У Беларускім доме школьнікі гукалі вясну

22 сакавіка 2017 года, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) прайшлі адукацыйна-гульнявыя заняткі і майстар-клас для школьнікаў «Гуканне вясны». Патлумачыць назву можна як «зазыванне вясны на зямлю». Гэта прыгожае, светлае і радаснае свята, якое пачынаюць святкаваць з 14 сакавіка да таго часу, пакуль не наступіць вясна.

Асаблівасці беларускіх абрадаў у тым, што ў іх цесна пераплятаюцца аграрна-бытовыя, язычніцкія і хрысціянскія элементы. «Гуканне вясны» - першае вясновае свята. Дзяўчаты ўзбіраліся на ўзгоркі (каб было бліжэй да неба) і спявалі песні-вяснянкі, у якіх зазывалі вясну, вадзілі карагоды, спальвалі пудзіла зімы, як на Масленку. Спяваючы і водзячы карагоды, яны са словамі: «Жавароначкі, прыляціце, вясну прынясіце», - падкідвалі ўгору выпечку ў выглядзе птушак – жаваранкаў, кулікоў, буслоў, што павінна было, як і спевы вяснянак, прыблізіць прыход вясны. Бо ранняя вясна абяцала сялянам багаты ўраджай. Дзеці ж у гэты час бегалі па хатах, спявалі вяснянкі з пажаданнямі здароўя і добрага ўраджаю, а гаспадары давалі ім пачастункі.

Каб бліжэй пазнаёміцца з народнай беларускай традыцыяй зазыванння вясны, Беларускі дом наведалі вучні 3-га «с» класа 15-ай асноўнай школы. Арганізатар культурных мерапрыемстваў Ірына Апейнанэ правяла экскурсію па Цэнтры беларускай культуры і пазнаёміла дзяцей з беларускімі нацыянальнымі касцюмамі, выставай фатаграфій, народнай бібліятэкай, экспазіцыяй «Беларуская хатка». Дзятву цікавіла  ўсё, асабліва прылады працы і быту беларускіх сялян пачатку 20-га стагоддзя, да якіх яны змаглі дакрануцца рукамі і даведацца аб іх прызначэнні.

А потым метадыст ЦБК Марыя Памецька расказала школьнікам аб традыцыях і элементах святкавання “Гукання вясны», загадвала загадкі на беларускай мове; за правільны адказ вучні даставалі з «чароўнага куфэрка» салодкі прыз-пачастунак. А пасля прагляду відэафільма «Гуканне вясны» у Беларусі» дзеці клеілі птушку-выцінанку (аплікацыя з паперы) на каляровую паштощку і размалёўвалі яе яркімі вясновымі фарбамі.

Заняткі вельмі спадабаліся школьнікам. Яны даведаліся многа новага і цікавага аб беларускай культуры і традыцыях; вывучылі беларускія словы: «добры дзень», «цукерка», «калі ласка», «дзякуй», «куфэрак», «бусел», «да пабачэння»; пазнаёміліся з традыцыйным для Беларусі відам народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці – выцінанкай. Чаяванне і фатаграфаванне дабавілі  ім яшчэ больш добрага настрою, таму дзеці панеслі з сабой не толькі адкрыткі, зробленыя сваімі рукамі, але яшчэ новыя веды і станоўчыя эмоцыі.

Цэнтр беларускай культуры (Даўгаўпілс, Латвія)