Святкаванне 25 сакавіка ў беларускіх асяродках

Мельбурн (Аўстралія)Гэтым разам у нас у Мельбурне атрымалася малая трагедыя: настаяцель, які абслугоўвае нашу царкву, а. Іван у суботу моцна захварэў і ў нядзелю 30 сакавіка быў ня ў стане служыць св. Літургію і малебен за беларускі народ. Дамовіліся не адкладаць урачыстасць, прысвечаную 90-м угодкам абвешчання незалежнасці БНР, і выконваць праграму святкавання, якая была разасланая запрошаным за два тыдні да запланаванай ўрачыстасці.Падчас абеднага перапынку ў пры царкоўнай залі, людзі частаваліся пераважна поснымі стравамі. Як у царкве не было Багаслужбы, то адкрылі ўрачыстую акадэмію гімнам “Магутны Божа”. Малітву спявала ўся заля.Аўген Груша адкрыў акадэмію, прывітаў прысутных ды сказаў кароткую прамову, пералічыў дзяржавы, якія ў 1918 годзе прызналі БНР. Аўген Груша таксама прадэкламаваў верш Міхася Машары “25 Сакавік”:Ёсць светлы дзень адзін, краіна,У тваім нярадасным жыццю,Той дзень, калі ты абвясцілаСама рэспубліку сваю.Ізноў-жа Аўген Груша прачытаў прывітанні, дасланыя ў Федэральную Раду БАА з усіх куткоў свету, першае прывітанне было ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілла.Рэферат на тэму дня падрыхтаваў і прачытаў Старшыня Беларускага Цэнтральнага Камітэту ў Вікторыі Янка Барысевіч. Ён заглянуў глыбока ў беларускую гісторыю, бо насветліў беларускую вайсковую перамогу ў бітве пад Воршай і Грунвальдскую бітву. Па заканчэнні рэферату слова ўзяў старшыня царкоўнай рады Мікалай Субач, які выказаў задавальненне тым, што такія імпрэзы адбываюцца, бо людзі, якія не вучыліся ў беларускіх школах, мала ведаюць пра беларускую гісторыю.У мастацкай частцы Аўген Груша прадэкламаваў верш “Дзе нашых продкаў слава”. Гурт “Каліна” павесяліў прысутных беларускімі песнямі. Гэтым разам на акадэміі прысутнічала больш людзей, як папярэднія гады. Напэўна, гэтаму паспрыяла тое, што мастацкі гурт “Каліна” выступіў з канцэртам беларускіх песень. На заканчэнне ўся заля адспявала гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.А. ГрушаСідней (Аўстралія)Беларуская грамадскасць Сіднея і ваколіц адсвяткавала 90-я угодкі незалежнасці БНР у нядзелю 30-га сакавіка. Пачалася ўрачыстасць у Гомебушскай праваслаўнай царкве, дзе а. Ігар Хлябіч адслужыў малебен за беларускі народ. Як прыемна і зразумела слухалася Евангелле па-беларуску! Айцец Ігар хоць і не вучыўся ніколі па-беларуску, але дакладна валодае роднай мовай. Шкада, што ў царкве цяпер няма хору, і парафіяне не пачулі гімну “Магутны Божа”, як бывала раней.Акадэмія адбылася ў Беларускім Культурна-Грамадскім Клубе ў Файрфілд. Адкрыў яе старшыня Клуба Міхась Лужынскі. Ён цалкам зачытаў Зварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілла, ліст Старшыні Згуртавання Беларусаў Вялікай Брытаніі ды іншыя вітанні.Даклад на тэму святкавання зрабіла спн. Ніна Чарняк. Яна, як і амаль усе яе аднагодкі, доўга нічога ня ведала пра БНР, бо ашалелая русіфікацыя сцвярджала і сцвярджае, што гісторыя Беларусі пачалася з кастрычніка 1917 году. Рэферат спн. Чарняк быў цікавым і змястоўным, інфармацыя для яго была ўзятая з інтэрнэту. Дакладчыца падкрэсліла варожыя адносіны да БНР як кейзераўскіх немцаў, так і расейскіх бальшавікоў.На заканчэнні афіцыйнай часткі доктар Слава Лягенчанка пачуццёва прадэкламавала верш А. Гаруна “Ты мой брат...” Закончылася ўрачыстасць супольным абедам.Наступная імпрэза нашай грамады – гэта традыцыйныя “Біткі” – на другі дзень Вялікадня, калі прыпомнім, што Хрыстос уваскрос, і хутка ўваскрэсне наша Беларусь!