Чэрвеньскі сход Згуртаваньня "Пагоня"

У суботу, 10 чэрвеня, у Доме Маракоў на Мангэтане прайшоў чарговы чэрвеньскі сход Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня “Пагоня”. Сход адкрыў старшыня Згуртаваньня “Пагоня” сп. Віталь Зайка. Ён адразу прадставіў выступоўца, славутага грамадзкага дзеяча і навукоўца, гісторыка беларускай грамады ў Амэрыцы сп. Вітаўта Кіпеля.

Напачатку сваёй гутаркі сп. Вітаўт Кіпель распавёў пра сябе, пра сваіх бацькоў і Менск, горад у якім ён нарадзіўся ў 1927 годзе. Ён затым узгадаў дзяцінства ў Налінску, куды ягонага бацьку выслалі як “нацдэма”, і ў Арле. Бацьку, як беларускага нацыянальнага дзеяча, перасьледвалі Саветы па сфабрыкаванай справе “Саюзу вызваленьня Беларусі”. Перш выслалі, а затым арыштавалі і асудзілі на 5 год зьняволеньня. Затым была вайна, вяртаньне ў Менск, і потым эміграцыя.

Вітаўт скончыў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу, браў удзел у беларускім скаўцкім руху. Затым паступіў у Лювэнскі ўнівэрсытэт у Бэльгіі, на геалягічны факультэт. Пасьля сканчэньня яго меўся ехаць у Конга або Марока, але акурат зьявілася магчымасьць пераехаць у Амэрыку, і ў 1955 годзе ён прыехаў у ЗША.

Пасьля пераезду ён ажаніўся зь сяброўкай па гімназіі й унівэрсытэце Зорай Савёнак. Увесь час сп. Кіпель браў удзел у беларускай грамадзкай дзейнасьці, перш у Саюзе Беларусаў Бэльгіі, пасьля ў шэрагу беларускіх арганізацыяў у Амэрыцы, у тым ліку ў Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньні (БАЗА). Таксама далучыўся да палітычнай амэрыканскай дзейнасьці, быў старшынём Фэдэрацыі Беларускіх Рэспубліканскіх Клюбаў. Пасьля прыезду ў Амэрыку быў пэрыяд адаптацыі, “хвалісты” час. Празь нейкі час сп. Кіпель стаў думаць пра зьмену спэцыяльнасьці, займацца тым, што здавалася важным для беларускай дзейнасьці, і цалкам пералучыўся на гуманітарную ніву. Ён скончыў факультэт інфарматыкі й бібліятэказнаўства пры Ратгерскім унівэрсытэце і потым стаў працаваць у Славянскім і Балтыйскім аддзеле Нью-Ёрскай Публічнай Бібліятэкі. У гэты час занаяўся прафэсійным досьледам у галіне беларускай бібліяграфіі, і таксама працягваў пошукі матэрыялаў па гісторыі беларускай іміграцыі ў Злучаныя Штаты. Зь ягонай дапамогай значна пашырыўся фонд беларускіх выданьняў Бібліятэкі.

З 1982 году сп. В. Кіпель стаў кіраўніком Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва (БІНіМ), у якім актыўна працаваў і раней. БІНіМ дасюль вядзе навуковую і выдавецкую дзейнасьць, друкуе манаграфіі й пэрыёдык “Запісы БІНіМ”.

У 1993 у Менску ў пракладзе Сяргея Шупы з ангельскай мовы выйшла кніга Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША”. Кніга адразу набыла вялікі розгалас і папулярнасьць. У 1999 годзе яна выйшла па-ангельску, і вось цяпер зьявілася другое, пашыранае і дапоўненае,  выданьне, якое ўлучае таксама пэрыяд пасьля 1993 года і да цяперашняга дня.

Затым сп. Вітаўт Кіпель спыніўся на сваёй кнізе і на асноўных пэрыядах эміграцыі беларусаў у ЗША, падкрэсьліўшы, што беларусы пачалі сяліцца ў Амэрыцы яшчэ ў каляніяльныя часы. Затым былі славуты чын Т. Касьцюшкі,  удзел у змаганьні за незалежнасьць Злучаных Штатаў, праца беларускіх ксяндзоў-езуітаў па разьвіцьці сыстэмы адукацыі, стварэньні Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту. Зь сярэдзіны 19 ст. пачынаецца масавая іміграцыя ў ЗША гэбраяў зь Беларусі, а пачынаючы з апошняга дзесяцігодзьдзя 19 ст., таксама і масавая іміграцыя этнічных беларусаў. У канцы 19-га – пачатку 20 ст. прыехаўшых пераважна рэгістравалі па краіне паходжаньня або па рэлігійнай прыналежнасьці. Таму раньняя беларуская эміграцыя называлася “расейская”, хаця этнічных расейцаў у яе шэрагах было вельмі мала, пераважалі гэбраі, беларусы і ўкраінцы. Пэўная  колькасьць беларусаў эмігравала з Заходняй Беларусі, і яны мелі ўжо больш акрэсьленую нацыянальную прыналежнасьць. Калі пачалася другая хваля іміграцыі, і людзі сталі ўтвараць свае нацыянальтныя арганізацыі, цэрквы ды іншыя ўстановы, тады беларуская прыналежнасьць перастала выклікаць сумневы ды спрэчкі, як гэта бывала сярод ранейшых імігрантаў. Прамоўца таксама закранаў лічбы беларусаў у Амэрыцы. У нашыя часы беларуская іміграцыя працягваецца, і беларуская прысутнасьць у Амэрыцы пашыраецца. “Далейшая будучыня беларускай іміграцыі – у руках цяперашняй моладзі, у вашых руках”.

Сп. Вітаўт Кіпель адказаў на пытаньні прысутных і, між іншага, адзначыў, што пачалі паступаць новыя матэрыялы, што могуць быць скарыстаныя для 3-га выданьня кнігі “Беларусы ў ЗША”.

Затым старшыня “Пагоні” сп. В. Зайка ад імя прысутных павіншаваў сп. В. Кіпеля з 90-мі ўгодкамі й пажадаў здароўя, сілаў і дачакацца выхаду 3-га выданьня кнігі. Юбіляру адсьпявалі “100 год” і прэзэнтавалі вялікі торт са сьвечкамі “90”.

Затым прысутныя мелі нагоду выпіць за здароўе сп. Кіпеля і пагутарыць з юбілярам. Таксама прагучэлі аб’явы і паведамленьні, асноўнае зь якіх – пра надыходзячае 24-25 чэрвеня сьвяткаваньне Купальля.

Віталь Зайка