Міхась Забэйда-Суміцкі ў Варшаве

21 снежня – чарговыя ўгодкі светлай памяці найвялікшага беларускага спевака і педагога Міхася Забэйды-Суміцкага (1900-1981). Адзін з перыядаў яго жыцця быў звязаны з Варшавай. Пра гэта хочацца сёння крыху прыгадаць.

У 1935 годзе Міхась Забэйда-Суміцкі падпісаў кантракт з Познаньскім оперным тэатрам на адзін год. Але праца ў Познаньскай оперы, як піша ў кнізе “Песняй даваў людзям радасць” (Мн., 2007.С.29) яе аўтар Алесь Горбач, пакінула не самыя лепшыя ўспаміны. На “крэсах всходніх” польскія санацыйныя ўлады праводзілі тады шалёную паланізацыю, беларусаў як нацыю не прызнавалі, не ў пашане, мякка кажучы, была і беларуская песня. Міхась Забэйда-Суміцкі ж ніколі не хаваў таго, што ён беларус, не цураўся роднай мовы і песні. У Познані давялося яму шмат вытрываць, бо бывала, што тыднямі спевака не пускалі на сцэну, кпілі з ягонай беларускасці. Таму пасля заканчэння кантракта ён пакінуў Познаньскую оперу і пераехаў у Варшаву, дзе пачаў выступаць з канцэртамі і спяваць на польскім радыё.

І ў Варшаве да беларускага спевака адносіліся па-рознаму. Спачатку нават смяяліся, што такі добры артыст, спявак італьянскай школы, а ў свае канцэртныя праграмы ўключыў мужыцкія песні. Але з цягам часу, як згадваў у сваіх успамінах Міхась Забэйда-Суміцкі (альманах “Белавежа”, № 1. Беласток, 1965. С. 304), калі пабачылі, што на яго канцэрты не толькі ідуць слухаць, але прыязджаюць людзі за дзесяткі кіламетраў, каб пачуць у яго выкананні гэтыя мужыцкія песні. “Адзін раз я спяваў у польскім радыё праграму, якую перад гэтым выконваў славуты Кепура. І вось пасля майго выступлення, між іншым, напісалі: “У Забэйдзе-Суміцкім Кепура знайшоў небяспечнага канкурэнта”, — успамінаў спявак. Былі і такія, што ўгаворвалі Міхася адмовіцца ад беларускай песні. Але МіхасьЗабэйда быў няўмольны.

Вядома ж, да беларускага спевака ў Варшаве адносіліся і вельмі добра, шчыра, нават падтрымлівалі. Да такіх людзей належаў дырэктар Варшаўскага радыё Эдмунд Рудніцкі. Дзякуючы яму Міхась Забэйда-Суміцкі ў 1938 годзе ўпершыню наспяваў на грамафонныя кружэлкі дзесяць беларускіх песень. Гэта былі песні “Ляціць сарока”, “Конь бяжыць”, “Ой, рана куры запелі”, “Шчука-рыба ў моры” (кампазітар А.Грачанінаў), “Як памерла матулька”, “Рабіна”, “Лявоніха” (кампазітар А.Туранкоў), “Зялёны дубочак”, “Чаму ж мне не пець” (кампазітар С. Казура), “А ў лесе, лесе…” (кампазітар М.Анцаў). Пасля выхаду кружэлкі прыйшлі сапраўдны трыумф, падзея, поспех. У сувязі з такой падзеяй Рыгор Шырма пісаў: “Гэтыя песні разышліся і вандруюць далёка за межамі бацькаўшчыны да нашых братоў-эмігрантаў у Францыю, Амерыку, Аргенціну, пояць іх там сваёй жыватворчай сілай, дарагім вадгалоскам далёкай роднай зямлі” (Рыгор Шырма. Песня – душа народа. Мн., 1993. С.116).

