У Швецыі абвешчана “Кампанія 193.1”

Галоўнымі мэтамі міжнароднай акцыі «Кампанія 193.1 – за свабоду асацыяцый у Беларусі», абвешчанай шведскай дэмакратычнай арганізацыяй “Шведская ініцыятыва па правах чалавека” і праваабаронцам Алесем Бяляцкім, з’яўляецца актывізацыя ўвагі шведскіх палітыкаў і грамадскасці да недапушчальных абмежаванняў свабоды асацыяцый у Беларусі, а таксама маральная і матэрыяльная падтрымка беларускіх арганізацый, якія пацярпелі ў выніку сваёй дзейнасці ад дзяржавы. Платформа «Кампаніі 193.1» ўключае наступныя пункты: «Кампанія 193.1» выказвае сваю падтрымку арганізацыям, якія пацярпелі ад ганенняў беларускага рэжыму, асабліва ліквідаваным арганізацыям, якія вымушаныя зараз працаваць нелегальна. «Кампанія 193.1» заклікае беларускія ўлады гарантаваць свабоду асацыяцый у Беларусі згодна Дэкларацыі правоў чалавека ААН і неадкладна адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь (незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, або ўдзелу ў іх дзейнасці). «Кампанія 193.1» заклікае ўрады дэмакратычных краін звярнуць увагу на недапушчальныя абмежаванні свабоды асацыяцыі у Беларусі і патрабаваць адмены артыкула 193.1. «Кампанія 193.1» збірае сродкі для праектаў у падтрымку свабоды асацыяцыі ў Беларусі. Усе сабраныя сродкі цалкам будуць накіраваныя ў першую чаргу на праекты падтрымкі дзейнасці ліквідаваных арганізацый, якія працуюць на дэмакратыю і правы чалавека. У межах Кампаніі ў шведскай газеце “УНТ” з’явіўся артыкул Марціна Углы і Алеся Бяляцкага “Патрабуйце свабоду асацыяцый у Беларусі” (http://www2.unt.se/avd/1,1786,MC=2-AV_ID=735269,00.html), інфармацыя была агучана шведскім радыё. “Шведская ініцыятыва па правах чалавека” стварыла таксама відэаролік пра пераслед актывістаў незарэгістраваных арганізацыяў (Глядзець тут: http://www.youtube.com/watch?v=F0v9Dgj2YMA&eurl), а фотаздымкі пацярпелых па артыкуле 193.1 змешчаны на сайце арганізацыі http://www.ostgruppen.se/193.html Паводле сайта “Маладога Фронта”