Візіт беларускай моладзі ў Кангрэс ЗША

25 сакавіка ў дзень 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі сябры Згуртавання Беларускай Моладзі ў Амерыцы наведалі амерыканскі Кангрэс. Адбыліся сустрэчы, падчас якіх беларусы інфармавалі кангрэсменаў (непасрэдна і праз іх прадстаўнікоў) аб сітуацыі з правамі чалавека на Беларусі, закраналіся пытанні небяспекі беларускаму суверэнітэту з боку Расеі. Сустрэчы такога кшталту даюць магчымасць беларускай моладзі Амерыкі дапамагаць беларусам на Бацькаўшчыне, прыцягваючы ўвагу ўладаў ЗША да парушэння правоў беларусаў на Беларусі. Прадстаўнікі амерыканскіх уладаў выказалі вялікае зацікаўленне інфармацыяй прадстаўленай беларускай дыяспарай, паказалі выдатнае веданне беларускіх праблемаў, як станоўчы фактар быў адзначаны ўдзел беларускай моладзі ў Амерыцы ў вяртанні Беларусі на шлях дэмакратычнага развіцця. Таксама сябры ЗБМА інфармавалі кангрэсменаў пра парушэнні правоў хрысціян на Беларусі. У візіце ўдзельнічалі сябры ЗБМА з Нью-Ёрку, Лонг-Айленду і Нью-Джэрсі: Мікалай Цімашэнка, Мікіта Агароднік, Марына Пацічук, Алякандра Макарук, Таццяна Ладоня, Андрэй Мядзведзік.Пасля афіцыйных візітаў адбылося ўскладанне кветак да помніку ахвярам камунізму. Сустрэчы з амерыканскімі кангрэсменамі і сенатарамі былі арганізаваны Галоўнай Управай Беларуска-Амерыканскага Задзіночання і сябрамі БАЗА у Вашынгтоне.Паводле Згуртавання беларускай моладзі ў Амерыцы