Дзіцячы фестываль “Беларуская вясна’2017” адбыўся ў красавіку ў Беларускім грамадска-рэлігійным цэнтры ў Таронта пры падтрымцы Згуртавання беларусаў Канады і фольк-гурта “Яваровы людзі”.
Праграма фестывалю складалася з дзвюх частак: дзіцячы канцэрт і абрад гукання вясны з фольк-гуртом “Яваровы людзі”.
У канцэрце прымалі ўдзел беларускі дзяцячы гурт (мастацкі кіраўнік Віялета Кавалёва), школа баўгарскіх танцаў і традыцый “Ігранка” (кіраўнікі Каця і Недзялка Цілевы), вакальна-джазавая студыя “Актава Плюс” (мастацкі кіраўнік Маргарыта Рамко), а таксама былі і сольныя выступы Сафіі Кот і Рады Зінчук (спевы), Параскевы Асадчай (флейта) і блізнятак Паўліны і Міхаліны Канаплянік (танец).
Перад пачаткам і ў перапынку ахвочыя рабілі папяровых птушак, якіх затым развешвалі на квітнеючае дрэва, імітуючы сапраўдных птушак, каб паскорыць надыход вясны. Дзеткі атрымалі і печаных з цеста самаробных птушак ад Алены Лявончанка.
Разам з гуртом “Яваровы людзі” дзеткі вадзілі вясновыя карагоды і гулялі ў беларускія народныя гульні, а таксама вучыліся танчыць баўгарскія танцы.
Беларуская кухня была прадстаўлена дранікамі, дэсертам “Мазуркай Крохкай”і журавінавым морсам.
Ірына Тоўсцік, адна з арганізатараў фестывалю:
“Дзіцячы фестываль “Беларуская вясна” адбываўся ўпершыню ў гэтых сценах і сабраў шмат прыхільнікаў, удзельнікаў і гасцей у Беларускім цэнтры ў Таронта. Вельмі ўсцешылі нашыя маленькія выступоўцы і ўразілі сваімі талентамі. Мы ганарымся нашымі беларускімі дзеткамі і хочам, каб у іх была пляцоўка для выступаў, каб яны маглі дакрануцца да сваёй культуры і да іншых культур, абмяняцца вопытам і традыцыямі. Мы шчыра ўдзячныя нашым баўгарскім сябрам, а таксама вакальна-джазавай студыі “Актава Плюс” за ўдзел у фестывалі. Вельмі спадзяемся, што гэты фестываль стане штогадовай традыцыяй і будзе збіраць сваіх сяброў і запрашаць гасцей і надалей”.
Ірына Тоўсцік