Памятная дошка ў Штутгофе

У былым канцэнтрацыйным лагеры Штутгоф будзе ўсталяваная дошка ў памяць беларусаў, якія страцілі жыццё ў згаданым месцы. Пра гэта “Польскаму радыё” сказаў Генеральны консул Беларусі ў Гданьску Руслан Есін.Паводле дыпламата, з ініцыятывай усталявання мемарыяльнай дошкі выступіла консульская ўстанова. Рада Дзяржаўнага музея Штутгоф падтрымала ініцыятыву беларускага боку. У выніку сумеснай працы Генконсульства ў Гданьску і музея Штутгоф удалося ўстанавіць прозвішчы 1002 беларусаў, загінулых у фашысцкіх засценках. Канцэнтрацыйны лагер Штутгоф гітлераўцы стварылі 2 верасня 1939 года – на наступны дзень пасля пачатку Другой сусветнай вайны. Лагер размяшчаўся ў 30 кіламетрах ад Гданьска. Паводле гісторыкаў, нацысты закатавалі альбо забілі ў лагеры каля 130 тыс. чалавек, якія паходзілі з 26 краін. Вязні лагеру былі вызваленыя войскамі Другога Беларускага фронту 9 траўня 1945 года. Паводле “Польскага радыё для замежжа”