У Малдове ўшаноўваюць беларускую мову

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага, Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова арганізавала круглы стол на тэму «Limba care ne uneşte» («Мова, якая аб'ядноўвае нас»).

Генеральны дырэктар Бюро міжэтнічных адносін Алег Бабенка ў сваім выступе адзначыў, што гэтая акцыя заклікана дапамагчы абараніць і адрадзіць багацце культурнай разнастайнасці шляхам прасоўвання моў як формы зносін, узаемадзеяння і ўзаемаразумення паміж рознымі народамі.

Таксама ў мерапрыемстве бралі ўдзел саветнік прэм'ер-міністра Міхай Годзя, прадстаўнікі цэнтральнага ўрада, Міністэрства адукацыі, дыпламатычных місій, лідэры этнічных меншасцяў і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці ў Рэспубліцы Малдова.

Міхай Годзя ад імя ўрада павіншаваў са святам прысутных прадстаўнікоў этнічных меншасцяў і паведаміў, што малдаўскі ўрад звяртае ўвагу на пытанні развіцця моў этнічных меншасцяў у краіне, кожная з якіх уяўляе сабой багацце нацыянальнай культуры.

Падчас працы тэматычнай сесіі «Гаворым і шануем родную мову» Беларускі культурны рух Малдовы акрэсліў шэраг пытанняў, звязаных з функцыянаваннем беларускай мовы у Малдове: у краіне няма ніводнай адукацыйнай формы, якая дазваляла б усім жадаючым паўнавартасна вучыць беларускую мову. Праўленне аб'яднання падзякавала кіраўніцтва Бюро міжэтнічных адносін за спрыяльны псіхалагічны клімат для захавання беларускай мовы і культуры ў Малдове. У заканчэнні імпрэзы Беларускі культурны рух Малдовы парадаваў усіх прысутных жывым гучаннем беларускай мовы, выканаўшы паэтычную замалёўку «Мая мова» на цудоўныя вершы Яўгеніі Янішчыц і Генадзя Бураўкіна.

Сёння, дзякуючы намаганням беларусаў, якія пражываюць на малдаўскай зямлі, беларускую мову ў Малдове можна пачуць на нацыянальным радыё «Moldova» (штомесячная радыёперадача «Беларуская крыніца»), магчыма ўзяць у рукі і прачытаць беларускую кнігу, паколькі існуе добры фонд беларускай літаратуры ў муніцыпальнай бібліятэцы імя М.В.Ламаносава ў г.Кішынёве. Кожны можа паўдзельнічаць у інтэрактыўных беларускамоўных спектаклях беларуска-малдаўскага этнічнага тэатра «Куфар». Штогод у рамках розных культурных мерапрыемстваў да нас прыязджаюць творчыя беларускія калектывы, якія прывозяць з сабой выдатныя беларускамоўныя праграмы. Таксама малдоўскі беларус мае магчымасць глядзець на роднай мове праграмы тэлеканала «Беларусь 24». І лішне казаць, што прастора Сеціва дае неабмежаваны доступ да любых беларускамоўных інтэрнэт-рэсурсаў.

Генеральны дырэктар Бюро міжэтнічных адносін Алег Бабенка з Ганнай Мазур

Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны 17 лістапада 1999 года на Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА з мэтай садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю ў свеце. Віншуем усіх суайчыннікаў з гэтым цудоўным святам і верым у тое, што наша родная мова абавязкова зойме свой пачэсны пасад у Рэспубліцы Беларусь!!!

Дык шануй, беларус, сваю мову — Гэта скарб нам на вечныя годы; За пашану радзімаму слову Ушануюць нас брацця-народы!

(Алесь Гарун, 1910)

З павагай, Ганна Мазур Старшыня Праўлення БКРМ