Беларуская дыяспара: што яна можа даць Беларусі

Цяперашні свет — гэта вялікая “глабальная вёска”, розныя часткі якой усё шчыльней звязаныя паміж сабой.

Людзі ўсё болей пераязджаюць з краіны ў краіну, але характар міграцыі таксама змяніўся: дзякуючы новым камунікацыйным тэхналогіям чалавек можа пачувацца як дома ў любым месцы свету, дзе ёсць інтэрнэт. Пераезд у іншую краіну перастаў азначаць разрыў з радзімай: можна жыць за тысячу кіламетраў ад роднага горада, але быць у курсе мясцовых навінаў не нашмат горш, чым тыя, хто там застаўся жыць.

Больш за тое, камунікацыйныя і інфармацыйныя тэхналогіі робяць магчымым для краінаў узнавіць кантакты і пачаць працаваць са старой эміграцыяй і яе нашчадкамі — з людзьмі, што захавалі хаця б намінальную памяць пра месца свайго паходжання.

Беларусь не стаіць убаку ад актуальных міграцыйных працэсаў і ніколі не стаяла. Беларусь гістарычна была як краінай эміграцыі (пачынаючы з гвалтоўна пераселеных у сярэднявеччы ў Маскву рамеснікаў-літвінаў), так і прымальніцай мігрантаў (ад крымскіх татараў, габрэяў і расійцаў-старавераў у часы ВКЛ да армян і цэнтральнаазіятаў у савецкі час).

Таму Беларусь — і дзяржава, і грамадства — павінная дзейнічаць у адпаведнасці з выклікамі новага часу, каб найбольш эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці, якія ён дае. Магчымасці гэтыя вельмі вялікія.

Навошта дыяспара Беларусі

Беларусь — малавядомая ў свеце краіна. Пад цяперашняй назвай яна аформілася толькі стагоддзе таму, а трывала незалежнай стала толькі менш за 30 гадоў таму. Беларусі нашмат складаней, чым усім яе суседзям — Польшчы, Украіне, краінам Балтыі, — пазіцыянаваць сябе на міжнароднай арэне, заваёўваць сабе месца ў розумах і ў карціне свету замежнікаў. Практычна гэта азначае, што Беларусь проста губляе грошы і магчымасці, бо ляжыць па-за сферай інтарэсаў міжнароднага бізнесу і турыстаў.

Але па-за Беларусю ёсць вельмі шмат людзей, якія маюць з ёю гістарычныя сувязі. Яны патэнцыйна могуць дапамагчы Беларусі развівацца самой і развіваць свае сувязі з замежжам.

Гэтыя людзі за гады, дзесяцігоддзі і пакаленні жыцця ў эміграцыі назапасілі вялікі прафесіянальны, рэпутацыйны, фінансавы капітал: нашчадкамі выхадцаў з Беларусі з’яўляюцца дзясяткі і сотні сусветнавядомых прадпрымальнікаў, навукоўцаў, палітыкаў, дзеячаў культуры ў ЗША, Расіі, Ізраілі, Вялікай Брытаніі, Польшчы і многіх іншых краінах.

У ЗША гэта зяць цяперашняга прэзідэнта Джарэд Кушнэр, былы CEO Microsoft Стыў Балмэр (абое — нашчадкі беларускіх габрэяў), саліст гурта Aerosmith Стыў Тайлер (ягоны продак — шляхціц з Бабруйска), дзясяткі прафесараў, спартоўцаў, прадпрымальнікаў, якія выехалі ўжо з незалежнай Беларусі.

У Расіі гэта алігархі Андрэй Мельнічэнка (нарадзіўся ў Гомелі) і Алег Дзерыпаска, рок-зоркі Андрэй Макарэвіч і Ілля Лагуценка, нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў, некалькі былых губернатараў, зноў жа дзясяткі (сотні) прадпрымальнікаў, палітыкаў, дзеячаў культуры.

Беларусі было б выгадна мець іх як мінімум у якасці сваіх сяброў і саюзнікаў за мяжою. І гэта цалкам рэалістычна, бо людзі збольшага ведаюць пра свае карані, а часам і прыватна наведваюць Беларусь (як, напрыклад, сваякі Кушнэра і Балмэр). І таму гэтыя людзі павінныя быць прадметам беларускай дыяспарнай палітыкі.

Беларуская дыяспара, аб’яднанне выхадцаў з Беларусі, магла б утвараць глабальную сетку беларускага ўплыву ў свеце, спрыяць падвышэнню вядомасці Беларусі, яе ўплыву і яе кантактам з найбольш багатымі і магутнымі замежнымі дзяржавамі.

Беларуская дыяспара: спроба катэгарызацыі

Агулам структураваць беларускую дыяспару досыць складана, але на паверхні можна выдзеліць прынамсі наступныя групы, якія патэнцыйна былі б мэтавай аўдыторыяй для дыяспарнай палітыкі Беларусі:

  1. Эмігранты з Беларусі: людзі, што самі пераехалі з Беларусі за мяжу.
  1. Нашчадкі эмігрантаў у другім ці трэцім пакаленні.
  1. Аўтахтоннае беларускае насельніцтва (строга кажучы, не дыяспара, а меншасці) у Падляшшы (Польшча), на Віленшчыне (Літоўская Рэспубліка), Смаленшчыне (Расія) і ў паўднёвай Латгаліі (Латвія). Мігранты адтуль і іхныя нашчадкі.
  1. Беларускае габрэйства (Ізраіль, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя). Адных толькі выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі налічваецца да 200 тысячаў. Але гэтая лічба тычыцца перадусім эмігрантаў савецкага і постсавецкага часу і не ўключае нашчадкаў мігрантаў ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзяў, сярод якіх было нават некалькі прэзідэнтаў Ізраіля.
  1. Беларускія палякі (Польшча, ЗША) — нашчадкі аўтахтонных мясцовых беларускіх каталікоў, чые продкі ідэнтыфікавалі сябе як палякаў і якія ў выніку перамяшчэнняў насельніцтва цягам ХХ стагоддзя апынуліся за межамі Беларусі.

