У нядзелю, 18 кастрычніка, у Амстэрдаме, адбылася акцыя салідарнасці з Беларускім народам, арганізаваная беларускай суполкай у Нідэрландах.
Беларуская суполка правяла акцыю салідарнасці і падтрымкі беларусаў, якія ўжо трэці месяц, змагаюцца за свабоду супраць рэпрэсіўнага рэжыму і дзяржаўнага тэрору.
Удзельнікі акцыі сабраліся на цэнтральнай плошчы Амстэрдама і раздавалі мінакам улёткі і буклеты з інфармацыяй пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Акцыя прыцягнула ўвагу жыхароў і гасцей горада. Усяго ў акцыі прыняло ўдзел каля 40 чалавек.
Як заўважыў Марцін Лютар Кінг, несправядлівасьць дзесьці пагражае справядлівасці ўсюды, бо поспех рэжыму, якіх трымаецца выключна на гвалце, можа паказаць іншым рэжымам, што можна прыгнятаць народы беспакарана.
Арганізатары акцыі звярнулі ўвагу на тое, што народная перамога яшчэ не дасягнутая. Нягледзячы на гэта, дзіўная адвага беларусаў, якія працягваюць барацьбу выключна мірнымі метадамі, заслугоўвае павагі і падтрымкі міжнароднай супольнасці.
Арганізатары заявілі, што тое, што адбываецца сёння ў Беларусі - гэта апафеоз паліцэйскага гвалту: на дадзены момант вядома пра больш за тысячы выпадкаў катаванняў, а таксама тры выпадкі сэксуальнага гвалту і шэсць смерцяў. Удзельнікі акцыі паспрабавалі данесці да грамадскасці што гэта адбываецца проста зараз, у 21 стагоддзі, у геаграфічным цэнтры Еўропы, у краіне, якая мяжуе з краінамі ЕС.
Удзельнікі акцыі заклікалі падтрымаць беларусаў у іх барацьбе і пажадалі ім хутчэй дасягнуць пастаўленых мэтаў:
- Адстаўка Лукашэнкі.
- Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных.
- акаранне ўсіх датычных да гвалту.
- Правядзенне сумленных і празрыстых выбараў.