Беларусы на Міжнародным Фэсце ў Будапешце
15 сакавіка 2008 г. у Цэнтральна-Еўрапейскім універсітэце (CEU), адбыўся Міжнародны Фэст, на якім студэнты былі вольныя прэзентаваць свае краіны. У выніку прэзентацыі рабілі каманды Беларусі, Украіны, Малдовы, Расеі, Сербіі, Македоніі, Албаніі, Азербайджану ды Казахстану.Адразу трэба адзначыць, што беларускае выступленне было адным з найлепшых, што прызналі ўдзячныя гледачы:) У якасці праграмы выступлення былі абраныя песні “Купалінка” (спяваная акапэлай) і “Простыя Словы” (пад гітару) у суправаджэнні ангельскіх субтытраў вершаванага перакладу. Акрамя песняў гледачам была прапанаваная відэа-прэзентацыя Беларусі, спецыяльна зробленая намі на выступленне пад музыку “Старога Ольсы” (“Там за халмом”).Пасля прэзентацый усіх краінаў мерапрыемства, як водзіцца, скончылася агульным сталом з нацыянальнымі стравамі. Беларусы і тут годна паказалі сваю краіну. На суд далікатнаму густу студэнтаў, што каштавалі стравы нашае кухні ў віртуозным прыгатаванні нашых дзяўчат, былі прадстаўленыя зразы, калдуны графа Тышкевіча (з шынкай ды грыбамі), мачанка, пірог з капустай. Усё гэта на радасць дэгустатарам было запітае алкагольным збіценем, які зрабіў агульную карціну беларускай кухні завершанай. Беларуская каманда атрымала за ўдзел у мерапрыемстве кубак-прыз. Паводле Беларускага згуртавання беларусаў Вугоршчыны імя Стэфана Баторыя