“Беларусь у маім сэрцы” — пад такою назвай праходзіла святочная імпрэза. Гэтыя чароўныя словы прымушаюць часцей біцца сэрца кожнага, хто мае дачыненне да Бацькаўшчыны, дзе й цяпер многіх з нас чакаюць родныя, сябры дзяцінства. Выслоўе, што ўмацоўвае духоўную нашу роднасць з зямлёю продкаў, заняло пачэснае месца на экране ў гарадскім Доме творчасці “Подмосковье”: там ладзілі ўрачыстасць. За тыдзень да свята пра яго як важную з’яву ў жыцці шматнацыянальнай Алушты штодзённа паведамлялася ў эфіры тэлерадыёкампаній “БРТ”, “555”, абвестку-запрашэнне змясціла газета “Алуштинский вестник”. І суботнім днём зала Дома творчасці напоўнілася мелодыямі, песнямі з беларускім каларытам, на экране дэманстраваліся краявіды Беларусі. Сцэну мы ўпрыгожылі аўтэнтычнымі саматканымі, вышыванымі ручнікамі: нібы абярэгі, яны дапамагаюць нам жыць удалечыні ад родных мясцін.
Вядучыя імпрэзы Ірына Маркава і Віталь Бартохаў
І вось чатыры разы гучаць у выкананні славутага ансамбля “Песняры” словы-кліч “Белая Русь ты мая!” — фрагмент са знакамітай песні. Да іх далучыліся вершы Рыгора Барадуліна: “Трэба дома бываць часцей,/ Трэба дома бываць не госцем,/ Каб душою не ачарствець,/ І не страціць святое штосці.”… Так адкрывалі сустрэчу мы з Ірынай Маркавай, вядучыя свята. Пры дапамозе фотаздымкаў расказалі, як стваралася ў Крыме наша беларуская суполка, згадвалі землякоў, якія да таго спрычыніліся.
Мне ж помніцца, як на Каляды 1999 года ў Партэніцкай пасялковай бібліятэцы ўпершыню я сабраў землякоў: павіншаваць з Новым годам, які настаў. У якасці падарункаў гучалі беларускія вершы, песні, якія краналі маіх супляменнікаў да слёз. Вечарына й стала днём нараджэння суполкі. Праз год вырашылі назваць яе: Культурна-асветніцкае таварыства “Сябрына”. Важныя захады для пашырэння беларускай культуры ў Крыме зрабілі тады палкоўнікі медслужбы Аляксандр Мікалаевіч Чмак (в. Бальшой Краснік, Пружанскі р‑н) і Міхаіл Андрэевіч Пшонкін (г. Віцебск) ды іх жонкі-педагогі: Таццяна Іванаўна (в. Астрагляды, Брагінскі р‑н) ды Зінаіда Іванаўна (в. Рослыя, Гарадоцкі р‑н). Была ў шэрагах энтузіястаў ветэран педагагічнай працы, партызанка з Віцебшчыны Адзіада Фёдараўна Зінькевіч (в. Шчураўка, Лепельскі р‑н), інструктар па лячэбнай фізкультуры Леаніла Аляксандраўна Каляда (в. Пагор’е, Карэліцкі р‑н), выкладчык гісторыі Сяргей Мікалаевіч Мацкевіч (г. Вільнюс), работніца гандлю, прадпрымальніца Нэлі Міхайлаўна Дзіна (г. Мінск), інжынер праектнага інстытута “КрымНИИпроект” Мікалай Аляксандравіч Кулецкі (в. Гошчава, Івацэвіцкі р‑н) ды іншыя. Сям’я Чмак, заўважу, з часам пераехала на зямлю бацькоў — на Брэстчыну.
19 студзеня 2000 года, на Хрышчэнне, за стварэнне беларускага таварыства прагаласавалі й беларусы Алушты. Каляды ад таго часу для нас — двойчы святая пара: бо гэта ж і дзень нараджэння суполкі. З алушцінцаў, помніцца, у той дзень у клубе санаторыя “Золотой колос” былі: ветэраны вайны й працы, кіраўнікі здраўніц горада Даніла Фёдаравіч Сабалеўскі (в. Замошша, Быхаўскі р‑н), Міхаіл Іванавіч Камінскі (в. Купёлы, Магілёўскі р‑н), Кузьма Ігнатавіч Бардашэвіч (в. Бачарова, Сенненскі р‑н), былыя партызаны Беларусі з брыгады імя Канстанціна Заслонава Марыя Пятроўна ды Віталь Васілевіч Гладковы (г. Шклоў), сям’я Алены Іванаўны Васіленкі (в. Белабярэжская Рудня, Нараўлянскі р‑н), фінансавы працаўнік гарсавета Святлана Васілеўна Казак (в. Славечна, Ельскі р‑н), кінамеханік Людміла Іосіфаўна Наздрачова (в. Жылічы, Кіраўскі р‑н), урач-рэнтгенолаг Андрэй Аляксеевіч Свірыдэнка (в. Забалацце, Мсціслаўскі р‑н), настаўніца школы Аляксандра Сцяпанаўна Драздова (в. Грозы, Мсціслаўскі р‑н) ды іншыя. Хачу адзначыць, што й вядучая юбілейнай сустрэчы праз 20 гадоў — Ірына Аркадзеўна Маркава (в. Дамашы, Ляхавіцкі р‑н), галоўны рэдактар тэлерадыёкампаніі “БРТ”, таксама была ў тым ганаровым ліку. Шкада, што інфармацыйны сюжэт з таго часу не захаваўся.
