28 траўня ў Беларускім Грамадзка-Рэлігійным Цэнтары горада Таронта адбылася Ганаровая Акадэмія з нагоды 100-годдзя Мітрапаліта Мікалая – Першаярарха Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ў 1983–2002 гг. У залі сабраліся ўшанаваць памяць Уладыкі Мікалая тыя, хто яго ведаў як сьвятара, як чалавека, тыя, хто разам зь ім сваім асабістым удзелам дапамагаў Царкве, стаяў побач з Уладыкам Мікалаем у справе прасоўваньня Беларушчыны ў замежжы і на Бацькаўшчыне.
Са сталіцы Канады для ўдзелу ва ўрачыстасьцях прыбылі Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, група сябраў Атаўскага аддзелу Згуртаваньня Беларусаў Канады на чале са Старшынём Галоўнае Ўправы аддзелу Пётрам Мурзёнкам. З антарыйскага горада Бэры – Старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады доктар Руслан Качаткоў. Прысутнічалі таксама Першаярарх БАПЦ Архіяпіскап Паўночна-Амэрыканскі і Наваградзкі Сьвятаслаў, Старшыня Галоўнае Ўправы Згуртаваньня Беларусаў Канады Зьміцер Эльяшэвіч, сябры ЗБК, парафіяне Царквы Сьв. Кірылы Тураўскага.
Сьвяточны дзень пачаўся з ранішняга набажэнства ў Царкве Сьв. Кірылы Тураўскага пад кіраўніцтвам Першаярарха БАПЦ Архіяпіскапа Сьвятаслава з удзелам айца Аўгена і госьця з Украіны япіскапа Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы Уладзімера, які прыбыў у Таронта з Кіева на запрашэньне Кіраўніка БАПЦ адмыслова для ўдзелу ва ўрачыстасьцях з нагоды 100-годдзя Ўладыкі Мікалая. Набажэнства скончылася традыцыйным сьпяваньнем духоўнага гімну беларусаў ''Магутны Божа''.
Далей гасьцей чакаў сьвяточны стол са смача прыгатаванай ежай.
Старшыня Галоўнае Ўправы Згуртаваньня Беларусаў Канады Зьміцер Эльяшэвіч
А 12-й гадзіне распачалася галоўная частка праграмы ўрачыстасьцяў - Ганаровaя Акадэмія. Ва ўступным слове кіраўнік ЗБК Зьміцер Эльяшэвіч зазнaчыў, што сёньня беларусы аддаюць даніну пашаны чалавеку, які стаяў ля вытокаў рэлігійнага жыцьця беларускае праваслаўнае грамады Канады. Духоўны айцец, асьветнік, перакладчык – багата пасьпеў зрабіць Уладыка Мікалай за дзесяцігодзьдзі самаахвярнага служэньня людзям і Богу. Яго мудрыя словы казаньняў, вялізарная працавітасьць, надзвычайная сьціпласьць прыцягвалі і вернікаў, і тых, хто ў пэўны момант жыцьця проста меў патрэбу ў разумнай парадзе. Гэтымі днямі і парафіяне і духавенства нашае царквы аддаюць належнае свайму духоўнаму правадыру і айцу.
