Як прывабіць турыстаў у Мінск? Марыя Чаракова і яе каманда мяркуюць, што трэба сакавіта распавесці пра горад унікальнай эклектыкі, дзе кожны раён мае свой асаблівы дух. За некалькі месяцаў да таго, як урад дазволіў замежнікам пяцідзённы бязвізавы ўезд для падарожжа па Беларусі, група энтузіястак і прыхільніц Мінску вырашылі напісаць унікальны англамоўны гід-дапаможнік для замежнікаў «Minsk in Socks». З гэтым дапаможнікам кожнаму турысту будзе ўтульна, зручна і спакойна, як любаму ўнучку ці ўнучцы ў звязаных бабуляй шкарпэтках. Частка кнігі ўжо напісана і адмалявана, але для заканчэння працы спатрэбяцца дадатковыя сродкі. Таму дзяўчаты запусцілі краўдфандынгавую кампанію на міжнароднай платформе kickstarter.соm.
Падарожны гід складаюць чатыры аўтаркі, а ідэя з'явілася ў адной з іх Марыі Чараковай. Марыя ўжо зрабіла шмат для фарміравання станоўчага іміджу Беларусі за мяжой. Менавіта Марыі належала ідэя і рэалізацыя кнігі-праекта «Гэта Беларусь, дзетка!». Дзяўчына нарадзілася ў Мінску, але ў васьмігадовым узросце пераехала з бацькамі жыць у Нідэрланды. У 22 гады яна вярнулася ў любы з дзяцінства горад і пражыла тут тры гады. За што б Марыя ні бралася, яна нясе ўсмешку, крэатыўнасць і аптымізм.
Марыя Чаракова. Фота: Алёна Ліс
Маша Чаракова з сястрой-блізняткай Ганнай у Нідэрланах Фота з архіву Машы Чараковай
Марыя з дзяцінства памятае свае ўлюбёныя месцы ў гэтым горадзе, сярод іх – Парк Горкага, таму што там заўжды можна было частавацца чымсьці салодкім. Пах мінскага метро да гэтага часу выклікае ў дзяўчыны прыемныя ўспаміны. Менавіта пад такім нязвыклым ракурсам аўтаркі гіда прапануюць замежнікам паглядзець на Мінск. «Мая місія, – кажа Марыя, – праз гэты падарожнік адкрыць сталіцу Беларусі для замежнікаў, каб яны не ехалі дзесяты раз у Рыгу або Прагу, а даведаліся і пераканаліся на ўласным досведзе, што Мінск – таксама файны горад».
Гэтая вядомая невядомая сталіца
З усіх еўрапейскіх краін Беларусь наведвае менш за ўсё турыстаў. Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2016 годзе да нас завітала каля 200.000 турыстаў, меней, чым ў 2015 годзе. Больш за 80% гасцей – грамадзяне Расійскай Федэрацыі. З аднаго боку, для краіны з вялікім турыстычным патэнцыялам – гэта маленькая лічба. З іншага – для падарожнікаў-іншаземцаў, якія ўжо стаміліся ад турыстычных натоўпаў каля гістарычных помнікаў, маленькая колькасць наведвальнікаў будзе плюсам. З дапамогай падарожнага гіда «Minsk in Socks» атрымаецца знайсці «фрэндлі-месцы» кожнаму турысту і турыстцы, бо побач будзе сапраўдны папяровы сябар.
Ганна Грыдзюшка, сааўтарка кнігі і краўдфандынг-менеджэр распавяла, што месцы для гіда падбіраліся не толькі па асабістай ініцыятыве і інтарэсах аўтарак. На розных платформах дзяўчаты апыталі сотні людзей: мінчукоў, беларусаў з іншых гарадоў і замежнікаў, якія ўжо пабывалі ў нашай краіне, каб яны параілі, што трэба абавязкова паглядзець у сталіцы. Па выніках апытання быў складзены трэвэл-гід. Некаторыя папулярныя сярод падарожнікаў месцы здзівілі саміх аўтарак. Напрыклад, замежнікам вельмі падабаецца гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна». За 30 кіламетраў ад сталіцы адпраўляюцца, каб глядзець на старыя ваенныя машыны. Гэтае месца таксама ўключылі ў падарожнік.
Ганна Грыдзюшка, сааўтарка кнігі і краўдфандынг-менеджэрка. Фота: Алёна Ліс
Дарэчы, Ганна распавяла, што сярод апытаных замежнікаў даволі часта ў якасці аднаго з улюбёных месцаў фігуравала Кастрычніцкая плошча. Веліч і ўнікальнасць архітэктуры Палаца Рэспублікі (менавіта так апісваюць яго замежнікі) – зачараваная карцінка, якая пераносіць ў савецкае мінулае без машыны часу.
Вольга Капачэня, сааўтарка гіда Minsk in Socks. Фота з архіва аўтаркі
Пра Мінск з любоўю
Яшчэ адна сааўтарка і краўдфандынг-менеджэр Вольга Капачэня доўга жыла ў Мінску, але некаторы час таму пераехала ў Вялікабрытанію. Воля распавядае, што заўсёды любіла гэты горад: «Я нарадзілася ў Салігорску і да паступлення ва ўніверсітэт жыла там. Памятаю, як пасля школьнай паездкі ў сталіцу я сказала бацькам, што гэта такі прыгожы горад, нам трэба туды пераехаць. Кожны раз, калі я завітваю ў Мінск, то бачу змены: з'яўляюцца новыя ўстановы, будынкі, праходзіць больш фестываляў, канцэртаў і розных імпрэзаў. Раней маім самым любімым месцам у Мінску быў стары горад і асабліва зялёная пляцоўка з ліхтарамі над метро Няміга, справа ад Кафедральнага сабора. Вечарам і ўначы гэта выглядае асабліва выдатна, прычым, надвор'е не мае значэння. Таксама я вельмі люблю Кастрычніцкую вуліцу з яе графіці і тусоўкамі. І, вядома ж, Лошыцкі парк. Усе гэтыя месцы ўвайшлі ў наш гід».