Ганаровыя госці ды ўдзельнікі ўрачыстай імпрэзы ў Алушце
І вось — 20 гадоў прайшло-праляцела. Многіх з тых, каго я згадаў, няма сярод нас. Памяць пра іх зберагаем, збіраем летапіс беларусаў у гісторыі Алушты. У кнізе “Беларусы”, якая выйшла ў 2018 годзе ў Крыме, змешчана 51 біяграфія алушцінскіх беларусаў, і праца гэтая прадаўжаецца.
А ў святочны дзень 20‑годдзя “Сябрына” прымала віншаванні, падарункі ад гасцей. Кіраўніца адміністрацыі горада Галіна Агнёва, калі ўручала памятны адрас, адзначыла: “Алушцінскія беларусы зарэкамендавалі сябе як самастойная, актыўная, вельмі ініцыятыўная суполка. Праз сваю культуру вы ўмацоўваеце міжнацыянальнае адзінства нашай Вялікай Алушты. Сваёй нястомнай працай вы заслужылі павагу сярод алушцінцаў, кіраўніцтва горада. Беларусы Алушты — гэта людзі адкрытыя, шчодрыя ў сваёй душэўнай прыгажосці. Гэтая суполка — самая лепшая, самая дружная!”. Галіна Агнёва падарыла суполцы “Сябрына” сертыфікат на наведванне парка “Айвазовское”, уручыла Ганаровыя граматы гарадміністрацыі Ірыне Маркавай, Ірыне Расюкевіч, Тамары Мухай, Віталю Бартохаву.
Віншавалі нас і кіраўнік аддзела міжнацыянальных адносін Дзяржкамітэта па справах міжнацыянальных адносін Шамір Хубларан, дырэктарка Дома дружбы народаў Ларыса Сакірская. Удзячнасць ад Дзяржкамнаца Рэспублікі Крым атрымала Ганна Шастапалава. Старшыня Рэспубліканскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Крыма” Раман Чэгрынец, віншуючы нас, уручыў падзякі ад імя старшыні ФНКА “Беларусы Расіі” Сяргея Кандыбовіча актывістам суполкі Святлане Багдановіч і Наталлі Маркевіч. Шмат цёплых, сардэчных слоў гучала ад кіраўнікоў армянскай і балгарскай, малдаўскай і крымска-татарскай, азербайджанскай і рускай абшчын Алушты, ад кіраўніка аддзела міжнацыянальных адносін адміністрацыі горада Эміля Меджытава, старшыні ўкраінскай абшчыны Крыма Анастасіі Грыдчынай. І гучалі са сцэны праз усю святочную дзею музычныя падарункі. А на пачатку праграмы падарылі гасцям свае песні й мы, гаспадары сустрэчы. Гучалі “Сонца ў азерцы”, “А ў гародзе верба расла”, “Ручнікі”, “Ехаў Ясь на кані”, “Мае вочы чорныя”, “Бадзёр”, “Гуляць дык гуляць” у сольным і дуэтным выкананні Наталлі Маркевіч, Ганны Шастапалавай і Віталя Бартохава.
Шмат асалоды, задавальнення алушцінцы атрымалі ад віншавальных выступаў нашых супляменнікаў. З Севастопаля быў народны ансамбль беларускай песні “Белая Русь” — ён спяваў “Зямля Беларусі”, “Мы вам жадаем”, было вітанне ад старшыні тамтэйшай беларускай грамады “Беларусь” Валерыя Казьяніна. З Феадосіі прыехаў фальклорны гурт “Сяброўкі” — спявалі “Каб я знала”, “Лявоніху”, слова святочнае казала намесніца кіраўніка беларускай грамады” Спадчына” Ганна Барадзін. З Ялты завітаў народны вакальны гурт “Тры крыніцы” (спяваў “Журавінку”, “Чаму ж мне ня пець”) і капэла бандурыстаў імя Сцяпана Руданскага (гралі “Свяціла зорачка”, “Касіў Ясь канюшыну”), а вітанне было ад актывісткі грамады “Белая Русь” Людмілы Кулік-Кураковай. З Сімферопаля ды Сімферопальскага раёна сустракалі мы харэаграфічны гурт “Рытм” (артысты выканалі “Крутуху” ды “Кована кола”) — гэта было прывітанне ад Алены ды Андрэя Капыцічаў, кіраўнікоў беларускіх суполак “Землякі” ды “Радзіма”.
Эх, якое беларускае свята было ў Алушце! Упрыгожылі канцэрт спевамі яшчэ Алена Амеліна (“Белая Русь”) і Максім Харысаў (“А ў полі тры крынічанькі”), вакальны гурт “Русская песня” (“Цячэ вада ў ярок”), харэаграфічныя калектывы “Каблучок”, “Чатыр-Даг”, “Ориенталь”. Дзве з паловай гадзіны гучалі ў зале толькі песні беларускай зямлі. Гледачы былі ў захапленні ад убачанага, разыходзіліся з цудоўным святочным настроем. А для далёкіх гасцей, каб лёгкай была ім дарога, мы прапанавалі дранікі ды іншыя прысмакі, ды казалі шчырыя словы сяброўскай удзячнасці.
Віталь Бартохаў, кіраўнік суполкі “Сябрына”, г. Алушта; „Голас Радзімы“
Фота Святланы Багдановіч, Анастасіі Грыдчынай, Таццяны Паповай