Некалькі тысяч беларусаў Вільні і прыхільныя беларускай справе літоўцы адзначылі 103-і год абвяшчэння БНР вялікім вечаровым шэсцем з 300-метровым беларускім сцягам.
Ад Бернардынскага парку святочныя маніфестанты прайшлі праз цэнтр да амбасады Беларусі.
Цэлы дзень у сталіцы Літвы ладзіліся імпрэзы ў гонар свята, як ніколі моцна напоўненага менавіта сёлета сімвалізмам і верай у свабоду і незалежнасць.
Сярод прысутных заўважаліся як мясцовыя даўнія беларусы, так і палітычныя ці гуманітарныя ўцекачы. Далучылася да калоны і Святлана Ціханоўская.
Таксама літоўцы сем’ямі далучаліся да шэсця і безупынку падтрымлівалі маніфестантаў воклічамі «Жыве Беларусь!» з вокнаў і балконаў дамоў, пад якімі праходзіла шэсце.
Віленскія зачыненыя крамы і рэстараны знутры былі ўпрыгожаныя бел-чырвона-белымі сцягамі — віленцы і ў кавід салідарныя з суседзямі.
Дзень Волі завяршыўся памяццю пра загінулых і арыштаваных у Беларусі за апошнія месяцы і вялікім феерверкам.
Уладзіслаў Гарбацкі, novychas.by