Першаярарх БАПЦ Архіяпіскап Сьвятаслаў
У сваім казаньні пра служэньне Ўладыкі Мікалая Царкве і людзям Архіяпіскап Сьвятаслаў узгадаў пра тыя выклікі лёсу, нябачныя нам воку выпрабаваньні, што мусіў мужна прымаць і пераадольваць наш славуты юбіляр на сваім жыцьцёвым шляху. Наведваць беларускія асяродкі на трох кантынентах - Аўстраліі, Эўропе, Паўночнай Амэрыцы, пералёты з усім неабходным для набажэнстваў адзеньнем, рэгаліямі, іншымі рэчамі - гэта нават з фізічнага боку нялёгка. Уладыка Мікалай моўчкі пераўзмагаў ўсё тое, што замінала яму выконваць свае абавязкі, і мужна йшоў наперад у сваім ахвярным служэньні Царкве, людзям, Беларусі. І пры ўсім тым пакінуў наступным пакаленьням беларусаў у спадчыну шмат напісанага, што безумоўна ёсьць важкім духоўным здабыткам ўсяе Царквы і у агульным кантэксце - духоўным здабыткам усяе Беларускае Нацыі.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла адзначыла, што сьвятаром, вялікім патрыётам і адданым беларусам, якому хочацца аддаць чэсьць у гэтых маіх разважаньнях пра рэлігію, быў уладыка Мікалай, мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Яна прысутнічала як старшыня Рады БНР на ягоных паховінах у Нью-Брансўіку ў чэрвені 2002 году і прыняла перададзены Радзе бел-чырвона-белы сьцяг, які пакрываў ягоную труну. З уладыкам Мікалаем яна з мужам Янкам пазнаёміліся, калі былі ўжо ў Канадзе. Адведваў ён іх у Атаве на Вадохрышча, сьвяціў іхні дом і ў іх начаваў. Тады яны мелі нагоду шмат пра што пагутарыць. Быў гэта чалавек лагодны, сьціплы і працавіты. Ён добра ведаў, ідучы вучыцца на сьвятара, што матэрыяльна жыцьцё яго будзе цяжкім. Але верыў у Бога і ў людзей і ніколі ня траціў надзеі. Дараваў нават тым, хто яго асабіста пакрыўдзіў. Быў Уладыка моцна перакананы, што вера ў Беларусі мусіць быць беларускай, і таму моцна бараніў аўтакефалію. Верыў, што прыйдзе час, калі Беларуская праваслаўная царква вызваліцца ад Масквы.
Заснавальніца Канадыйскай дызайнерскай кампаніі ''Спірыт оф Беларус'' (Дух Беларусі) Ірына Варабей. Ікону з выяваю Сьв. Кірылы Тураўскага дэманструе Алесь Кот
Заснавальніца канадыйскае дызайнерскае Кампаніі ''Spirit of Belarus” (Дух Беларусі) пісьменьніца (сябра Саюзу Беларускіх пісьменьнікаў) Ірына Варабей падзялілася асабістымі ўспамінамі і зачытала колькісь момантаў са сваіх нататкаў для кнігі пра Уладыку, агучыўшы ў прыватнасьці наступнае: "Не хацелася б гаварыць пра яго высокамоўнымі словамі (ужо ўсё сказалі да мяне), апісваць, якім ён быў вялікім Мітрапалітам... Я ня ведаю, якім ён быў Мітрапалітам. Ды мяне й не цікавіла гэта; я хіба да апошняга ягонага дня не ўсьведамляла, які вялікі пост ён займае. Праўда. Як мне, дык бліжэй ён быў як манах. Як чалавек, чыім пострыгам і абетам стала вера ў маю Беларусь. Сьвятую, далёкую, як Бог, да канца мо й не спазнаную, але навек любімую. А калі некага па-сапраўднаму любіш – то яму й служыш. Гэтую ісьціну я зразумела побач зь ім. Я сказала “маю Беларусь”... Так, я проста сустрэла чалавека, хто быў гэтак жа закаханы ў яе, але ўпершыню ўбачыла, як і дзе можна па-сапраўднаму рэалізаваць сваё каханьне – служэньнем ёй. Ён быў бліжэй мне гэтай сваёй прысьвечаннасьцю і манаскім ладам жыцьця. Так, мне больш быў цікавы гэты бок ягонага жыцьця – жыцьця манаха, але не ўтоенага ад людзкога вока за манастырскімі мурамі. Жыць манахам сярод людзей... Не, я не бачыла, што гэта было складаным для яго. Думаю, гэта было сутнасьцю ягонай місіі на гэтым сьвеце: спачатку ён сам, у душы, абетаваўся служэньню Беларусі – а потым, калі гэтага патрабавала служэньне, прыняў і сьвятарства, і фармальнае манаства. Думаю, і ягоныя крокі да мітрапалітства былі з адзінай гэтай думкай: “...дзеля Беларусі”. І Беларусь называў “сьвятой”. Пэўна, некалі ён будзе кананізаваны. Прынамсі, я так спадзяюся. Бо так адчуваю. Так яго ўспрымаю. Такім яго ведаю."