Гэтыя кружэлкі даволі вялікай папулярнасцю карысталіся і ў Беларусі, асабліва ў заходняй яе частцы. Выступленні Міхася Забэйды-Суміцкага па Варшаўскім радыё трансліравалі Парыж, Лондан, Прага, Нью-Ёрк і іншыя радыёстанцыі. Пасля выступленняў па рыдыё спявак у Варшаве атрымліваў сотні пісем з усіх куткоў свету. А адзін лонданскі радыёчасопіс, як згадваў у сваіх успамінах наш зямляк, змясціў яго фотаздымак і артыкул пад загалоўкам “Спявак, які сам сябе зрабіў”. Праўда, не ўсім беларускія радыёпесні ў Польшчы падабаліся. Часопіс “Шлях моладзі” (1937, № 16. С.13) пісаў: “16 лістапада з Варшавы на ўсе радыёстанцыі ў Польшчы быў надаваны канцэрт беларускіх песьняў (нешта каля 7 песьняў), якія сьпяваў ведамы на ўвесь сьвет сьпявак М.Забэйда. Дакладная праграма гэтага канцэрту была пададзена ў афіцыяльным органе Польскага Радыё “Аntena”. Беларусы і многалічныя паклоньнікі беларускай песьні, хто толькі мог сходзіліся пры радыёвых апаратах слухаць прыгожага сьпеву. І што ж сталася? Вось жа Віленская радыёстанцыя па трэцяй ужо беларускай песьні, бяз аглядкі на забавязаньні агульнавызначанай наперад праграмы, узяла ды выключыла сваю антэну з перадачы агульнай, і з сваёй радыёстанцыі, чамусьці вельмі падэнэрваваным голасам, абвясьціла, што ўжо надала аўдыцыю “песьняў палескіх” ды што прыступае да ігры з грамафонам плітак: “wesele goralskie”, “umarl Maciek” і інш. Уся гэта “аўдыцыя” з грамафонных плітак трывала да тае хвіліны, пакуль у Варшаве сьпяваў М.Забэйда. Гэтак Віленская радыёстанцыя яшчэ раз выявіла свае сапраўдныя адносіны да беларускіх песьняў, а тым самым і да таго народу, каторы іх пяе і каторага культурныя патрэбы мусіла б браць перад усім пад увагу…”.

Тым не менш, Міхась Забэйда-Суміцкі стаў вельмі папулярным спеваком у Польшчы. Польскія кампазітары дасылалі спеваку песні з просьбамі, каб ён выконваў іх на сваіх канцэртах. У яго рэпертуары былі арыі з опер, араторыі, кантаты, песні і рамансы розных народаў і стыляў — ад класікаў да тагачасных кампазітараў. Беларускі спявак вельмі шмат выступаў. Радаваў ён песняў у Варшаве і беларусаў. Вось што пісалі беларускія часопісы пра канцэрты Міхася Забэйды-Суміцкага ў Варшаве: ”27 лютага у залі Варшаўскай кансерваторыі адбыўся канцэрт песьні. Выступаў слаўны тэнар Міхась Забэйда-Суміцкі. З прасьпяваных ім песень, найлепш спадабаліся публіцы песьні беларускія” (“Шлях моладзі”, 1937, № 3. С.22). “Канцэрты М.Забэйды-Суміцкага адбыліся ў Вільні 8 мая і ў Варшаве 24 мая. У іх праграме апрача розных іншых твораў, былі і беларускія народныя песьні. Як заўсёды, найпрыхільней, з захапленьнем, былі прынятыя публікаю беларускія песьні ў вельмі мастацкім выкананьні нашага слаўнага сьпевака” (“Беларускі летапіс”, 1938, № 2. С.42). “Апошні час артыст стала жыве ў Варшаве, выступае на сталічных сцэнах, у Польскім радыё, выязджае часта з канцэртамі на правінцыю і заграніцу. Прычым на кожным канцэрце слаўнага артыста разам з ім выступае беларуская песьня, выступае ў поўным блеску і красе, карыстаецца калясальным посьпехам побач з шэдэўрамі музыкі эўрапейскай. Так на канцэрце ў Варшаўскай кансерваторыі 27 лютага г.г. дзьве беларускія народныя песьні А.Грэчанінава “Ляціць сарока” і “Конь бяжыць, зямля дрыжыць” зрабілі калясальнае ўражаньне на публіку. Артыст быў змушаны паўтарыць іх…”, — пісаў Рыгор Шырма ў часопісе “Беларускі летапіс” у красавіку 1937 года.

