Новыя справы, новыя надзеі

Старшынёй суполкі “Беларускія сябры” ў Грузіі абрана былая мінчанка Вольга Градзінар.

Лідзія Лярская-Шацірышвілі з дачкой і ўнукам

Ёсць такая аптымістычная прымаўка: “Што ні робіцца, усё да лепшага!” Тое ж тычыцца і зменаў у кіраўніцтве беларускіх суполак за мяжой. Часам, праўда, бывае, што іх дзейнасць вельмі “завострана” пад тых, хто ініцыяваў стварэнне таварыства, зямляцтва, нацыянальна-культурнай аўтаноміі. Аднак, як гаворыцца, нішто не стаіць на месцы. І калі на змену былому кіраўніку прыходзіць новы — значыць, у тым ёсць свая логіка. Бо, вядома ж, для паспяховай працы неабходныя і новыя праекты, і энтузіясты-аднадумцы, і жыццёвая энергія...

Такія развагі выклікала ў мяне пісьмо ў рэдакцыю. Даслала яго супляменніца з Тбілісі, актывістка суполкі “Беларускія сябры” Лідзія Лярская-Шацірышвілі. Вось што паведаміла Лідзія Пятроўна: “У нядзелю ў нас сабраўся актыў “Беларускіх сяброў”. З-за праблем са здароўем не было на актыве старшыні Аляксандра Жыляева. Дарэчы, ён ужо на працягу доўгага часу і не прымае аніякага ўдзелу ў справах суполкі. Таму... і вырашана было змяніць кіраўніцтва. І мы адзінагалосна старшынёй арганізацыі абралі Вольгу Градзінар. Мяне пакінулі намесніцай. Былому ж кіраўніку нададзена права знаходзіцца ў актыве суполкі ды ўдзельнічаць у яе працы. Акрамя таго, унеслі папраўку ў статут: старшыня аб’яднання будзе выбірацца цяпер агульным галасаваннем кожныя два гады”.

Яшчэ Лідзія Пятроўна паведамляе: “У канцы красавіка чакаем да сябе ў госці беларусак з Арменіі — Ірыну Таболіч і Жанну Нікітчук. Яны прыедуць, каб абмяняцца досведам працы, абмеркаваць будучыя сумесныя праекты. А мы рыхтуем для іх цікавыя экскурсіі па Тбілісі”.

Што ж, віншуем “Беларус­кіх сяброў” з абраннем новага старшыні. Нам вядома, што Вольга Градзінар, якая пераехала ў Грузію толькі год таму, паспела станоўча праявіць сябе ў асяродку тамтэйшых беларусаў. У прыватнасці, гэта яна ўдзельнічала летась у правядзенні выставы “Грузія, дружная з сонцам краіна…”. Выстава, мы пісалі, ладзілася ў грузінскім курортным горадзе Цхалтуба, яна прысвечана Песняру — Янку Купалу. Пісала нам Вольга і пра Нацыянальную выставу Беларусі ў Грузіі. Дзякуючы ёй створана і актыўна набірае лайкі ды прагляды старонка суполкі ў фэйсбуку, і знаходзяцца ўсё новыя беларусы, якія цяпер жывуць у Грузіі, да таго ж гатовыя далучыцца да працы ў суполцы.

Карына Міхайлава, “Голас Радзімы”