Далей І. Варабей ўзгадала, што Ўладыка пакінуў ёй свае "Успаміны" (мемуары). Манускрыпт да гэтае пары захоўваецца у яе, і што варта б было іх надрукаваць асобным выданьнема таксама распавяла аб вышываным партрэце Ўладыкі. Напрыканцы І.Варабей узгадала пра гісторыю іконы Сьв. Кірылы Тураўскага, якую Антось Варабей намаляваў на замову Мітрапаліта Мікалая, і якая зараз займае пачэснае месца ў іканастасе Царквы Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ у Таронта.
Старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады доктар Руслан Качаткоў
Старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады доктар Руслан Качаткоў адзначыў, што асоба святара, асаблiва япiскапа, з'яŷляецца вельмi важнай для парахвii. Р. Качаткоў пазначыў Уладыку Мiкалая як надзвычай добрага чалавека з цудоŷнай аурай i цеплай энергетыкай ад якога проста йшлi праменнi цяплынi i дабрынi. ''Калi ён веŷ службу i прапаведваŷ, - сказаў Р. Качаткоў - здавалася ён зазiраŷ у душу кожнаму з нас, i слова Божае праз яго ŷваходзiла у мяне i як быццам матэрэалiзавалася. Ен заснаваŷ такi моцны духоŷны падмурак парахвii, што негледзячы на шматлiкiя складанасцi, наша царква i дасюль iснуе, жыве i працягвае весцi нас да Бога''.
Старшыня Нагляднае Рады Згуртаваньня Беларусаў Канады Надзея Дробіна на працягу 5 год была побач з Уладыкам, прымаючы актыўны ўдзел у грамадзка-рэлігійным жыцьці беларускага асяродку ў Канадзе. Выхадка з Гомельскае вобласьці, але прыехаўшая у 1997 г. з сям'ёю ў Канаду з Украіны, яны з мужам спачатку вырашылі туліцца да украінцаў, бо ня ведалі пра існаваньне ў Таронта зарганізаванага беларускага жыцьця. Але аднойчы, даведаліся пра Беларускі Грамадзка-Рэлігійны Центар у Таронта, наведалі яго і мелі працяглую размову з Уладыкам Мікалаем, які ў той час быў кіраўніком парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ у Таронта. Тая сустрэча моцна паўплывала на Н. Дробіну, і з таго часу ужо на працягу 20 год яна ў БАПЦ.
Н. Дробіна агучыла успамін доктара Раісы Жук-Грышкевіч, жонкі і сакратара Старшыні Рады БНР у 1970–1982гг. Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Раіса Жук Грышкевіч неаднаразова абіралася на пасаду Старшыні Згуртаваньня Беларусаў Канады, узначальвала Каардынацыйны Камітэт Беларусаў Канады, добра ведала Ўладыку Мікалая асабіста і знаходзілася з ім у цесных стасунках у вырашэньні шматлікіх пытаньняў грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў Паўночнай Амэрыцы. Амаль аднагодкі (Раіса Жук-Грышкевіч нарадзілася у 1918 г.), яны дзесяцігоддзі ішлі побач пакінуўшы адметны сьлед у гісторыі Беларускае дыяспары.
У сваіх ўспамінах Раіса Жук-Грышкевіч у прыватнасьці распавяла наступнае: '' ... Ўладыка Мікалай быў заўсёды цесна зьвязаны зь беларускім нацыянальным жыцьцём у Канадзе. Пры канцы 1960-х гадоў Уладыка Васіль стараецца аб новым беларускім япіскапе. Не дарма-ж ён, назіраючы за душпастырскай і беларускай дзейнасьцю айца Міхала, зьвярнуўся да яго з прапановаю ўзяць на сябе такі цяжар адказнасьціі япіскапскага сану. Айцец Міхал, пэўна, мусіў добра заглянуць у глыбіню сваёй душы, каб даць адказ.
