Дзень дружбы народаў святкавалі 12 верасня ў Тальяці — з удзелам народнага ансамбля беларускай песні “Купалінка”.
Людміла Дзёміна са сваёй “Купалінкай”
Свята, якое ўжо стала традыцыйным у Самарскай вобласці, прайшло ў фармаце этна-кірмашу пад дэвізам “Все мы — Россия”. Ладзілі мерапрыемства грамадская арганізацыя “Саюз народаў Самарскай вобласці” пры падтрымцы абласных Урада й Дома дружбы народаў. Падставілі плячо арганізатарам і Адміністрацыя гарадской акругі Тальяці, Культурны цэнтр “Автоград”.
Тальяці выбралі сёлета месцам правядзення этна-кірмашу не выпадкова: у 2020-м адзначаецца 50-годдзе выпуску першага аўтамабіля на АўтаВАЗе. І таму Губернатар Дзмітрый Азараў нават абвясціў Год Тальяці ў Самарскай вобласці.
Міла, Ксенія ды Алена: удзельніцы гурта “Купалінка” на этна-кірмашы
Этна-кірмаш праходзіў на плошчы Свабоды — гэта Цэнтральны унутрыгарадскі раён. Для гасцей свята зладзілі яркі канцэрт, у якім выступілі салісты, творчыя калектывы нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў Самары, Тальяці ды Самарскай вобласці, калектывы муніцыпальных раёнаў.
Паўдзельнічаў у этна-кірмашы й наш народны ансамбль беларускай песні “Купалінка”. Мы спявалі па-беларуску песню “Родная старонка”, і публіка ўспрыняла яе вельмі цёпла. Нашы дзяўчаты ў бела-блакітных строях, з бялюткімі вышыванымі ручнікамі прыцягнулі ўвагу ўсіх, хто быў на плошчы Свабоды. А як пайшлі першыя акорды мелодыі песні, то шмат было ахвочых запісаць выступленне “Купалінкі” на відэа, сфатаграфаваць. І цяпер здымкі, што прыемна, гуляюць у розных сацсетках у інтэрнэце.
Эфектна глядзяцца на тальяцінскай сцэне беларускія дзяўчаты з вышыванымі ручнікамі
Жыхары й госці Тальяці вельмі задаволены былі святочнай імпрэзай. Адзначаюць, што праграма свята складзена была цікава ды выказалі пажаданні, каб і наступны Дзень дружбы народаў зноў праходзіў у нашым славутым Аўтаградзе.
Людміла Дзёміна, кіраўніца праўлення Мясцовай грамадскай арганізацыі “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Нёман” гарадской акругі Тальяці”, мастацкая кіраўніца ансамбля беларускай песні “Купалінка”
Фота: Вольга Кручкова