Аўтаркі падзялілі Мінск на асобныя турыстычныя раёны. Цэнтральны раён гэта пяць асноўных пунктаў: Вакзал і Інстытут Культуры, праспект Незалежнасці, Няміга, Кастрычніцкая плошча і плошча Якуба Коласа. Некалькі асобных раздзелаў прысвечаны спальным раёнам. Напрыклад, у Каменнай горцы аўтаркі раяць наведаць «KOTTE BAR». Калі тут зазірнуць у меню, то можна ўбачыць хатнія пяльмені і варэнікі.
Юлія Станкевіч, трэнерка нефармальнай адукацыі, сааўтарка гіда: «Я пішу артыкулы пра асобныя раёны Мінска: Нямігу, Серабранку, Трактарны завод і Шабаны. З нецэнтральных раёнаў мы абралі тыя, дзе ёсць нейкія «разыначка-цікавосткі», куды было б цікава з'ездзіць замежнікам і самім мінчукам. Напрыклад, гэта могілкі кранаў у Шабанах, якія я для сябе з цікавасцю адкрыла гадоў дзесяць таму. Прапануем таксама праехацца да канца веласцежкі на вуліцы Якубава. Звычайна едуць да Драздоў па цэнтральнай частцы горада, а калі паехаць па Серабранцы, то можна сумясціць і паездку на ровары, і знаёмства з жылымі раёнамі. Мы абавязкова напішам пра музей валуноў ва Ўруччы і іншыя нетрывіяльныя мясціны ўскраін».
Юлія Станкевіч, сааўтарка гіда па Мінску. Фота: Фэйсбук
Таксама ў гідзе будзе раздзел, прысвечаны падарожжу ў Мінск разам з дзецьмі. Асобая ўвага надаецца мясцовым ініцыятывам і сацыяльнаму прадпрымальніцтву ў сталіцы Беларусі. Дарэчы, на гэта намякае ўжо і назва «Minsk in Socks», бо замовіць сабе кнігу можна разам са шкарпэткамі. Іх звяжуць сваімі рукамі мясцовыя бабулі са старых беларускіх швэдараў і з іншага распушчанага на ніткі адзення. Ініцыятыва «Носочки от бабушки» належыць мінскай сацыяльнай прадпрымальніцы Дыяне Сівіцкай, якая вучыцца на курсе па сацыяльным прадпрымальніцвте Biz4all у межах праграмы «Інкубатар сацыяльнага прадпрымальніцтва», якая ажыццяўляецца ОДБ Брусель і беларускім моладзевым грамадскім аб'яднаннем Новыя твары пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Пры жаданні шкарпэткі можна замовіць асобна.
Дыяна Сівіцкая (першая злева) з камандай праекта "Шкарпэткі ад бабулі" ў часе трэнігу праграмы ОДБ Брусель па сацыяльным прадпрымальніцтве Biz4ALL
Незвычайная форма – незвычайны змест
Фармат будучага гіда – кішэнная кніжка ў 120-150 старонак з вялікай колькасцю аўтарскіх ілюстрацый. Кнігу зручна трымаць адкрытай на патрэбным развароце, што таксама з'яўляецца ўнікальнай фішкай гэтага выдання. Дзяўчаты вырашылі збіраць грошы праз краўдфандынг, каб самастойна выдаць кнігу і адмовіцца ад пасярэдніка ў выглядзе выдавецтва, якое можа навязваць свае правілы.
Фота з інстаграм eleonora_alimova
Ваверка па мянушцы Minsky. Аўтарка ілюстрацыі - Рыта Ціхановіч
Фота з інстаграм katrina_tik
Асаблівую ўвагу аўтаркі надалі не толькі зместу і тэкстам, але таксама ілюстрацыям. Галоўнай дзеючай асобай гіда будзе вавёрка Minsky. Ён стане індывідуальным правадніком па горадзе для кожнага замежніка. Ілюстратары кнігі Рыта Ціхановіч і Дарына Псардзіева звязаны з Беларуссю, але цяпер жывуць за мяжой.
Калі хочацца больш даведацца пра «Minsk in Socks» і ўбачыць сталіцу вачыма замежніка, абавязкова паглядзіце блог Stanly van Ree – прадстаўніка беларускай дыяспары з Нідэрландаў, які ўжо не першы месяц знаходзіцца ў Мінску і распавядае пра тое, чаму гэты горад у цэнтры Еўропы з'яўляецца лепшым і модным напрамкам для будучага падарожжа.
Stanly van Ree на адным з трэнінгаў праграмы ОДБ Брусель па сацыяльным прадпрымальніцтве Biz4ALL
«Мінск у шкарпэтках» – гід менавіта ад мясцовых жыхароў, таму ў кнізе чытачы знойдуць месцы для нетурыстычнага досведу: дзе папарыцца ў грамадскай лазні, выпіць кавы з класічным лусцікам з кілбасой, сырам, рыбай ці ікрой, як патрапіць ва ўтульную кнігарню з атмасферай 1980-х гадоў.
Падтрымаць выпуск кнігі і замовіць асобнік унікальнага гіда сабе і сваім сябрам можна на краўдфандынгавай пляцоўцы kickstarter.com.
Інфармацыйны партнёр праекта - ОДБ Брусель.
Валерыя Мікалайчык, ОДБ Брусель