На прэм'еры спектакля ў даўгаўпілскім Беларускім доме адкрылі новае літаратурнае імя

24 сакавіка ў Даўгаўпілскай Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) прайшоў літаратурны вечар, прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння беларускай пісьменніцы, паэткі, фалькларысткі Валянціны Казлоўскай і прымеркаваны да Міжнароднага дня тэатра.

Гледачы адкрылі для сябе новае імя ў беларускай літаратуры міжваеннай Латвіі і ўбачылі прэм'еру спектакля «У Калядны вечар» ў пастаноўцы тэатральнай студыі «Паўлінка». На наступны дзень, 25 сакавіка, Латвія ўспамінала ахвяр рэпрэсій, сярод якіх апынулася і руская Валянціна Казлоўская, якая на латвійскай зямлі стала беларускай пісьменніцай, а вечны супакой знайшла ў беларускай зямлі як латвійская шпіёнка... Пасмяротна рэабілітавана.

Хто такая Валянціна Казлоўская? На гэтае пытанне наўрад ці адкажа большасць беларусаў, паколькі імя таленавітай пісьменніцы і паэткі В.Казлоўскай, якая пісала на беларускай мове ў 1920-я гады ў Латвіі, было вядома толькі вузкаму колу краязнаўцаў, а чытацкая аўдыторыя адкрыла яе для сябе толькі нядаўна. У 2016 годзе ў Мінску выйшла ў свет кніга «Пятро Сакол. Валянціна Казлоўская. Выбраныя творы», складальнікамі якой з'яўляюцца пісьменнік Міхась Казлоўскі і паэт Сяргей Панізнік, якія шмат гадоў вяртаюць імёны незаслужана забытых беларускіх літаратараў.

Валянціна Казлоўская (Лясная Кветка) – ураджэнка Латвіі. Вучылася ў рускай школе ў Лудзы, якую затым пераўтварылі ў беларускую гімназію. У гімназіі Валянціна захапілася беларускай культурай, уключылася ў нацыянальны рух, збірала фальклор, пачала пісаць вершы і прозу на беларускай мове. Калі Лудзэнскую гімназію закрылі, Валянціна Казлоўская працягнула вучобу ў Даўгаўпілскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, якую скончыла праз год у 1926 годзе. У Рызе вучылася на настаўніцкіх курсах. Ва ўзросце 20 гадоў В.Казлоўская пераехала з Латвіі ў Беларусь, паступіла ў Мінскі медыцынскі інстытут, а затым працавала лекарам. Жыццё Валянціны Гарасімаўны Казлоўскай была трагічна таленавітым і кароткім – успыхнула, асвяціла літаратурны небасхіл і ў 30 гадоў сышла ў нябыт...

Вершы В.Казлоўскай публікаваліся ў выданнях міжваеннай Латвіі: у зборніку «Першы крок», у часопісах «Ластаўка», «Школьная Праца» і «Беларуская школа ў Латвіі», у газеце «Голас беларуса». Спрабавала сябе Валянціна Казлоўская і як перакладчык. Да нашых дзён дайшоў верш Райніса, перакладзены ёю на беларускую мову – «Дзецям цемры».

Спектакль па апавяданні «У Калядны вечар» прадставіла тэатральная студыя «Паўлінка» (кіраўніца Інэса Казлоўская). Атмасферу свята дапамог стварыць ансамбль «Пралескі». На 15 хвілін гледачы апынуліся ў беларускай вёсцы, дзе дзяўчаты марылі пра замужжа і варажылі на шчасце. Ролі выконвалі: Міхась – Яўген Васюкевіч, Гэлька – Інэса Казлоўская, Кася – Арына Сунопля, Марыся – Ганна Сямёнава. Узнагародай самадзейным артыстам сталі шчодрыя апладысменты гледачоў.

На вечарыне таксама прагучалі вершы Валянціны Казлоўскай. Паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька прысвяціў В.Казлоўскай верш «Лясная Кветка».

Закрываючы літаратурна-тэатральны вечар памяці Валянціны Казлоўскай, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская працытавала радкі верша народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, прысвечаныя забытым літаратарам:

“Мы вернем мужна і без слёз, Іх душы з небыцця.”

Цэнтр беларускай культуры (Даўгаўпілс, Латвія)