На літаратурна-музычную сустрэчу “Гуканне Вясны — Прошчаны дзень” запрасіў масквічоў і гасцей расійскай сталіцы Беларускі этнацэнтр “Кірмаш”.
Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Андрэй Лянкевіч
Розныя магчымасці для пашырэння традыцыйнай беларускай культуры знаходзіць у Маскве кіраўніца этнагурта “Кірмаш” Ірына Капчынская. Нядаўна было цікавае мерапрыемства ў Бібліятэцы гісторыі рускай філасофіі ды культуры “Дом А. Ф. Лосева”: Беларускі этнацэнтр “Kiрмаш” пры падтрымцы Дзелавога і культурнага комплексу Пасольства Беларусі ў Расіі ладзіў літаратурна-музычную сустрэчу “Гуканне Вясны — Прошчаны дзень”. Чарговая (дарэчы, ужо 21-я!) сустрэча з цыклу “Знаёмцеся: Беларусь!” прысвячалася Міжнароднаму дню роднай мовы.
Як напісала нам Ірына Германаўна, ішла размова пра Статуты ВКЛ розных гадоў, пра жыццё беларускай мовы і яе дыялектаў сёння. Было паведамленне “Беларускі фальклор — крыніца для развіцця беларускай мовы і беларускай паэзіі”, гучалі вершы паэтаў ХІХ-ХХІ стагоддзяў. Гурт “Кірмаш” прадставіў этнаграфічную праграму “Гуканне Вясны — Прошчаны дзень”.
А потым быў своеасаблівы майстар-клас “Як спяваць песні бацькоў”, удзельнікі сустрэчы чыталі вершы, спявалі, паўдзельнічалі ў віктарыне. “На такія сустрэчы мы запрашаем усіх ахвочых дакрануцца да беларускай культуры — незалежна ад таго, валодаюць яны беларускай мовай ці не”, — напісала ў рэдакцыю вядучая імпрэзы Ірына Капчынская.
Іван Іванаў, “Голас Радзімы”