Пра канцэрт у Варшаве ў траўні 1938 года прыгадваў у сваіх успамінах і Пятро Ластаўка, якія друкаваліся ў тыднёвіку “Ніва” 8 сакавіка 1957 года: “У траўні 1938 года Асветнае таварыства беларусаў у Варшаве сарганізавала публічны канцэрт у Варшаўскай кансерваторыі вядомага беларускага спевака М.Забэйды-Суміцкага. Тут трэба падкрэсліць, што беларускі канцэрт зрабіў вялікае ўражанне ў Варшаве. Зала кансерваторыі была перапоўнена, а артыст вымушаны быў па просьбе слухачоў паўтарыць амаль кожную беларускую песню. Прэса варшаўская ў сваіх рэцэнзіях пісала, што даўно ўжо не было такога добрага канцэрта ў сталіцы, а выходзячыя з канцэрта гаварылі між сабой, што і беларусы маюць свайго Кепуру, і вось, каб часцей беларускія песні тут пяялі, надта ж яны прыгожыя”.

У Варшаве ў Міхася Забэйды-Суміцкага было шмат творчых планаў і спадзяванняў. Але ўсяму гэтаму перашкодзіла Другая сусветная вайна. Аднойчы спявак патрапіў пад серыю бамбёжак і нямецкіх абстрэлаў. Але выратаваў з бяды яго стрыечны брат Язэп Урбановіч. Той самы Язэп Урбановіч (1907-1944), які прымаў актыўны ўдзел у нацыянальна-вызвольным руху ў Заходняй Беларусі. Калі ён вярнуўся з Варшавы на Ружаншчыну — з’яўляўся адным з кіраўніком партызанскага руху на Берасцейшчыне. Загінуў у ліпені 1944 года за некалькі дзён да прыходу савецкіх салдат ад рук партызанаў-марадзёраў, якія рабавалі царкву ў вёсцы Варанілавічы на Пружаншчыне.

У маім хатнім архіве захоўваецца копія пісьма Міхася Забэйды-Суміцкага да Басі Кнубовец – жонкі Язэпа Урбановіча, якая ў сярэдзіне 1980-х гадоў жыла ў Гродне. Нават і не памятаю, хто мне яго і калі даслаў. Ліст вельмі цікавы. Ён мае непасрэднае дачыненне да Варшавы і нашага спевака. Пісьмо да спадарыні Кнубовец напісана ў Празе 18 красавіка 1969 года. Міхась Іванавіч пісаў наступнае: “Дарагая Бася! Адказваю адразу на Ваша пісьмо ад 9 г/м. Ліст гэты я чакаў доўга, так як хацеў скарыстацца Вашай памяццю, якая лепш за маю, каб адказаць на просьбу т.Фактаровіча пра Юзіка (Аляксандр Фактаровіч (1935-1979) – беларускі вучоны і гісторык. Юзікам усе сябры называлі Язэпа Урбановіча. – С.Ч.). Не дачакаўшыся Вашага адказу, я 23 сакавіка напісаў яму прыблізна такі ліст: Паважаны Аляксандр Аляксандравіч! Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы (хвароба, узрост), паспрабую выканаць Ваша жаданне і напісаць успаміны пра Іосіфа Паўлавіча, майго стрыечнага брата. Знаёмства наша пачалося “на адлегласці”. Аднойчы ў Харбіне, дзе я працаваў у савецкай школе, я атрымаў пісьмо. Пісаў яго Юзік. Было яму 14-15 гадоў. Ён пытаўся ў мяне, што яму рабіць. Бацькі застаўлялі яго працаваць па гаспадарцы. А Юзік хацеў вучыцца. З ліста было бачна, што ў яго ёсць усе дадзеныя на тое, каб працягваць адукацыю. У сваім адказе я падтрымаў яго жаданне вучыцца. Ён так і зрабіў…

Прайшло шмат гадоў. Многа было перажыта мною і Юзікам. Нарэшце, мы з ім сустрэліся ў Варшаве, дзе пасля вяртання з Італіі, я працаваў як спявак у 1936-1939 гадах.

Наша першая сустрэча вельмі зблізіла.

