Вільня як месца памяці многіх нацый

21 – 22 мая у Вільні адбыўся міжнародны навуковы семінар “Вільня як месца памяці многіх нацый”. Семінар быў арганізаваны як сумесны праект Інстытута гістарычных даследаванняў Беларусі пры ЭГУ (А.Смалянчук) і Інстытута гісторыі Літвы (А.Нікжэнтайціс).Удзельнікі семінара аналізавалі працэс “нацыянальнай прыватызацыі” Вільні народамі рэгіёну ў 20 ст. Навукоўцы дыскутавалі па праблемах, якія на працягу ўсяго мінулага стагоддзя стваралі “кропкі напружання” ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. У цэнтры абмеркавання аказаліся нацыянальныя сімвалы горада і “знакі культуры” літоўцаў, беларусаў, палякаў, расейцаў, габрэяў ды інш., праз якія і адбывалася “прысваенне” Вільні народамі рэгіёну. Пры гэтым закраналіся розныя аспекты найноўшага асэнсавання праблематыкі памяці (Яан і Алеіда Асман, Морыс Хальбвакс, П’ер Нара), абмяркоўваліся канцэпцыі шматкультурнасці ў дачыненні да горада, ўздымалася пытанне культурнага і канфесійнага памежжа.“Беларускі бок” на семінары прадстаўлялі Алесь Смалянчук ("Беларускія нацыянальныя сімвалы Вільні"), Захар Шыбека і Сяргей Харэўскі ("Вільня ў гісторыі беларускай культуры").Літоўская гістарыяграфія была прадстаўлена віленскімі даследчыкамі Альвідасам Нікжэнтайцісам ("Нацыянальны сімвал горада"), Дангірасам Мачулісам і Рымантасам Мікнысам ("Літоўскія нацыянальныя сімвалы"), Юргітай Вербіцкене ("Габрэйская Вільня") і Альфрэдасам Бумбляўскасам ("Як падзяліць Вільню").Польскія нацыянальныя сімвалы Вільні і “знакі польскай культуры” горада былі прааналізаваны ў рэфератах Малгажаты Каснер (Варшава) і Дануты Бернатовіч (Вільня).Актыўны ўдзел у працы семінара прынялі гісторыкі з Нямеччыны -- Петэр Гаслінгер з Марбургу ("Паняцце шматкультурнасці горада") і Алена Тэмпер з Ляйпцыгу ("Вільня ў працах нямецкіх гуманітарыяў 1991-2008 гг."), а таксама Давід Фішман з Нью-Ёрку ("Габрэйскія нацыянальныя сімвалы Вільні") і Міхаіл Далбілаў з Пецярбургу ("Вільня ў імперскай і расейскай самасвядомасці канца XIX–пачатку XX ст.").У заключнай дыскусіі яе ўдзельнікі падкрэслілі важнасць узнятае праблемы і выказалі жаданне працягваць распачатыя даследаванні. Відавочна, што яны будуць мець міждысцыплінарны характар і выйдуць за межы ўласна гістарычнага даследавання.Паводле “Нашай Нівы”