Вынікі конкурсу дзіцячага малюнка «Рэспубліка Беларусь – маімі вачыма»

24 лютага Чарнігаўскае нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў «Сябры» разам з Пасольствам Рэспублікі Беларусь ва Украіне ўзнагароджвалі вучняў Чарнігаўскага калегіума №11 па выніках конкурсу дзіцячых малюнкаў «Рэспубліка Беларусь - маімі вачыма».

У конкурсе прыняло ўдзел трыццаць вучняў першых класаў, якія намалявалі сорак пяць малюнкаў (некаторыя вучні намалявалі па два-тры). У сваіх працах дзеці адлюстравалі сваё ўяўленне пра Рэспубліку Беларусь – беларускія азёры, белавежскія зубры, буслы, сюжэты пра сяброўства паміж народамі Украіны і Беларусі.

Арганізатары конкурсу правялі тры этапы адбору малюнкаў. На першым этапе было адабрана дваццаць пяць малюнкаў, на другім – пятнаццаць, на трэцім – дзесяць малюнкаў-пераможцаў. У выніку Пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне ўзнагародзіла шасцёх удзельнікаў конкурсу, а Чарнігаўскае нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў «Сябры» – чатырох канкурсантаў.

Узнагароджваць пераможцаў у Чарнігаўскі калегіум №11 прыехаў першы сакратар Пасольства Аляксей Уладзіміравіч Панкраценка. Ва ўрачыстасцях таксама бралі ўдзел старшыня «Сяброў» Галіна Міхайлаўна Варажбіт разам з прадстаўнікамі дыяспары і метадыст Чарнігаўскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра культуры і мастацтваў Паліна Іванаўна Баршчэнка, адміністрацыя калегіума, настаўнікі і бацькі ўдзельнікаў конкурсу (усяго семдзесят чалавек).

Аляксей Панкраценка па-беларуску падзякаваў арганізатарам і ўдзельнікам конкурса, а Галіна Варажбіт распавяла прысутным аб правядзенні конкурсу і яго выніках.

Цырымонія ўзнагароджання праходзіла ў сяброўскай атмасферы. Пераможцы атрымалі граматы і сувеніры, а ўсе астатнія ўдзельнікі – заахвочвальныя падарункі і прысмакі. Следам за пераможцамі граматы ад першага сакратара Пасольства Беларусі атрымалі дырэктар і настаўнікі, а ў музей калегіума былі перададзены падарункі.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання для гасцей загучалі песні і вершы на ўкраінскай і беларускай мовах. Старшыня таварыства «Сябры» нагадала, што 21 лютага ўвесь свет святкаваў Міжнародны дзень роднай мовы, пасля чаго яны разам з прадстаўніцай дыяспары Нінай Трафімаўнай Камінскай прачыталі некалькі вершаў на беларускай мове.

Сваім уражаннем аб праведзеным конкурсе падзялілася метадыст абласнога навукова-метадычнага цэнтра культуры і мастацтваў Паліна Іванаўна Баршчэнка, якая падарыла набор кніг. Пры канцы мерапрыемства з боку адміністрацыі калегіума і бацькоў удзельнікаў было выказана шмат цёплых слоў на адрас арганізатараў конкурсу.

Эдуард Шуман Чарнігаў