30 кастрычніка ў самым цэнтры Амстэрдама ў вядомай выставачнай прасторы Arti et Amicitiae адкрылася выстава беларускага пратэстнага мастацтва. Яна будзе доўжыцца тыдзень, да 7 лістапада.
Ці маглі беларусы Нідэрландаў яшчэ пару месяцаў таму марыць пра выставу, прысвечаную моцы духу нашых людзей? Пра тое, што менавіта такім спосабам мы будзем тут распавядаць пра сябе, падзеі апошніх месяцаў і пра тое, што мы адчуваем? Ці думалі, што галандцы будуць шчыра цікавіцца і ўражвацца гісторыяй беларускага супрацьстаяння?
Наведвальнікі праходзяць па кожнай залі і часцінкамі зведваюць гісторыю пратэстаў. На выставе прадстаўлены працы больш як 60 розных мастакоў з Беларусі і розных куткоў свету. Тут і вядомы калаж з Евай Юлі Шаўчук, і перфоманс "Здабытак" Надзі Саяпінай, і графіці Лены Давідовіч "Змагайся як дзяўчынка", і праект Яўгена Атцецкага "Плошча Пераменаў", і вядомыя, упадабаныя многімі працы Руфіны Базловай пра гісторыю беларускай "выжыванкі". Цэлая сцяна платформы Cultprotest.me дэманструе дзясяткі пратэстных постэраў і плакатаў, а перфоманс групы Бергамот дазваляе адчуць рэаліі затрыманняў. У невялікім пакоі з цьмяным святлом – інтымныя малюнкі Надзі Саяпінай і Вікі Багдановіч з месцаў часовага ўтрымання. Асобны пакой – той, у якім страшна затрымлівацца, але так важна пабыць – перфоманс "Твая камера", прысвечаны нечалавечым умовам, створаных для затрыманых у першыя дні пасля выбараў. Асобны пакой, прысвечаны вулічнаму мастацтву і пратэстным вокнам і дамам, асабліва здзіўляе наведнікаў – у ім дзясяткі фотаздымкаў вулічных графіці, пратэстных вокнаў і двароў з усёй Беларусі.
Галандка Мірыям, піяр-менеджэрка Arti et Amicitiae, кажа, што ўсе гэтыя працы вельмі кранулі яе сэрца, што гэта асаблівы дзень для яе. Ніна, мастачка і перакладчыца паэзіі з Грузіі, прыходзіць падрыхтаванай, чытае вершы Дзмітрыя Строцава на галандскай і выступае са словамі падтрымкі ўсім беларусам. Дзяўчаты-валанцёры, многія з якіх не ведалі адна адну да гэтага лета (гэтак, як у песні), праводзяць экскурсіі на англійскай, галандскай і рускай мовах для наведвальнікаў з самых розных краін.
"Што гэта ўсё, калі не магія моманту, часу, які надышоў, гісторыі, што падымае цябе на сваіх моцных руках? Немагчыма гэтаму супраціўляцца. Ёсць перыяды, калі таму, што акумулявалася гады, дзесяцігоддзі, а можа і стагоддзі, прыходзіць час раскрыцца, заквітнець, выйсці з ценю... Звычайна гэта адбываецца для чагосьці большага, выклікае ланцуговую рэакцыю, становіцца рухаючай сілай для выхаду на новы віток. Нас уздымае нейкая вітальная сіла, мы адчуваем адзін аднаго па-за адлегласцямі і сценамі. Усё атрымаецца. Здаецца, гэта не толькі пра беларусаў, гэта пра свет. Чалавек чалавеку чалавек" – піша пра свае ўражанні ад выставы Даша Міцкевіч.
Над выставай працавалі мастакі, актывісты, і валанцёры-беларусы ў Нідэрландах: куратары і мастакі Лена Давідовіч, Таша Арлова і Ганна Адзінец; дызайн выставы Даша Ахрамейка; куратары платформы Cultprotest.me Максім Тымінька і Сяргей Шабохін, дызайн плакатаў Сяргей Цераcюк, Паліна Цітова і Кацярына Канавалава, вытворчасць выставы Грэгары Пятровіч, Уладзімір Кляўко, Наталля Воўк, Ігар Воўк, а таксама многія іншыя – валанцёры-гіды, перакладчыкі, журналісты і проста неабыякавыя людзі. Праект быў рэалізаваны сродкамі беларускай дыяспары ў Нідэрландах і пры падтрымцы Het Actiefonds і платформы StandByArt.
Мікалай Сева