У кожнай катэгорыі ёсць свае актывісты, свае арганізацыі, свае публічныя знакамітасці (не заўжды заангажаваныя ў “беларускую” дзейнасць публічныя асобы, але пра чые беларускія карані прынамсі вядома) — да ўсіх можна і трэба шукаць свой падыход.

Актыўная беларуская дыяспара, што аб’яднаная ў існуючыя арганізацыі, ладзіць мерапрыемствы, гэта толькі верхавіна гіганцкага айсберга. Але існуючыя арганізацыі — гэта вельмі важны плацдарм і рэсурс: гэта людзі, якія з’ехалі з Беларусі, але засталіся ёй максімальна лаяльнымі і самастойна падтрымліваюць беларускую культурніцкую прысутнасць у месцах свайго пражывання.

(c) tocm71.ru

Многія дзесяцігоддзі структуры беларускай дыяспары фактычна былі нефармальнымі пасольствамі Беларусі ў краінах Захаду. Згуртаванне Беларусаў у Вялікабрытаніі, Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне, Згуртаванне беларусаў Канады і многія іншыя арганізацыі шмат гадоў займаліся папулярызацыяй Беларусі, яе культуры і гісторыі, у сваіх краінах.

На жаль, з многімі такімі арганізацыямі афіцыйная беларуская ўлада пасварылася ў 90-я гады. Гэта было вялікай памылкай: структуры кшталту Рады БНР у выгнанні назапасілі за гады сваёй працы вялікі лабісцкі і рэпутацыйны капітал, які мог бы для маладой беларускай дзяржавы быць вельмі карысным. Краіны Балтыі, Польшча, Украіна шмат атрымалі дзякуючы выкарыстанню назапашанага дыяспарай палітычнага капіталу на Захадзе: згадаць хаця б маштаб дапамогі Украіне з боку Канады ў постсавецкія часы.

Магчымыя мэты Беларусі адносна дыяспары: тактычныя і стратэгічныя

Зробім нашыя развагі яшчэ больш прадметнымі і паспрабуем канкрэтызаваць патэнцыйныя мэты Беларусі ў дачыненні да дыяспары. Гэткія мэты я б раздзяліў на тактычныя і стратэгічныя.

Тактычныя — гэта кароткатэрміновыя мэты, або мэты першага этапу, якія можна пачаць рэалізоўваць ужо цяпер. Іх цалкам магчыма ажыццявіць ужо ў агляднай перспектыве, калі беларуская дзяржава паставіць сабе такую задачу. У тактычныя мэты я б уключыў гэтыя:

— уцягванне максімальнай колькасці замежнікаў беларускага паходжання ў “арбіту” Беларусі: стымуляванне цікавасці да беларускіх каранёў і да мясцінаў паходжання ў Беларусі; — стымуляванне генеалагічнага і рэлігійнага (перадусім, іудзейскага) турызму ў Беларусь; — стымуляванне ўдзелу ў беларускіх мерапрыемствах (арганізаваных як амбасадамі, так і структурамі беларускай дыяспары) у краінах свайго пражывання.

Стратэгічныя мэты — гэта мэты, адпаведна, доўгатэрміновыя, своеасаблівы “план-максімум”. Яны, магчыма, нават больш важныя для Беларусі, чым тактычныя, але і больш складаныя ў рэалізацыі. Пра іх дасягненне можна будзе разважаць толькі пасля таго, як будзе наладжаная базавая штодзённая праца з дыяспарнай аўдыторыяй. Умоўна кажучы, неабходна стварыць асяроддзе, “запусціць працэс”, і толькі тады можна будзе імкнуцца да стратэгічных рэчаў, як:

— Прыцягненне інвестыцый, ведаў, кампетэнцый у Беларусь. Заангажаванне замежных беларусаў і нашчадкаў выхадцаў з Беларусі ў бізнесовых, адукацыйных і дабрачынных праектах у Беларусі, прыцягненне ў якасці экспертаў, лектараў і г.д. Працэс, між іншым, ідзе і без свядомага заахвочвання з боку дзяржавы: прадстаўнікі дыяспары самастойна аднаўляюць шляхецкія сядзібы, вяртаюць у Беларусь гістарычныя каштоўнасці. Гэта азначае, што калі дзяржава падключыцца да гэтага працэсу і прастымулюе яго, эфект можа быць яшчэ большым. — Узмацненне беларускага лабісцкага патэнцыялу ў замежных краінах — сувязяў і аўтарытэту Беларусі сярод асобаў, што прымаюць рашэнні ў палітыцы, бізнесе й грамадстве. Стварэнне кола людзей, лаяльных да Беларусі, з шэрагаў уплывовых нашчадкаў выхадцаў з Беларусі і, пад іхным уплывам, сімпатызантаў Беларусі.

Якія захады можна зрабіць для дасягнення спачатку хаця б тактычных мэтаў? Перадусім патрэбная дэталёвая і канкрэтная дзяржаўная стратэгія ў гэтым кірунку, распрацаваць якую неабходна ў супрацы з прадстаўнікамі дыяспары. Праца вялікая, але неабходная і вартая таго. Да гэтага пытання паспрабуем вярнуцца ў наступных тэкстах.

Алесь Чайчыц, Сакратар інфармацыі Рады БНР