31 сакавіка ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбылася прэзентацыя перасовачнай выставы, прысвечанай народнаму паэту Беларусі Пятрусю Броўку, створанай на аснове матэрыялаў з фондаў Літаратурнага музея П. Броўкі (Мінск, Беларусь).
Пётр Усцінавіч Броўка (1905–1980) – беларускі паэт і пісьменнік, перакладчык, навуковы дзеяч, аўтар паэтычных зборнікаў: “Гады як шторм”, “Паэзія”, “Шляхамі баравымі”, “Насустрач сонцу”, “У роднай хаце”, “Пахне чабор”, “Між чырвоных рабін”, “Калі ласка”, “Ты – мая пчолка”, “Што сэрца праспявала” і інш.; аўтар рамана “Калі зліваюцца рэкі”, аповесцяў “Каландары”, “Донька-Даніэль”; адзін са стваральнікаў Беларускай Энцыклапедыі, уладальнік шматлікіх Дзяржаўных узнагарод і прэмій, заслужаны дзеяч навукі.
Вечар пачаўся з гучання знакамітай песні «Александрына» на словы П. Броўкі ў выкананні легендарнага беларускага ансамбля «Песняры», якая настроіла прысутных на лірычную хвалю.
Вядучы вечара Станіслаў Валодзька пасля прывітання і ўступнага слова прадставіў ганаровую госцю з Беларусі – дырэктара Мінскага Літаратурнага музея Пятруся Броўкі Наталлю Мізон, якая пазнаёміла прысутных з выставай, расказала аб розных перыядах жыцця паэта. На стэндах – фотаздымкі Пятра Усцінавіча, яго родных, фотаздымкі яго кніг і яго паэтычныя радкі. З выступлення Н. Мізон можна было даведацца аб цікавых момантах з жыцця паэта, а таксама аб рабоце кватэры-музея. Экскурс па гісторыі жыцця знакамітага паэта, праведзены Наталляй Мізон на цудоўнай літаратурнай беларускай мове, быў такім захапляючым, што нікога не пакінуў абыякавым.
На вечарыне прагучалі вершы П. Броўкі ў выкананні Тэрэзы Паўлавай – «Пахне чабор», Марыі Памецька – «Сляды», Валянціны Ліпінскай – «Родная мова», Жаны Раманоўскай – «Ля помніка Райнісу», Іны Валюшка – «Бусел».
Упрыгожаннем імпрэзы стала выкананне музычнай кампазіцыі скрыпачкай Лідзіяй Кухарэнка і піяністкай Таццянай Чумікавай. Выклікалі добрыя пачуцці і беларускія песні ў выкананні трыо ў складзе Яны Юзэфовіч, Веры Рагальчук і Ірыны Андрэевай і харавой капэлы ЦБК «Спадчына» (мастацкі кіраўнік Яна Юзэфовіч).
Падводзячы вынікі культурнага мерапрыемства, дырэктар Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская адзначыла, што ў рамках заключанага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж ЦБК і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры стартаваў навуковы музейны праект, дзякуючы якому гледачы пазнаёміліся з творчасцю М. Багдановіча і П. Броўкі, а хутка ўбачаць выставу Р. Барадуліна.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Станіслаў Валодзька прысвеціў падзее свой верш “Водар чабору” і падарыў яго рукапіс Літаратурнаму музею П.Броўкі.
ВОДАР ЧАБОРУ
Мне пах чабаровы вятрыска данёс Адтуль, дзе на свет я з’ явіўся і рос. Там кветкі для мамы збіраў я ў лугах, Там маме чабор я збіраць памагаў. Нам лекамі быў чабаровы настой. Ён пахкім віном падымаў нам настрой. Там некалі ў лес па грыбы ідучы, Верш “Пахне чабор” я на памяць вучыў І потым ля дошкі разказваць быў рад І на аднакласніцу кідаць пагляд. Хоць столькі ўцякло з тога часу вады, Мне пахнуць чаборам дзяцінства гады.
Цэнтр беларускай культуры (Даўгаўпілс)