Ды, відавочна, ад самага пачатку, ад 50-х гадоў, тут дзеіла накіраваньне Сьвятога Духу, Волі Божае. Ісус Хрыстос, як калісь сваіх апосталаў, пасылаў Міхася Мацукевіча, а пасьля айца Міхала і казаў яму: "Вазьмі свой крыж і йдзі за мною". І айцец Міхал узяў свой крыж, якім бы цяжкім ён ня быў, і пайшоў за Хрыстом. Спатыкаючыся і падаючы ад зьнямогі, ішоў Уладыка Мікалай сваёй цярністай крыжовай дарогай аж да 18-га чэрвеня 2002-га году, калі аддаў свой дух. І мы молімся, каб Ісус Хрыстос прыняў Яго ў Валадарства Нябеснае.
Гэта дзякуючы Ўладыку Мікалаю царква Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта была, хіба, з усіх праваслаўных цэркваў пад сонцам самаю беларускамоўнаю.
Дастойны Ўладыка Мікалай, Вы сваім жыцьцём здабылі й пакінулі па сабе незацёрты сьлед, як канадыйцы кажуць "You made a difference". Вы сталіся пачаткам і кіраўніком існаваньня БАПЦ у Канадзе. Гэтым Вы паставілі сабе манумэнт, занялі месца ў гісторыі беларускае царквы, у гісторыі Беларусі."
Вечная Вам памяць!"
Алесь Кот
Алесь Кот зрабіў сваеасаблівае рэв'ю успамінаў вядомых дзеячоў беларускага замежжа пра Мітрапаліта Мікалая, што не змаглі з розных прычынаў прыняць удзел ва ўрачыстасьцях у Таронта. У прыватнасьці ён сказаў, што пісьменьнік Кастусь Акула (1925–2007), які ў 1948 г. заснаваў Згуртаваньне Беларусаў Канады, у свой час узгадваў, што калі ў 1951-м годзе ў Таронта завітаў да яго сьціплы, ветлівы й зь віду надта памяркоўны чалавек, Міхась Мацукевіч, аказалася, што ў 1946-м годзе вясною яны абодва былі ў ваенным абозе Тэрсо на поўначы Шатландыі. Зразумела, ніхто-ж не пазнаёміў там паляшука з глыбачанінам... Чужынцы-акупанты не далі яму магчымасьці навучыцца роднае мовы, давялося здабываць яе ў Канадзе. Архіяпіскап Мікалай на працягу гадоў перакладаў на беларускую мову ўсё царкоўна-славянскае, неабходнае; гэткім чынам БАПЦ уводзіла беларускую мову ўва ўсіх сваіх парафіях. На сваё ўтрыманьне наш дарагі Ўладыка ўвесь час зарабляў працай на прадпрыемствах. Ён ніколі ня браў грошай за службу як сьвятар.
Наступнае, што сталася агучаным прамоўцаю, былі дасланыя з Амэрыкі ўспаміны вядомага беларускага грамадзкага дзеяча пісьменьніка доктара Янкі Запрудніка, у якіх ён у прыватнасьці піша, што шмат супрацоўнічаў з Уладыкам Мікалаем у 1980–90-х гадах, калі рэдагаваў у Ню Ёрку газэту Беларус і дапамагаў Уладыку ў апрацоўваньні ''Службоўніка'', аднае з ягоных галоўных публікацыяў. Апрача гэтага ведаў яго асабіста як чалавека яшчэ з часоў грамадзкага жыцьця ў брытанскім Лёндане. Там у 1950–51 гадах адбыліся іхныя кароткія сустрэчы-гутаркі. Яны пакінулі Я. Запрудніку ўражаньне пра Ўладыку Мікалая як пра асобу лагоднае натуры. Уражаньне гэтае глыбока замацавалі далейшыя гады супрацоўніцтва.
