2 красавіка прадстаўнікі чатырох грамадскіх аб’яднанняў беларусаў Малдовы (Таварыства беларускай культуры горада Бендеры, Беларускі культурны рух Малдовы, Таварыства дружбы і супрацоўніцтва «Малдова–Беларусь» і Асацыяцыя беларусаў муніцыпія Кішынёў «Беларусь») правялі на беразе Днястра старажытны беларускі абрад «Гуканне Вясны» – «гуканне » за межамі Кішынёва, якое сімвалічна паяднала беларусаў з усіх берагоў Днястра.
Старшыня Таварыства беларускай культуры горада Бендэры Аляксандр Лапацьеў на выдатна справіўся з роляй гаспадара мерапрыемства, і свята атрымалася на славу. Беларусы Малдовы з вялікай цікавасцю ў суправаджэнні прафесійнага экскурсавода наведалі Бендэрскую крэпасць (Cetatea Bendеr (Tighіna)) – помнік архітэктуры XVI стагоддзя – адкрылі для сябе шмат новага і з назіральнай пляцоўкі нацешыліся малдоўскімі краявідамі і прыгажосцю Днястра. У асабліва моцным захапленні засталіся самыя юныя беларусы. Праграму працягнула аглядная экскурсія па горадзе Бендэры (Bender), а затым удзельнікі завіталі на базу адпачынку «Юнацтва» ля самага берага Днястра.
Беларуска-малдаўскі этнічны тэатр «Куфар», які дзейнічае пры Беларускім культурным руху Малдовы, залучыў прысутных у працэс абраду з глыбокім сакральным сэнсам – нашы продкі верылі, што жывыя сілы прыроды прачнуцца і прынясуць свае даброты людзям толькі тады, калі іх пра гэта добра папрасіць, дапамагчы ім, пагукаць іх. Галоўнай асаблівасцю гукання вясны з’яўляецца шчырая праява нашай радасці да жыцця, пазітыўнае стаўленне да свету, да бліжняга, да ўсяго, што вакол нас. Гэта яскравая дэманстрацыя Вясне таго, што мы вартыя ўсяго самага лепшага, чыстага і светлага!
Гэтаксама, як калісьці рабілі і нашы продкі, мы ўпрыгожылі дрэвы і бліжэйшыя пабудовы самаробнымі птушкамі-жаўрукамі, вадзілі карагод, дружна спявалі песні-вяснянкі, танчылі, частаваліся рознымі смачнымі стравамі беларускай і малдаўскай кухні, шмат жартавалі і смяяліся! Віншавалі адзін аднаго з прыходам вясны, жадалі родным і блізкім людзям здароўя, дабрабыту, а нашым краінам і народам – багатага ўраджаю, ладу! Воды Днястра, цалкам пагаджаючыся з нашым беларускім светлым і радасным пасылам, хутка панеслі яго да ўсіх сваіх берагоў!
Жавароначкі, прыляціце, Вясну красную прынясіце. Шчасце-долечку мы гукаем, Зямлю-матухну адмыкаем! (Гу-у-у-у...)
Ганна Мазур, Старшыня Праўлення БКРМ