У Нью-Ёрку прайшоў мітынг салідарнасці з арыштаванымі ў Беларусі

9 красавіка ў Нью-Ёрку каля Беларускага консульства прайшла чарговая акцыя супраць рэпрэсій у Беларусі.

Акцыя была арганізаваная моладдзю Бруклінскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА), вядоўцай акцыі была Сьвятлана Казачок. Сярод выступоўцаў былі старшыня Галоўнай Управы БАЗА Ганна Сурмач і старшыня Бруклінскага аддзелу БАЗА Таццяна Красоўская.

Таксама далучыліся прадстаўнікі амэрыканскага-эўрапейскага камітэту салідарнасьці, які быў заснаваны нацыянальнымі дыяспарамі Усходняй Эўропы, Балтыі, Каўказа і Крымскіх татараў у Амэрыцы. З прамовай у падтрымку беларусаў выступіла Іванка Заяц – старшыня Нью-Ёркскага аддзелу Украінскага Кангрэсовага камітэту.

Большасьць прысутных – моладзь, якая была вымушаная эміграваць, але якая не забываецца на сваю Бацькаўшчыну і верыць у яе лепшую будучыню. Знаходзячыся ў эміграцыі, важна разумець, што нашая задача, дзе б мы ні былі, – пашыраць веды пра Беларусь, беларускую культуру ў сьвеце і тым асяроддзі, дзе мы ёсць. Падзеі ж апошніх тыдняў прымушаюць нас выходзіць на вуліцы, пратэставаць і прыцягваць увагу да Беларусі.

Тое, што адбылося ў мінулым месяцы, – сапраўдныя рэпрэсіі. 300 чалавек былі арыштаваныя, на іх былі заведзеныя крымінальныя справы, і яны былі асуджаныя ні за што. Гэтая акцыя – факт салідарнасьці з беларусамі, правы якіх зьневажаюць улады на Беларусі.

Сьвятлана Казачок, “Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне” (БАЗА)