12 сакавіка 2017 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) прайшло свята “Лявон і Лявоніха“, арганізаванае беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым”.
Свята “Лявон і Лявоніха“, якім “Уздым” праводзіць зіму і сустракае вясну, стаў добрай штогадовай традыцыяй грамадскай арганізацыі.
Гасцей цёпла сустракалі, віталі і весялілі гаспадары – “Лявон” у выкананні члена праўлення Саюза беларусаў Латвіі Валерыя Амбросава і “Лявоніха” у выкананні ўдзельніцы танцавальнага ансамбля “Лянок” Алены Кічы. У гэты дзень ва ўсіх была магчымасць яшчэ раз павіншаваць адзін другога з нядаўнімі святамі жанчын і мужчын, выказаць добрыя пажаданні, падарыць кветкі і сувеніры.
Шчырая беларуская песня стварала святочны настрой. Гучалі вершы і жарты, разыгрываліся мініяцюры.
Стараннямі гаспадынь “Уздыма” стол упрыгожвалі стравы беларускай нацыянальнай кухні. Гледзячы на ўсё гэта, за вакном ласкава ўсміхалася вясновае сонейка.
Цэнтр беларускай культуры (Даўгаўпілс, Латвія)