БІНІМ на Кангрэсе Федэрацыі гуманітарных і сацыяльных навук Канады-2017

З 27 мая па 2 чэрвеня ў Райерсан універсітэце ў Таронта (Ryerson University, Toronto, Ontario) праходзіць 86-ты  штогодны кангрэс Федэрацыі гуманітарных і сацыяльных навук Канады. На Кангрэсе вынікі сваёй працы прадстаўляюць звыш 8000 даследчыкаў, аб’яднаных у больш чым 70 навуковых ассацыяцый. Традыцыйна ў Кангрэсе прынялі ўдзел сябры Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе (БІНіМ). Даследчыкі з БІНіМу ўваходзяць у Канадскую асацыяцыю славістаў (КАС), якая аб’ядноўвае навукоўцаў, што займаюцца вывучэннем славянскай гісторыі, мовы, палітыкі, культуры і літаратуры (балканскія краіны, Беларусь, Польшча, Расія, Украіна і інш.).

У першы дзень, 27 мая, на трох сесіях адбыліся паседжанні на 15 тэматычных секцыях, тры з якіх былі поўнасцю беларускімі. Вялікая заслуга ў складанні праграмы беларускіх секцый, а таксама ў іх арганізацыі, належыць праф. З. Гімпелевіч, дырэктару БІНіМ у Канадзе. На ранішнім і вячэрнім паседжаннях былі заслуханы па тры навуковыя даклады, а пры канцы дня сябры БІНіМу правялі з беларуска-канадыйскімі паэтамі круглы стол . Кожнае паседжанне доўжылася дзве гадзіны, час для выступу быў вызначаны ў 20 хвілін, таму заставалася яшчэ магчымасць для дыскусій. Можна выказаць шчырую падзяку ўсім беларусам, якія прыехалі на кангрэс з Атавы, Бэрі, Ватэрло, Кінкердайна і Таронта, за іх высілкі ў падрыхтоўцы дакладаў і непасрэдны ўдзел у паседжаннях.

Удзельнікі паседжанняў (злева направа): першы шэраг – З. Гімпелевіч, В. Іпатава, І. Сурвілла, Г. Туміловіч, Ю. Шамецька; другі шэраг – П. Мурзёнак, Н. Баркар, С. Панізьнік, Я. Федзюшын, Ю. Рапецкі.

На ранішнім паседжанні свае даклады прадставілі сп. Юрась Рапецкі – “Пратэстантызм на беларускай зямлі”, канд. навук Галіна Туміловіч – “Беларусь ад Вялікага княства літоўскага да глабалізацыі: якую спадчыну мы возьмем з сабой?”, а таксама праф. Зіна Гімпелевіч – “Рыгор Барадулін (1935–2014): Толькі б яўрэі былі! Кніга павагі і сяброўства (2011)”.

На вячэрнім паседжанні выступілі сп. Івонка Сурвілла, якая зачытала даклад сваёй дачкі праф. Марыі Сурвілла (тая не змагла прыехаць на кангрэс) – «Сталасць памяці і фарміраванне ідэнтычнасці: міграцыя і Айчына ў беларускім досведзе”, доктар Пётра Мурзёнак – “Усходнеславянская беларуска-украінская цывілізацыя”, а таксама канд. навук Наталія Баркар – “Актыўнасць часопіса “Культура, Нацыя” ў 2013–2017 гг.”.

Даклады былі прадстаўленыя на англійскай і беларускай мовах, і былі выкананыя на высокім акадэмічным узроўні. Тэматыка дакладаў выклікала зацікаўленыя пытанні і дыскусію сярод удзельнікаў.

Заключную працу ў гэты дзень даследчыкі з БІНіМу праводзілі ў цёплай эмацыйнай атмасферы. Сеўшы кругам, яны слухалі вершы і расказы аб творчасці беларускіх паэтаў – Вольгі Іпатавай, Сяргея Панізьніка, Пятра Мурзёнка, Юрася Шамецькі.

З паэтычнай старонкі кангрэса: Ю. Шамецька, В. Іпатава, С. Панізьнік, П. Мурзёнак

Сваім удзелам на такім прадстаўнічым навуковым форме, якім з’яўляецца кангрэс Канадскай федэрацыі гуманітарных і сацыяльных навук, даследчыкі з БІНіМу надалей сцвярджаюць унікальную самабытнасць беларускага народа, яго права на нацыянальнае развіццё і далейшае існаванне ў найноўшы гістарычны перыяд.

Пётра Мурзёнак