Пад паверхняй спакойнае асобы Ўладыка быў глыбокаверуючым чалавекам, шчырым патрыётам Беларусі, дбайлівым духовым пастырам і самаахвярна працавітым рэлігійным дзеячом. Сваёй працаюі ў вялікай меры за свае ж асабістыя сродкі (у дадатак да сьціплай дапамогі звонку) ён здолеў пакінуць трывалую спадчыну ў форме кніжных перакладаў-публікацыяў - перш-наперш ягонага фундаментальнага ''Службоўніка''. Гаворачы пра ўладыку Мікалая, Ян Запруднік падкрэсьліў гістарычнае значэньне ягонай перакладніцка-выдавецкай дзейнасьці. Значэньне гэтае робіцца асабіста відавочным у сёлетнім годзе, калі разам са стагоддзем нараджэньня ўладыкі, адзначаецца 500-годдзе выхаду Бібліі Францыска Скарыны.
Цікавыя ўспаміны адмыслова да ўрачыстасьцяў у Таронта даслаў Дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва (ЗША) доктар Вітаўт Кіпель. Узгадваючы постаць Мітрапаліта Мікалая як сьвятара В. Кіпель прывёў прыклад з набыцьцём Беларускага дома адпачынку ''Белэр-Менск'' на 60-ці акравым кавалку зямлі ў штаце Нью Ёрк у 1963 г. То была сацыяльна знакавая для амэрыканскіх беларусаў падзея. Вырашалі, каму даверыць высьвячэньне дому. Усе зышліся на тым, што найбольш заслугоўвае выконваньня гэтае адказнае ролі сьвятар Міхась Мацукевіч. На высьвячэньне беларускае хаты сабралася больш за тысячу беларусаў Амэрыкі. Беларускі сьвятар Міхась Мацукевіч выдатна правёў цырымонію высьвячэньня. Міхась Мацукевіч шмат працаваў у Нью Ёрскай публічнай бібліятэцы, працуючы над кнігаю пра Моталь, дасьледуючы лёсы людзей – выхадцаў з Моталю, іх сувязі з родным мястэчкам. Пры гэтым меў стасункі з рознымі дэпартаментамі бібліятэкі. Уладыка Мікалай лічыў за правіла кожны год увосень выступаць з прамоваю на тыдні славянскае спадчыны, што праводзіўся ў штаце Нью Ёрк, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі каля 15 этнічных групаў Амэрыкі. З гэтае нагоды Ўладыка Мікалай быў вядомы шмат у якіх нацыянальных асяродках. І на гэтай глебе ён быў асабіста знаёмы з губэрнатарам штата Ню Ёрк. В. Кіпель казаў, што кожны раз, калі яму даводзілася наведваць Беларусь, Ўладыка Мікалай снабжаў яго рэлігійнай літаратурай, каб хоць нешта з рэлігійнага на роднай мове сталася адвезеным на Бацькаўшчыну. Усяго 50 год плённага супрацоўніцтва Уладыкі Мікалая з БІНІМ у ЗША. Пісаў сам, распаўсюджваў выданьні БІНІМ, дапамагаў матэрыяльна іншым аўтарам. Уладыка Мікалай быў адданы навуковаму працэсу. Праз самаадукацыю ён узьняў сябе на надзвычайна высокі ўзровень, стаўшыся высокаінтэлектуальнай асобай (асабістая думка В. Кіпеля выказаная у прыватнай размове з А. Кот, але не для друку: ''З усіх паваенных ярархаў БАПЦ Уладыка Мікалай па свайму інтэлектуальнаму ўзроўню стаяў на самай высокай ступені''). Аднойчы падчас удзелу В. Кіпеля ў чарговай міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Белавежы (Польшча), у якой прымала ўдзел блізу 60 навукоўцаў, хтосьці прыехаўшы з Варшавы прывёз навіну, што адышоў Мітрапаліт Мікалай - Першаярах БАПЦ. Канферэнцыя прыпыніла сваю працу, каб ушанаваць ягоную памяць.
Алесь Кот таксама паінфармаваў прысутных, што сканчваецца шматгадовая праца над выданьнем спадчыны Уладыкі Мікалая. Вынікам супрацоўніцтва Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (ЗША), Факультэту паліталёгіі ўніверсітэта Марыі Кюры-Складоўскай (Польшча), Інстытуту Славістыкі Польскай Акадэміі Навук сталася кніга ''У малітве за Беларусь'' у трох тамах, агульная колькасьць бачынак у якіх складае больш за дзве з паловаю тысячы. Укладальнік кнігі - вядомы беларускі і польскі дасьледчык Юрась Гарбінскі. На рэалізацыю названага праэкту беларускімі рэлігійнымі інстытуцыямі, грамадзкімі арганізацыямі і прыватнымі асобамі ЗША, Вялікае Брытаніі, Аўстраліі, Летувы і Канады былі сабраныя каля 20 000 даляраў. Пры гэтым унёсак канадыйскіх беларусаў склаў 75% ад агульнае сумы.
У прадмове да названага выданьня Др. Вітаўт Кіпель, Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва (Нью Ёрк, ЗША) адзначыў, што дадзеная праца прысьвечаная жыцьцю й дзейнасьці ўладыкі Мікалая (у сьвецкім жыцці Міхала Мацукевіча), рэлігійнага мужа, аднаго з буйнейшых дзеячоў беларускае дыяспары, дзяржаўніка, дасьледніка, сябра Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Апынуўшыся ў часе ваеннае завірухі на Захадзе, яму трэба было працаваць і на ральлі, і каля станка, прайсьці праз вайсковую муштру ды, выжыўшы, атайбавацца ў Канадзе. Грамадзкі працаўнік Міхал Мацукевіч меў пакліканьне й выбраў рэлігію ды праваслаўную царкву. У гэтай галіне ён здабывае асьвету, акунаецца цалкам у душпастырскую дзейнасьць, дапамагае беларускай дыяспары на Захадзе ды, падымаючыся са сьвятара па гіерархічнай лесьвіцы, ачольвае запачаткаваную ў Беларусі ў 1920-х гадох Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву (БАПЦ). Уладыка ў шматлікіх пропаведзях, пісьмовых працах, разважаньнях як у беларускіх колах, гэтак і сярод праваслаўнага духавенства ды шырокага канадзкага й амэрыканскага грамадзтва, абасноўваў і бараніў прынцып гістарычнае цягласьці-спадчыннасьці сягоньняшняе БАПЦ з Наваградзкай мэтраполіі, лучнасьць зь беларускім праваслаўем Вялікага Княства Літоўскага. З такім паглядам пагаджаецца БІНіМ і дзяржаўніцкая беларуская дыяспара.
Алесь Кот зазначыў, што выйсьце кнігі безумоўна стане зьяваю ў беларускім сьвеце, і выказаў спадзяваньне - добраю падставаю, штуршком для актывізацыі шырокае дыскусіі пра актуальнасьць свае, Беларускае ва ўсіх разглядваемых аспэктах царквы, якою сёньня з'яўляецца БАПЦ - сапраўды свая Беларуская, сапраўды ні ад каго незалежная, і якую менавіта з-за гэтых ейных фундаментальных адрозьненьняў ад дзейнічаючае ў Беларусі так званае Беларускае праваслаўнае царквы, а на самой справе філіі РПЦ, ўпарта ня вызнае існуючы ў Беларусі рэжым улады, адмаўляючы ў рэгістрацыі БАПЦ, юрыдычнай легалізацыі яе на тэрыторыі краіны.
Напрыканцы Акадэміі прысутным у залі сталіся прадэманстраванымі два відэазапісы: здымка набажэнства ў Царкве Сьв. Кірылы Тураўскага з удзелам Мітрапаліта Мікалая ў ліспападзе 1998 г. У гэты ж дзень беларусы Канады адзначалі 50-я ўгодкі Згуртаваньня Беларусаў Канады. Другі фільм зроблены ў Моталі летам 2013 г. Жыхарка мястэчка Спадарыня Вольга Мацукевіч, у мінулым дырэктарка Мотальскага краязнаўчага музэю, распавяла пра родныя мясьціны Ўладыкі Мікалая, пра ягонае наведваньне роднага кута ў лютым-сакавіку 1992 г.
