Сустрэча з паэтам Сяргеем Законнікавым (Вільня)
Ці вы памятаеце сваю першую чытанку? А можа, вы з тых, каму пашчасціла вучыцца на чытанцы Анатоля Клышкі “Чабарок”? Кніжка пачыналася вершам Сяргея Законнікава “Я – беларус!” Гэтым жа вершам сп. Сяргей у мінулы чацвер распачаў сваю сустрэчу з віленчукамі ў ЕГУ. Гутарка адразу пайшла пра самае галоўнае – пра мову. Сп. Сяргей сказаў: “Мова павінна быць у маёй крыві. Яна і ёсць там. Але я павінен знайсці яе ў сабе”. На пытанне, дзе мова павінна шукаць падтымку – у вёсцы ці ў горадзе – ён адказаў: ”На сёння справа падтрымкі мовы перамясцілася з вёскі ў горад. Вёска спілася. Яе трэба ратаваць. Мову ж будзе ратаваць горад і шанец ёсць”.Гутарка працягвалася на розныя тэмы: і пра сённяшнюю бездухоўнасць, і пра Чарнобыль (Законнікава папрасілі прачытаць урывак з паэмы “Чорная быль”), і пра Вільню, пра тое, што мы павінны памятаць і берагчы той “віленскі перыяд”, які быў у нашай культуры. Гаварылі і пра жанчын, пра каханне. Сяргей Законнікаў прэзентаваў сваю кнігу вершаў “Першы пацалунак” і расказаў, што з’яўленне яе сталася магчымым дзякуючы дапамозе дарагіх яму жанчын: жонка падтрымала матэрыяльна, а дачка Алена займалася афармленнем кнігі (на вокладцы – яе дзявочая каса, якую Алена адрэзала, калі выходзіла замуж). Паводле газеты “Свабода”