Ён шмат чуў і чытаў пра тое, што я не толькі застаюся беларусам, верным свайму народу, але і ў сваіх канцэртах, нягледзячы на шматлікія перашкоды, выкарыстоўваю беларускія народныя песні. У сваю чаргу ў Шэйпічах (родная вёска М.Забэйды-Суміцкага і Язэпа Урбановіча на Пружаншчыне. – С.Ч.) я даведаўся, што ён вельмі пацярпеў, змагаючыся за шчасце свайго народа, сваёй Радзімы. Гэта дапамагло нам адразу быць шчырымі і адкрыта размаўляць пра тое, як у санацыйнай Польшчы прыгнятаюць нашых братоў-беларусаў і як трэба з гэтым змагацца… Ён вельмі душэўна перажываў несправядлівасці, звязаныя з культам асобы Сталіна, адмаўляў яго, лічыў, што з гэтым трэба змагацца.

У Варшаве было Асветнае таварыства беларусаў, якое, між іншым, наладжвала канцэртныя праграмы. У арганізацыі такіх мерапрыемстваў прымаў удзел і Іосіф Паўлавіч. Ён вельмі любіў беларускія народныя песні і часта прасіў мяне што-небудзь праспяваць. Часам сам падпяваў. Вось дзве з гэтых песень:

*** Ой, у полі азерца, Там плывала вядзерца. Прыхадзі, мілы, не тамі мяне, Ды пацеш маё сэрца. Ці ж я не такая, Як і тая другая. Я й харошая, я й прыгожая, Толькі доля ліхая… *** Ой, пайду я лугам, лугам, Дзе мой мілы арэ плугам. Занясу яму я есці, Ці не скажа ён мне сесці. Занясу яму я піці, Ці не будзе гаварыці. Ён наеўся і напіўся, Сеў на ролю й зажурыўся. Што ты, мілы мой, думаеш, На мяне не паглядаеш? А я сяджу ды думаю, Што нялюбу жонку маю. Браў мяне ты ўдзень, не ўночы, Дзе ж тады свае меў вочы?..

Размаўлялялі мы між сабой заўсёды на роднай беларускай мове. Ён лічыў, што без роднай мовы няма народа як нацыі. Памятаў словы Ф.Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”. Вельмі любіў Янку Купалу і Якуба Коласа.

Летам у добрае надвор’е мы разам хадзілі ў Лазенкі — вялікі парк у Варшаве. Па дарозе спыняліся каля помніка Шапэна, музыку якога ён вельмі любіў.

Аднойчы мы сядзелі разам пад дрэвам у Лазенках. І раптам да нас прыбегла вавёрачка, і, так як мы не варушыліся, залезла яна на калені да Іосіфа Паўлавіча. Гэта яго вельмі ўзрадавала. Дарэчы, мы шмат размаўлялі пра давер. Трэба адзначыць, што Іосіф Паўлавіч не толькі ўмеў добра гаварыць, але і ўмеў слухаць людзей, нават і тады, калі не пагаджаўся з тым, пра што той казаў. У надзеі, што Вы не забыліся беларускай мовы, прывяду адзін выпадак, пра які я пісаў у сваіх “Успамінах”, надрукаваных у альманаху “Белавежа” (Беласток, 1965, № 1): “Вайна захапіла мяне ў Варшаве. Як вядома, нямецкія фашысты хутка акружылі горад і сталі бамбіць яго і абстрэльваць. І вось мне ўспамінаецца гераічны ўчынак майго стрыечнага брата Язэпа Урбановіча. Ён з адным таварышам прабраўся праз акружэнне і пранік у Варшаву, каб вывесці мяне з пекла, у якім я апынуўся. На жаль, я быў хворы і не мог ісці. Крануты дабразычлівасцю, я падзякаваў яму за чалавечыя адносіны да мяне і пры развітанне сказаў, што хоць застаюся ў Варшаве, але душой буду заўсёды з ім. Так яно і было…”. Гэта была мая апошняя сустрэча з Іосіфам Паўлавічам. Я вельмі рады, што Вы захапіліся вывучэннем жыцця і дзейнасці гэтага цудоўнага чалавека і жадаю Вам поўнай удачы ў працы. З павагай М.Забэйда”.

Так у Вашаве Міхась Забэйда-Суміцкі цудам застаўся жыць. Ён прабыў там адзін год. І вясной 1940 года па запрашэнню Народнага дома выехаў у Прагу.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя