ЗША ўвялі санкцыі супраць чарговых беларускіх кампаній
Улады ЗША 15 траўня аб’явілі аб эканамічных санкцыях супраць трох беларускіх прадпрыемстваў “Беларускі нафтавы гандлёвы дом”, “Лакакраска” і “Шкловалакно”. “Актывы гэтых кампаній у ЗША, калі такія будуць знойдзены, будуць замарожаны” - гаворыцца ў Бюлетэні Міністэрства фінансаў ЗША. Амерыканскім юрыдычным і фізічным асобам забараняецца падтрымліваць узаемадачыненні з данымі фірмамі. Такім чынам на “чорным спісе ЗША” ужо 4 беларускія прадпрыемствы. Нагадаем, што 13 лістапада былі ўведзены санкцыі супраць канцэрну “Белнафтахім”. Санкцыі палягаюць на замарожанні ўсіх банкаўскіх рахункаў канцэрну, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША і ўсіх прадстаўніцтваў амерыканскіх банкаў у Нямеччыне, Латвіі, Украіне, Расіі і Кітая. Замарожаны таксама рахункі дачернай кампаніі “Белнафтахім Ю-Эс-Эй”. У сакавіку 2008 ЗША ўдакладнілі, што пад санкцыі падпадаюць прадпрыемствы, у якіх “Белнафтахім” мае 50% прамага альбо ўскоснага даходу.Паводле “Польскага радыё для замежжа”