Астравец сустрэў даўгаўпілскіх беларусаў з любоўю і цеплынёй

У другой палове лютага ў Астраўцы прайшла творчая сустрэча "Радзімы позірк мілы" з ураджэнцам Астравецкага раёна, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтам Станіславам Володзькам, арганізаваная дзяржаўнай установай культуры "Астравецкая раённая бібліятэка". У мерапрыемстве бралі ўдзел супрацоўнікі Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК), сябры беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”.

Літаратурна-музычная імпрэза адбылася ў знакавы для Беларусі год – 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Яна праходзіла ў канцэртнай зале Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў. Вялі вечар спецыяліст Астравецкага Цэнтра культуры і народнай творчасці Вікторыя Урбановіч сумесна з супрацоўнікамі даўгаўпілскага ЦБК Марыяй Памецька і Інэсай Казлоўскай. Бібліятэкары Інэса Ігошына і Таццяна Бабойць чыталі вершы С. Валодзькі і разам з юнымі чытачамі Астравецкай дзіцячай бібліятэкі паказалі інсцэніроўку яго казкі “Дачка лясніка”. У выкананні удзельніц ансамбля “Пралескі” даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры  Юлі Хмяльніцкай і Інэсы Казлоўскай прагучалі песні на словы С. Валодзькі “Беларусы свету”, “Наш масток”, “Песенка вясёлкі” (музыка Альберта Белуся), “Калыханка для мамы” (музыка Міколы Яцкова), а таксама латышская і латгальская народныя песні, перакладзеныя С. Валодзькам на беларускую мову – “Ці ж мая віна”, “А за возерам бярозы”. Астравецкі ансамбль “Світанак” (мастацкі кіраўнік Наталля Літвін) выканаў песню на словы С. Валодзькі “Мой косю” (музыка Анатоля Мядзведзева), а спявак і кампазітар, член Саюза музычных дзеячаў Беларусі, астраўчанін  Аляксандр Якіменка праспяваў песні, аўтарам музыкі якіх ён з’яўляецца, на словы С. Валодзькі “Памяці Казіміра Сваяка”,  “Міхалішскі касцёл”, “Дачка лясніка” і “Астравеччына”. Выканаў А. Якіменка і две песні на словы Міхася Пазнякова “Родны кут” і “Прысвячэнне Астраўцу”.

Ганаровы госць, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат трох рэспубліканскіх літаратурных прэмій “Лепшая кніга года” Міхась Пазнякоў звярнуўся да прысутных са словамі вітання, прачытаў свае вершы, падараваў свае кнігі і ўручыў Станіславу Валодзьку нагрудны знак Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”.

Намеснік дырэктара Астравецкай раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава, якая займалася арганізацыяй мерапрыемства, гасцінна сустракала даўгаўпілскую дэлегацыю, прыняла ў падарунак ад С. Валодзькі яго кнігу “Под небом Родины” (2016 г.), дзе змешчаны вершы, навэлы і п’еса, а такcама зборнік песен даўгаўпілскіх аўтараў “Песенный город” (выдадзены пры падтрымцы Даўгаўпілскай гарадской думы) і выказала надзею на плённае супрацоўніцтва ў будучым. Метадыст ЦБК Марыя Памецька, якая таксама, як і Станіслаў Валодзька, з’яўляецца ўраджэнкай Астравецкага раёна, сказала многа добрых слоў у адрас сваіх землякоў, падзякавала за цёплы прыём, за магчымасць пабываць на роднай зямлі і пакланіцца ёй, а таксама ўручыла гаспадарам памятныя сувеніры з Даўгаўпілса.

Завяршылася сустрэча сумесным выкананнем “Развітальнай песні” (словы Станіслава Валодзькі, музыка Таццяны Піменавай):

“Пабывалі мы ў роднай старонцы, Ды не кажам тужліва “Бывай!”. Мы ў душы павязём з сабой сонца, Як падараны нам каравай.”

І сапраўды, даўгаўпілчане павезлі з сабой радасныя пачуцці і надзею на новыя сустрэчы на гасціннай Астравецкай зямлі.

Цэнтр беларускай культуры (Даўгаўпілс, Латвія)