М. Лужынскі Таронта (Канада)Настрой святкавання 90-х угодкаў абвешчання БНР ў канадскім Таронта меў сёлета нешта асаблівае. Можа таму, што адзначалі не штодзённую, а юбілейную дату, шмат урачысцейшы Дзень Волі. А можа таму, што ўрэшце дачакаліся цяпла пасля гэтак доўгай і снежнай, сапраўды канадскай, зімы. Заля грамадска-рэлігійнага цэнтру сабрала шматлікую грамаду беларусаў з Таронта ды ваколіц. Прыехалі нашы сябры з Атавы, Ватэрлоў, з далёкай Брытанскай Калумбіі. Былі госці і з Беларусі. Было шмат старых знаёмых і аднадумцаў, але колькі таксама новых твараў – тых, хто ў Канадзе параўнальна нядаўна. Імпрэзу адкрыла ўрачыстая служба ў царкве Святога Кірылы Тураўскага з малітваю за Беларусь. Узнёсла гучаў “Магутны Божа” ў бел-чырвона-белай залі, прыбранай пад колеры нацыянальных штандараў Канады і Беларусі. Ад імя прэм’ер-міністра Канады беларускую грамаду павіншаваў Дзяржсакратар Джэйсан Кэні. У сваім прывітальным лісце міністр зазначыў “...Беларуская грамада ў Канадзе з’яўляецца нашым трывалым саюзнікам у барацьбе за свабоду праз доўгія гады халоднай вайны і пасля яе. Я вітаю працу беларускае супольнасці, у тым ліку нашы агульныя намаганні ў напрамку дэмакратычных зменаў сёння ў Беларусі.”Урачыстасць працягвала гістарычна-дакументальная прэзентацыя “Падзеі і постаці 1918-га”. Дынаміка падзеяў тых дзён, перапляценне рознай значнасці чыннікаў, што адбіліся на развіцці беларускай дзяржаўнасці, факты з біяграфіяў заснавальнікаў БНР – гэта толькі некаторыя з аспектаў прэзентацыі, якія дазволілі прысутным глянуць на той найважнейшы для беларускай дзяржаўнасці час з нетыповай перспектывы. Вясёлка зайграла ў залі, калі ўдарылі на поўную моц іскрыстыя пералівы баяна, абвяшчаючы пачатак святочнага канцэрту. Загучалі “Ой, Нёман”, “Александрына”, “Белавежская пушча” ды іншыя, так знаёмыя нам з маленства песні. Пацешылі і нашы “Яваровы людзі” сваімі новымі песнямі і танцамі. Напрыканцы імпрэзы ўсе яе ўдзельнікі згуртаваліся дзеля агульнага фатаздымка каля бел-чырвона-белых штандарта.Зміцер ЭльяшэвічАтава (Канада)Беларуская грамада канадская сталіцы сабралася на святкаванне 90-х угодкаў на пачатку красавіка. Нашы суродзічы традыцыйна з’яжджаюцца на Дзень Волі ў найпрыгажэйшую залю гарадское ўправы – Ottawa City Hall – што месціцца на Лорые Авеню непадалёк ад парламенцкага комплексу з ягонай велічавай Вежаю Міру (Peace Tower).Як і заўсёды, панавала тут сёлета несамавітая атмасфера гасціннасці і прыяцельства, таго што нязменна прыцягвае на атаўскія святы гасцей з іншых канадскіх суполак. Віталі тут і зараз суайчыннікаў з Мантрэалю і Таронта.Урачысты сход адкрыў Старшыня Галоўнае Управы Згуртавання Беларусаў Канады Зміцер Эльяшэвіч. Да прысутных звярнулася Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. Яна зачытала Зварот Рады БНР да беларусаў свету з нагоды 90–х угодкаў абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі. У сваім выступе сп. Сурвілла таксама гаварыла пра тое, якое вялікае значэнне надае сусветная супольнасць нашаму найгалоўнейшаму дзяржаўнаму святу. Яна распавяла пра Беларускі тыдзень у Еўрапарламенце, пра сваю паездку па Еўропе і спатканнях там з прадстаўнікамі еўрапейскіх урадаў і беларускай дыяспарай. Яшчэ раз была падкрэслена тая вага, якую адыгрывае дыяспара і цяпер ва ўсім свеце ў справе пачынання і падтрымкі шматлікіх ініцыятываў у сваіх краінах у дачыненні да Беларусі. Аўдыторыя з энтузіязмам сустрэла навіну аб узнагароджанні сп. Сурвіллы Граматай канадскага ўраду за шматгадовую самаадданую працу на карысць развіцця беларускае грамады ў Канадзе і спрыянню дэмакратычным працэсам у Беларусі. Святочную сустрэчу працягнуў невялікі скрыпічны канцэрт з удзелам Улады Шамецька і Вольгі Рыкавай. З задавальненнем слухалі Баха і Агінскага. Затым госця з Таронта Юля Шкарупіна, праспявала некалькі фальклорных кампазіцыяў і сваім цудоўным голасам выклікала шмат апладысментаў. Яшчэ доўга пасля канцэрту людзі не разыходзіліся, знаёміліся, гутарылі, частаваліся кавай ды гарбатай, нахвальвалі з душой прыгатаваныя прысмакі.Зміцер ЭльяшэвічПаводле газеты “Беларус”