Алесь Кот
Мітрапаліт Мікалай (1917–2002) – праваслаўны святар, архіяпіскап, першаярарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у эміграцыі (1983–2002), рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа. Удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст. У свецкім жыцці – Міхаіл Мацукевіч.
Нарадзіўся 21.05.1917 на хутары Суяцін Яршоўскага павета Самарскай губ. Паходзіў з праваслаўнай сям'і беларусаў-бежанцаў. У час Першай сусветнай вайны ягоныя бацькі – Кандрат і Домна (з дому Дзямковічаў) Мацукевічы выехалі з роднай вёскі Моталь на Берасцейшчыне. У 1921 г., пасля смерці маці і сястры, вярнуўся разам з бацькам і двума братамі ў Беларусь. Скончыў пачатковую школу (1932). Пазней вучыўся ў Тараканаўскай сельскагаспадарчай школе. Служыў у польскім войску ў Берасці, дзе сустрэў Другую сусветную вайну. Быў паранены. У лістападзе 1939 г. вярнуўся дадому. Вучыўся на настаўніцкіх курсах у Берасці. Пазней пераехаў у Пінск. Пасля акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі «працаваў на ўласнай гаспадарцы». У красавіку 1944 г. быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і вывезены ў Германію. Да лютага 1945 г. знаходзіўся на работах (капаў акопы) паміж гарадамі Кобленц і Бон. Вызвалены амерыканскімі войскамі. З 17.03.1945 жыў у Вялікабрытаніі, дзе працаваў на ферме недалёка ад г. Глазга. Падтрымліваў сувязі з беларускімі перасяленцамі ў Германіі. У 1946 г. ў час наведвання сваякоў у беларускім лагеры ў г. Ватэнштэт пазнаёміўся з беларускім грамадскім дзеячам М.Шылам. Удзельнік 1-га з'езда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (1947). Пасля 1949 г. жыў у Лондане, дзе на працягу двух гадоў працаваў адміністратарам Беларускага дома. У жніўні 1951 г. пераехаў у Канаду. Вучыўся на багаслоўскім факультэце Калегіі св. Андрэя ў г. Вініпег. Рукапаложаны ў сан ярэя 06.05.1952 ярархам Украінскай грэка-праваслаўнай царквы мітрапалітам Іларыёнам. Са жніўня 1954 г. жыў у Таронта, дзе арганізаваў прыход св. Кірылы Тураўскага. Першую святую літургію адслужыў 04.10.1954. Апрача Таронта святарскія абавязкі выконваў у гарадах Садберы, Атава, Манрэаль і інш. З сярэдзіны 1960-х гадоў штомесяц прыязджаў на набажэнства да беларускіх вернікаў у г. Дэтройт (ЗША). Адзін з арганізатараў беларускага праваслаўнага прыхода Святога Духа ў г. Дэтройт. У кафедральным саборы св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку 02.10.1966 пастрыгся ў манахі і прыняў імя Мікалай. На наступны дзень узведзены архіепіскапам БАПЦ Сяргеем у сан ігумена і архімандрыта. Рукапаложаны ў сан япіскапа Турава-Пінскага і Таронцкага 10.03.1968 у Аўстраліі. У траўні 1983 г. на надзвычайным саборы БАПЦ у Кліўлендзе абраны першаярархам БАПЦ. На 3-м саборы БАПЦ у царкве Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд-Парку (Нью-Ёрк) абраны паўторна першаярархам БАПЦ. Садзейнічаў выданню царкоўна-рэлігійных кніг «Праваслаўны малітоўнік» (1966) і «Службоўнік» (1980). У лютым-сакавіку 1992 г. наведаў Беларусь. Узначальваў Фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Памёр 20.06.2002 у Таронта.