўна, уплывае, – разважае Барыс Кіт. – І прыродныя чыннікі... І, можа, цяжкае жыццё – яно загортвае людзей заўсёды. І я быў вельмі шчаслівы, што працаваў у інтэлектуальнай галіне, – праца інтэлектуальная і цікавая ўплывае на здароўе чалавека. І наагул, магу сказаць, што маё чыстае ёсць сумленне – я нічога дрэннага ніколі нікому не зрабіў у сваім жыцці, а наадварот, спрычыніўся да ратавання жыцця многіх людзей у Беларусі, асабліва ў цяжкія часы нямецкай акупацыі. Мне пашчасціла выйсці з самых цяжкіх умоваў – пры нямецкай акупацыі я сядзеў у Глыбоцкай турме, за падазрэнне ў сувязях з партызанамі. Амаль усіх такіх вязняў расстрэльвалі, а мяне выратаваў ад смерці мой былы вучань Кастусь Касяк, які быў дапаможнікам камісара нямецкага ў Вілейцы, – ён, як даведаўся, то зрабіў усё, каб мяне выпусцілі. Вось так і мяне ад смерці выратаваў мой вучань былы з Віленскай беларускай гімназіі. А Вільня – гэта прыгожая частка майго жыцця, калі я працаваў там у беларускай гімназіі – дзесяць гадоў выкладчыкам і каля году дырэктарам, – бо мы рабілі цудоўную справу: адраджалі Беларусь. Наш вялікі пісьменнік Васіль Быкаў сказаў, што Віленская беларуская гімназія – калыска беларускага адраджэння. І вось я ганаруся, што быў там выкладчыкам і дырэктарам, у гэтай калысцы беларускага адраджэння”.“Трэба змагацца за лепшае”Барыс Кіт сочыць за падзеямі ў Беларусі, ведае ўсе апошнія навіны на радзіме, і з пашанай гаворыць пра беларусаў, якія змагаюцца за лепшую будучыню для сваёй краіны: “Шмат непрыемных рэчаў робіцца ў Беларусі – пішуць газеты пра гэта ўвесь час. Я чытаю тут еўрапейскія газеты, таксама польскую “Газету выборчу”, там вельмі добра ўсё апісваюць. Паводле таго, што пішуць, так справы вельмі сумныя ў Беларусі. Трэба заўсёды змагацца за лепшае, і добра, што беларусы, асабліва моладзь, змагаюцца, бо гэта паказвае, што беларусы – жывы народ, які адстойвае сваю добрую волю”.Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 году ў Санкт-Пецярбурзе. Пасля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька перавёз сям'ю ў родную вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Калі Барысу Кіту было 10 гадоў, памерла яго маці. Вучыўся у Наваградскай гімназіі, закончыў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў выкладчыкам і дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, Наваградскай гімназіі, іншых школ на Віленшчыне. За беларускую дзейнасць праследаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны, сядзеў у турме гестапа. У 1948 годзе эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, ад 1950 году удзельнічаў у амерыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў ў космас, даследаваў касмічныя праграмы СССР. Прафесар, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб'яднанняў. Мае двух сыноў. Апошні час жыве ў Нямеччыне.Паводле “Беларускай нацыянальнай памяці”