4-гадзінны канцэрт беларускіх артыстаў у рыжскім Доме кангрэсаў у рамках замежнай грамадска-культурнай акцыі “Мы – з Беларусі” прайшоў пры поўным аншлагу.
Рыга стала першым горадам у Прыбалтыцы, які прымаў удзельнікаў гэтай безпрэцэндэнтнай акцыі. У сталіцу Латвіі прыехалі вядучыя творчыя калектывы і выканаўцы суседняй краіны. У іх ліку – дзяржаўны ансамбль “Песняры”, народныя артысты Беларусі Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, пераможца міжнароднага конкурсу “Славянскі базар” Пётр Ялхімаў і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева. Удзельнікамі акцыі сталі таксама маленькія беларускія зорачкі – пераможца дзіцячага Еўрабачання Ксенія Сітнік і срэбраны прызёр гэтага конкурсу Андрэй Кунец. А фінальным акордам канцэртнай праграмы было выступленне заслужанага калектыву Беларусі ансамбля “Сябры”. Адчынілі гэтае светлае свята песні Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Латвіі Аляксандр Міхайлавіч Герасіменка і намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктара Паўлавіч Грыдзюшка.
“Беларускія артысты не ўпершыню на латвійскай сцэне і заўсёды іх прымалі тут з цеплынёй”, – сказаў В. Грыдзюшка. – “Мы – суседзі, разумеем і паважаем адзін аднаго, а культура не мае межаў”. Намеснік міністра культуры Беларусі падкрэсліў, што Беларусь адчыненая для дыялога і гатовая і надалей да пашырэння супрацоўніцтва з Латвіяй.
Адчыніў канцэртную праграму папулярны дуэт – Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. Памятаеце, іх песні, якія сталі хітамі – “Белы снег” , “Завіруха”, “Я у бабушки живу”? Яны прагучалі пад апладысменты гледачоў і ў Рызе. А як чароўна гучаў непараўнальны голас Пятра Ялхімава! Колькі святла і дабрыні ўнеслі ў залю маленькія беларускія зорачкі – Ксенія Сітнік і Андрэй Кунец! Яны выступалі разам са сваімі сябрамі – латвійскай дзіцячай шоу-групай “Мікс”.
Для Ксюшы гэты канцэрт у Рызе быў асаблівы – ён супаў з яе днём нараджэння. 13-гадовая артыстка тут жа на сцэне атрымала падарункі – мабільны тэлефон ад кампаніі “Руская служба”, эфектны торт ад арганізатараў канцэрта прадюсэрскага цэнтра “DEVRO” і мора кветак ад аматараў яе творчасці і сяброў.
І вось на сцэне легендарны ансамбль “Песняры”. Пасля таго, як з жыцця адыйшоў яго славуты заснавальнік Уладзімір Мулявін, калектыў перажыў няпростыя часы. Зараз у складзе ансамбля – новыя таленты. “Песняры” па-майстэрску выканалі свае добра вядомыя песні і зусім новыя. Адну з іх – “Ганна” на словы класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа напісаў цяперашні кіраўнік ансамбля Вячаслаў Шарапаў.
У другім аддзяленні канцэрта гаспадарамі сцэны былі “Сябры”. Калектыў прадстаўляў яго заснавальнік і бяззменны кіраўнік, народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка. Яго дачка Алеся – душа ансамбля “Сябры” паказала гледачам сваю невялікую праграму.
Чатыры гадзіны праляцелі унепрыкметку. Гледачы былі саўдзельнікамі канцэрта. Яны не толькі апладзіравалі, але і спявалі разам з любімымі артыстамі.
Ансамбль беларускай песні “Паўлінка” з Ліепаі назваў гэты канцэрт для сябе унікальнай рэпетыцыяй. І, вядома, цудоўным падарункам для суполкі “Мара” з нагоды яе 9-га дня нараджэння ад Амбасады Беларусі ў Латвіі. Акцыя “Мы – з Беларусі” праводзіцца ўпершыню. Яе мэта – пазнаёміць замежныя краіны з духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі беларускага народа, дасягненнямі сучаснага музычна-харэаграфічнага, эстраднага і тэатральнага мастацтва. Яна закліканая актывізаваць культурныя стасункі паміж краінамі-суседзямі – Расіяй, Украінай, Польшчай, краінамі Прыбалтыкі. Паводле “Латвійскага таварыства беларускай культуры “Світанак”