Напярэдадні Дня Волі сябры Беларуска-Амерыканскага Задзіночання ў Паўднёвай Фларыдзе ініцыявалі і прынялі ўдзел у акцыі пратэсту супраць палітычных пераследаў у Беларусі, што адбылася 24 сакавіка ў Нью-Ёрку, а таксама правялі ўласную акцыю, прысвечаную Дню Волі, 25 сакавіка ў Маямі.
Акцыя ў Нью-Ёрку сабрала каля 70 беларусаў з Нью-Ёрку, Маямі, Нью-Джэрсі і Філадэльфіі. Удзельнікі разгарнулі пікет каля будынка Генеральнага консульства Беларусі ў знак пратэста супраць палітычных арыштаў, затрыманняў і падатка на беспрацоўе ў Беларусі.
У рамках мерапрыемства старшыня аддзела БАЗА ў Паўднёвай Фларыдзе Сяргей Волкаў выступіў з прамовай, у якой заклікаў беларускія ўлады спыніць палітычныя рэпрэсіі ў краіне, а таксама адзначыў неабходнасць гуртавання беларусаў у супрацьстаянні аўтарытарнаму рэжыму ў Беларусі.
Акцыя ў Маямі, праведзеная 25 сакавіка, насіла фармат вулічнага шэсця і сабрала беларусаў з розных куткоў Фларыды. Удзельнікі шэсця прайшлі па галоўнай вуліцы раёна Сані-Айлес з патрабаваннямі свабоды і дэмакратычных пераменаў, выканання правоў чалавека, а таксама вызвалення арыштаваных па палітычных матывах ў Беларусі. Шматлікія сведкі акцыі выказвалі словы падтрымкі і салідарнасці беларусам.
“Мы сабраліся для таго, каб падтрымаць беларусаў, якія выйшлі на вуліцы Беларусі ў знак пратэста супраць існуючага палітычнага рэжыму ў краіне”, – звярнуўся да прысутных сябра Беларуска-Амерыканскага Задзіночання ў Паўднёвай Фларыдзе Андрэй Пушкароў.
Аддзел БАЗА ў Паўднёвай Фларыдзе выказвае словы салідарнасці і падтрымкі ўсім арыштаваным, затрыманым і аштрафаваным за свае палітычныя перакананні.
“Беларуская прастора ў Амерыцы”