«Правакацыя для нагнятання напружанасці паміж беларусамі і палякамі»

«Марш памяці «выклятых жаўнераў», які адбыўся напярэдадні ў польскай Гайнаўцы, — цынічная правакацыя для нагнятання напружанасці паміж беларусамі і палякамі.»

Пра гэта гаворыцца ў каментары старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ, кіраўніка рабочай групы Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацоўніцтве з парламентам Польшчы Андрэя Навумовіча.

«Правядзенне маршу, што ўсхваляе падобных ваенных злачынцаў, у Гайнаўцы — горадзе з беларускай этнічным большасцю — з’яўляецца, на маю думку, цынічнай правакацыяй, накіраванай на штучнае распальванне варожасці паміж беларусамі і палякамі, нагнятанне напружанасці на нацыянальнай і канфесійнай глебе», — гаворыцца ў каментары.

У каментары адзначаецца, што ў беларускім парламенце з вялікім шкадаваннем успрыняты навіны пра паўторнае правядзенне ў польскім горадзе Гайнаўка праварадыкальнага маршу з мэтай гераізацыі асобных дзеячаў польскага падполля 1940-1950-х гадоў, вядомых як «выклятыя жаўнеры».

«Нельга ігнараваць гістарычнай праўды пра тое, што на сумленні некаторых з гэтых дзеячаў — дзясяткі мірных жыхароў Падляшша, якія былі знішчаны толькі таму, што належалі да беларускага этнасу. У прыватнасці, лічу не лішнім нагадаць, што адзін з такіх «палявых камандзіраў» — Рамуальд Райс па мянушцы «Буры» аддаў загад аб знішчэнні 60 беларускіх вёсак, у тым ліку пра спаленне жыўцом жыхароў вёскі Заляшаны», — сказаў Андрэй Навумовіч. Ён дадаў, што органамі судовай улады Польшчы дзеянні Рамуальда Райса былі афіцыйна прызнаныя генацыдам.

«Разумеючы, што дадзенае мерапрыемства праходзіць насуперак думцы афіцыйных уладаў Рэспублікі Польшча, заклікаю польскіх калегаў-парламентарыяў да катэгарычнага асуджэння такіх правакацый і супрацьдзеяння ім у далейшым», — сказаў парламентарый.

“Беларускае Радыё Рацыя” паводле БелТА