Да 450-х угодкаў выдання Скарынам першай кнігі беларускія эмігранты на Захадзе рыхтаваліся адмыслова. Так, 17 верасня 1967 г. у Таронта высілкамі Згуртавання беларусаў Канады была адкрытая невялікая выстава, што аб’яднала дзве нагоды: угодкі беларускага друку ды 100-годдзе Канады. Тут былі прадстаўленыя больш за 60 экспанатаў: фатаграфіяў, рэпрадукцыяў, дрэварытаў, старадрукаў. У тым самым годзе ў Манрэалі на выстаўцы ЭКСПО-67, у павільёне СССР, былі выстаўленыя два выданні Францыска Скарыны, што паходзілі з бібліятэкі колішняга Супрасльскага манастыра. Угодкі беларускага друку адзначаліся суродзічамі таксама ў амерыканскім Чыкага і аўстралійскім Сіднэі.
Але найбольшай падзеяй стала выстава “450 гадоў беларускага друку” ў Нью-ёркскай публічнай бібліятэцы. Арганізаваную ў супрацы з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва экспазіцыю ад 1 сакавіка да 29 ліпеня 1968 года маглі ўбачыць тысячы наведнікаў. Вось як апісваў гэта галоўны ініцыятар і стваральнік выставы Вітаўт Кіпель:
“Размешчаная была выстаўка ў прасторнай галерэі другога паверху бібліятэкі. Экспанавала яна больш за 200 кнігаў, брашураў, часопісаў, партрэтаў, абразоў, картаў, гравюраў, фатарэпрадукцыяў беларускіх старадрукаў ды графічных іх аздобаў. Апрача трынаццаці вялікіх выставовых сталоў-вітрынаў, экспанаты, — найперш апраўленыя ў рамы пад шклом партрэты ды абразы, — займалі і сцены галерэі. Усе вітрыны выстаўкі мелі свае паясняльныя, у ангельскай мове, даведкі, a ўсе экспанаты — бібліяграфічныя анатацыі”.
Экспанаты выставы рэпрэзентавалі і ўласна Скарынавыя выданні, і копіі дакументальных сведчанняў пра жыццё і дзейнасць першадрукара, і друкі ягоных наступнікаў: Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага, і выданні з друкарняў Мамонічаў, Куцеінскага і Супрасльскага манастыроў. Вялікую частку выставы складалі ўзоры ўжо новага беларускага друку пачынаючы ад канца ХІХ ст. Ад рэпрадукцыяў “Мужыцкай праўды” Кастуся Каліноўскага, арыгіналаў “Нашай долі” і “Нашай Нівы” да ўзораў выданняў 1920-х—1930-х гадоў, паваенныя БССРаўскія выданні дапаўняліся кнігамі і перыёдыкамі беларусаў з Польшчы, ЗША, Італіі, Канады, Нямеччыны і іншых краінаў. Прадстаўленыя былі на выставе і скарыназнаўчыя працы.
З нагоды падзеі Бібліятэка выдала адмысловы прэс-рэліз і сотні плакатаў з выявай Францыска Скарыны. Інфармацыя дасылалася як па бібліятэках і навучальных установах ЗША, гэтак і ў замежжа, у тым ліку каля 40 плакатаў былі скіраваныя ў БССР. У адказ Беларуская дзяржаўная бібліятэка імя Леніна даслала арганізатарам адмысловы ліст падзякі, каля паўсотні новых беларускіх выданняў і просьбу даслаць каталог выставы. На жаль, праз фінансавыя складанасці каталог не быў выдадзены, аднак у інфармацыі па выніках выставы адзначалася:
“Выстаўка “450 гадоў беларускага друку” паказанымі на ей кнігамі, ілюстрацыйнымі экспанатамі ды дадзенымі інфармацыйнымі даведкамі, разгарнула перад гледачом яскравую шырокую панараму галоўных этапаў гісторыі беларускага друку ды дала добры аб’ектыўны абраз ягонага сучаснага стану. Водгукі на выстаўку з’явіліся ў друку амерыканскім, беларускім, славацкім, польскім, савецкім. Адцемленая яна была і ў радыёвых перадачах. Атрымала бібліятэка і шмат лістоўных водгукаў на выстаўку ад навуковых установаў і індывідуальных асобаў. Колькі ўніверсітэтаў ЗША ды еўрапейскіх звярнулася з просьбай даслаць каталогі выстаўкі і мікрафільмы скарынаведнае экспанаванае літаратуры.
Важна асабліва тое, што выстаўка давала ўзоры ўсяе сучаснае беларускае выдавецкае прадукцыі […]. Вядома, что пабачыць на публічным паказе падобны поўны абраз сучаснага беларускага друку ў сусветным разрэзе на беларускай зямлі сёння немагчыма. Вось гэта надае наладжанай на высокім акадэмічным узроўні выстаўцы беларускага друку Публічнай бібліятэкі Нью-Ёрку асаблівую гістарычную вымову і вагу”.
Праўда, Нью-ёркская беларуская выстава зачапіла прадстаўнікоў тагачаснага «рускага свету». Вось як пісаў пра гэта дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва Вітаўт Тумаш:
“Ад мінулага тыдня была наканец паведзеная вострая атака на выстаўку з боку старое расейскае чорнае сотні. Адным часам на рукі дырэктара [Бібліятэкі] было накіравана ці не паўтузіна лістоў з розных канцоў Нью Ёрку, тэма якіх адна (з чаго відаць, што акцыя арганізаваная), што выстаўка наладжаная “русафобамі”, бо на інфармацыйнай картцы на 6-м стале гаворыцца пра нейкую “русыфікацыю” беларускай мовы за часоў царскіх, чаго ніколі ня было й не магло быць, бо як-жа можна русыфікаваць адзін з дыялектаў рускае якраз мовы!!! Адначасна аўтары лістоў уськідваюць Бібліятэцы й тое, як яна асьмелілася выстаўляць “Беларускі праваслаўны каляндар” на 1968 г. “некананічнае” БАПЦ?
На атаку з гэтага боку мы даўно чакалі. Калі яна прыходзіць позна, дык гэта хіба таму, што сваёй саліднасьцю й вялічынёй каля 200 самых беларускіх выстаўленых друкаў яна выбівае з рук старыя “казыры” і аргумэнты чорнае сотні – “няма беларускае мовы, няма беларускае літаратуры, няма беларускага народу” – гэта ўсё выдумкі сэпаратыстых. Прышлося шукаць іншых аргумэнтаў – і ў канцы знайшлі: “русафобы”, бо нехта асьмеліўся пісаць пра “русыфікацыю!” (1 чэрвеня 1968 г.).
Справа не абмежавалася скаргамі. Калі аўтары лістоў да бібліятэкі пераканаліся, што выстава працягваецца далей, нехта з іх не вытрымаў і запратэставаў па-свойму. Аднае раніцы на колькіх вітрынах з’явіліся налепкі з напісам “Русафобская выстава”. Аднак, нягледзячы на гэтую актыўнасць, экспазіцыя не была згорнутая і працавала цягам усяго запланаванага часу. І дасёння Нью-ёркская публічная бібліятэка захоўвае найбуйнейшую ў Паўночнай Амерыцы калекцыю беларусікі, якая штомесяц папаўняецца.
Наталля Гардзіенка