![]()
З 15 студзеня бягучага года латвійскія школы пачалі прымаць дакументы ад бацькоў будучых першакласнікаў. Апошні тэрмін падачы дакументаў – 1 красавіка. Чакаюць будучых вучняў і ў Рыжскай беларускай асноўнай школе. З гэтае нагоды – некалькі пытанняў да дырэктара Рыжскай беларускай асноўнай школы Ганны Іванэ.
– Ці ёсць нейкія патрабаванні да будучых вучняў? Маецца на ўвазе, штосьці накшталт прыёмных экзаменаў...– Такая праверка недазваляецца законам. Таму, калі вашаму дзіцятку прыйшоў час ісці ў школу – а згодна закона “Аб агульнай адукацыі” у першы клас залічваюцца дзеці, якім у гэтым годзе споўнілася сем гадоў – калі ласка, да нас у школу!
– А калі дзіцяці не ведае ні воднага беларускага слова...– Як раз для гэтага і існуе наша школа, каб навучыць дзяцей беларускай мове.І не толькі беларускай, але і латышскай, расейскай, ангельскай. Добра, калі будучы першакласнік займаўся ў падрыхтоўчай групе Тут для будучых нашых вучняў наладжаны заняткі па беларускай мове, а таксама яны знаёмяцца з латышскай і ангельскай мовамі, якія ў школе выкладаюцца ўжо з першага класа.
– У такім выпадку, калі дзіця не наведвала падрыхтоўчую групу, вы можаце адмовіць яму ў прыёме...– Ну чаму ж, пакуль мы такіх абмежаванняў не прытрымліваемся.
– А як наконт этнічнай прыналежнасці вучняў?– У нашай школе вучацца не толькі “пашпартныя беларусы”, але дзеці розных нацыянальнасцяў. У кагосьці бабуля – беларуска, а ўнучка – руская, але выбрала нашу беларускую школу. Шмат дзяцей са змешаных сем’яў. Галоўны крытэрый – цікавасць да беларускай культуры, мовы, традыцый – таго, што мы звыкла называем беларушчынай.
– Для жыхароў Рыгі ёсць пэўнае абмежаванне выбару школы па месцу жыхарства...– Школаў нацыянальных меншасцяў, якой з’яўляецца і наша Рыжская беларуская асноўная школа, гэта абмежаванне не датычыцца.Таму , паважаныя бацькі, звяртаюся да Вас – калі Вас непакоіць будучыня дзяцей, падумайце аб магчымасці выбраць месцам навучання дзіцяці нашу школу.Рыжская Беларуская асноўная школы – дзяржаўная навучальная установа. Навучанне ў школе бясплатнае. У нас працуе моцны педагагічны калектыў, усе настаўнікі – спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Школа паспяхова прайшла дзяржаўную акрэдытацыю. Гэта той крытэрый, па якім можна меркаваць: у нашай школе дзіця атрымае належную адукацыю, пры гэтым вучыцца будзе ў добразычлівай атмасферы, бо для нас наша беларуская школа – гэта другая сям’я. Да таго ж раю паспяшацца, бо сёлета жадаючых аддаць сваё дзіця менавіта ў нашу школу не так і мала. І яшчэ, запрашаю Вас наведаць нашу школу ў наступным месяцы, калі ў школе будзе праводзіцца Дзень адчыненых дзвярэй, каб самім знайсці адказы на свае пытанні..
Адрас Рыжскай беларускай асноўнай школы:Рыга, вул. Келдыша, 4Тэлефон для даведак: 7247545Інтэрв’ю з дырэктарам Рыжскай беларускай асноўнай школы Ганнай Іване слухайце ў студзеньскім выпуску нашай радыёперадачы. Праграма выходзіць у эфіры канала “Домская площадь” кожную трэцюю сераду месяца ў 14.15.Слухайце перадачу і ў інтэрнеце – www.lr4.latvijasradio.lv
Паводле www.svitanak.lv