У Канадзе адбылася прэм'ера фільму "Урок беларускай мовы"
У рамках "Міжнароднага фестываля фільмаў правоў асобы" (Le festival de films sur les Droits de la Personne) у горадзе Манрэаль (правінцыя Квебек, Канада) адбыўся прэм'ерны паказ дакументальнага фільма польскага рэжысёра Міраслава Дэмбінскага "Урок беларускай мовы". Фільм дэманстраваўся ў секцыі кінафестываля "Свабода выказвання" разам з фільмам пра прэзідэнта Ірана Махмуда Ахмадзінежада. Жыхары Манрэалю добра разумеюць беларускія праблемы. Франкамоўнае насельніцтва краіны ўжо некалькі стагоддзяў змагаюцца за нацыянальную аўтаномію ў межах краіны, а таксама за свае мову і культуру. Гледачы задавалі пытанні, пыталіся, чым дапамагчы беларусам. Дакументальная стужка "Урок беларускай мовы" расказвае пра падзеі выбарчай кампаніі 2006 года, калі тысячы маладых людзей выйшлі на несанкцыянаваную акцыю пратэсту ў цэнтр Мінска супраць вынікаў галасавання, калі перамогу атрымаў Аляксандр Лукашэнка. У фільме таксама расказваецца пра Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, які ад 2003 года працуе падпольна. Дакументальны фільм "Урок беларускай мовы" атрымаў 19 узнагародаў на разнастайных міжнародных конкурсах і фестывалях. Паводле “Нашай Нівы”